БУ́ЛЬЧЫК (Сяргей Сцяпанавіч) (23.11.1909, Мінск — 24.1.1996),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1959). Скончыў студыю БДТ-1 (1938). Працаваў у т-рах: Заслаўскім калгасна-саўгасным (з 1938), Пінскім (1939—41 і з 1947), Магілёўскім (1954—87) абласных драматычных. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Яго работы вызначаліся глыбокім псіхалагізмам, выразным вонкавым малюнкам, трапнымі дэталямі: Кручкоў («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Крыніцкі («Паўлінка» Я.​Купалы), дзед Бадыль, Гудовіч, Туляга («Партызаны», «З народам», «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Шкаляр («Несцерка» В.​Вольскага), Духонін («Гады навальнічныя» К.​Губарэвіча), дзед Цыбулька («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Кутузаў («Даўным-даўно» А.​Гладкова), Баптыста («Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра), Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.​Гальдоні) і інш.

С.С.Бульчык.

т. 3, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)