СТО́МА Здзіслаў Францавіч (17.8.1907, Мінск — 21.7.1992),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1961). Нар. арт. СССР (1968). Скончыў драм. студыю Польскага вандроўнага т-ра Беларусі (1929), працаваў у гэтым т-ры (1929, 1931—33), у т-рах Украіны (1935—36). З 1937 у Бел. т-ры юнага гледача, з 1940 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Вострахарактарны і камед. акцёр. Валодаў дасканалай пластыкай, багатай палітрай інтанацый, мімікі, жэста, здольнасцю да імправізацыі. Творчасць С. вызначалася жыццёвай верагоднасцю ў спалучэнні з яркім знешнім малюнкам ролі, выкарыстаннем гратэску. Стварыў самабытныя вобразы ў бел. рэпертуары: Быкоўскі, Пустарэвіч («Паўлінка» Я.​Купалы), Куторга («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Глушак («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа; Дзярж. прэмія Беларусі 1966), Лявон, Сенька-заіка («Лявоніха на арбіце», «Каб людзі не журыліся» А.​Макаёнка), Туляга, Караўкін («Хто смяецца апошнім», «Брама неўміручасці» К.​Крапівы), Бураўчык («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), дзед Савось, Іаахім («Адкуль грэх?», «Напісанае застаецца» А.​Петрашкевіча), Піліп Назараў («І змоўклі птушкі» І.​Шамякіна). Сац. аналіз і псіхал. неадназначнасць уласцівы ролям класічнага рэпертуару: Хлопаў («Рэвізор» М.​Гогаля), Белагубаў («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Епіходаў («Вішнёры сад» А.​Чэхава), Афанасій Мацвеевіч («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.​Дастаеўскага), Бенволіо, Пароль («Рамэо і Джульета», «Канец — справе вянец» У.​Шэкспіра), Глап’е («Тысяча франкаў узнагароды» В.​Гюго), Арлекін («Ілгун» К.​Гальдоні). З інш. роляў: Крысіп («...Забыць Герастрата!» Р.​Горына), Мішо («Уцёкі з ночы» бр. Тур), Маляр («Трэцяе жаданне» Б.​Блажака), доктар Камін («Зоркі вечныя» М.​Бора). Зняўся ў кінафільмах «Чырвонае лісце», «Міколка-паравоз», «Канстанцін Заслонаў», «Гадзіннік спыніўся апоўначы», «Я, Францыск Скарына», «Запомнім гэты дзень», «Белы цень» і інш., тэлефільмах «Руіны страляюць...», «Нас выбраў час» і інш.

Літ.:

Гаўрук Ю. Здзіслаў Стома // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;

Горобченко Т. Служение искусству // Неман. 1982. № 8;

Астапенка А. Нявольнік Мельпамены: Дак. аповесць пра народнага артыста СССР Здзіслава Стому. Мн., 1991.

В.​А.​Ракіцкі.

З.Ф.Стома.
З.Стома ў ролі пана Быкоўскага.

т. 15, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)