Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУПА́Н ((Lupan) Ганна Паўлаўна) (н. 12.9.1924, в. Мігулены Рэзінскага р-на, Малдова),
малдаўская пісьменніца. Сястра А.П.Лупана. Скончыла Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1960). Друкуецца з 1953. У аповесцях, кнігах апавяданняў «Дарога ў вёску» (1955), «Асеннія кветкі» (1960), «Нагаворнае зелле» (1964), «Вячэрні звон» (1970), раманах «Дзе твае ратаі, зямля?» (1961), «Трэція пеўні» (1966), «Знайсці сябе» (1972), «Абнаўленне» (1975), «Чорны колер чарэшні» (1977) актуальныя праблемы вёскі, вясковай інтэлігенцыі, падзеі Вял.Айч. вайны, іх уплыў на чалавечыя характары і лёсы. Аўтар драм. твораў «Кола часу» (1959), «Усё ў парадку» (1962). Піша для дзяцей. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Л.Дайнека, М.Татур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ЧАК (Алег Сяргеевіч) (18.9.1921, г. Бабровіца Чарнігаўскай вобл., Украіна — 7.5.1944),
удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Буйнакскае пях. вучылішча (1941). У 1941 пам. камандзіра ўзвода атрада «Смерць фашызму», з сак. 1942 камісар, з чэрв. 1943 камандзір партыз. атрада «Трэція», які дзейнічаў на тэр. Вілейскай, Віцебскай, Мінскай абл. і Літвы. Загінуў пры выкананні баявога задання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТА́НІЯ, Арсанія, Арта,
адзін з трох раннефеадальных цэнтраў Стараж. Русі 8—9 ст. Упамінаецца разам з Куявіяй (Кіеўская зямля) і Славіяй (наўгародскія, ці ільменскія, славяне) араб. і перс. географамі. Адны з даследчыкаў атаясамліваюць Артанію з тэр.антаў, другія — з Тмутараканню, трэція — з гарадамі Разань ці Чарнігаў. Ёсць меркаванне, што Артанія мае дачыненне да тэр. Беларусі і, магчыма, знаходзілася недзе на рацэ Рша (сучасная Аршыца, прыток Дняпра), на скрыжаванні падняпроўскіх гандл. шляхоў; арабскае напісанне Арсанія атаясамлівалі з Аршаніяй (ад Орша, Рша).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МПАРТ (англ. import ад лац. importo прывожу),
прывоз у краіну замежных тавараў, тэхналогій, паслуг (платнае карыстанне паслугамі замежных фірм), капіталаў (у форме крэдытаў ці займаў), каштоўных папер і інш. матэрыяльных каштоўнасцей для рэалізацыі (выкарыстання) на ўнутр. рынку, а таксама транзіту ў трэція краіны; расходы фіз. і юрыд. асоб, урада дадзенай краіны на набыццё тавараў і паслуг, зробленых у інш. краінах. Процілеглае значэнне — вываз тавараў, экспарт. Адрозніваюць І. бачны (увоз матэрыяльных каштоўнасцей); І. ускосны (І. камплектуючых вырабаў для машын, паўфабрыкатаў, абсталявання); І. нябачны (затраты на перавозку грузаў, пасажыраў, турызм, грашовыя пераводы і інш.). Структура І. вызначаецца асаблівасцямі прыродных умоў краіны, развіццём яе эканомікі і яе роляй у міжнар. раздзяленні працы. І. рэгулюецца нац. заканадаўствам, паліт.-прававымі абмежаваннямі, мытным тарыфам, сістэмай ліцэнзавання і інш. нетарыфнымі мерамі знешнеэканам. рэгулявання. Гл. таксама Знешнеэканамічныя сувязі, Знешні гандаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТА (ад лац. veto забараняю),
1) у дзяржаўным праве забарона, якая накладаецца адным органам дзярж. улады на рашэнне інш.дзярж. органа. Ін-т вета ўзнік у Стараж. Рыме. У феад. эпоху найб. вядомае т.зв. свабоднае вета — ліберум вета: у Рэчы Паспалітай у 17—18 ст. рашэнне сейма лічылася прынятым, калі за яго галасавалі ўсе дэпутаты. У сучасных дзяржавах права вета звычайна даецца кіраўніку дзяржавы ў адносінах да законаў, прынятых парламентам, ці верхняй палаце парламента ў адносінах да ніжняй яго палаты. Адрозніваюць абсалютнае вета, калі кіраўніку дзяржавы даецца права канчаткова адхіліць закон, і адноснае вета, калі адмаўленне кіраўніка дзяржавы санкцыяніраваць закон толькі прыпыняе набыццё ім сілы. У апошнім выпадку парламент мае права прыняць закон паўторным галасаваннем.
Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права адноснага вета дадзена Прэзідэнту. Закон, прыняты Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь або прыняты Палатай прадстаўнікоў у парадку, прадугледжаным Канстытуцыяй, падаецца ў дзесяцідзённы тэрмін Прэзідэнту на подпіс. Калі Прэзідэнт згодны з тэкстам закону, ён яго падпісвае. Калі Прэзідэнт не вяртае які-небудзь закон на працягу 2 тыдняў пасля таго, як ён яму быў пададзены, закон лічыцца падпісаным. Закон не лічыцца падпісаным і не набывае сілы, калі ён не мог быць вернуты ў Нац. сход у сувязі з заканчэннем сесіі. Пры нязгодзе з тэкстам закону Прэзідэнт вяртае яго са сваімі пярэчаннямі ў Палату прадстаўнікоў, якая павінна разгледзець закон з пярэчаннямі Прэзідэнта не пазней як за 30 дзён. Калі закон будзе прыняты Палатай прадстаўнікоў большасцю не менш за дзве трэція галасоў ад поўнага складу, ён разам з пярэчаннямі Прэзідэнта ў 5-дзённы тэрмін накіроўваецца ў Савет Рэспублікі, які таксама павінен разгледзець яго паўторна не пазней як за 20 дзён. Закон лічыцца прынятым, калі ён ухвалены большасцю не менш за дзве трэція галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі. Закон пасля пераадолення Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі пярэчанняў Прэзідэнта падпісваецца Прэзідэнтам у 5-дзённы тэрмін. Закон набывае сілу і ў тым выпадку, калі Прэзідэнт не падпіша яго ў гэты тэрмін.
2) Правам вета называецца таксама аднагалоснасці прынцып у ААН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХО́ЎНЫЯ ВЕ́РШЫ,
эпічныя і лірычныя песні на сюжэты старазапаветных, евангельскіх казанняў і міфаў, жыцій святых, рэліг. легенд, апокрыфаў. Выконвалі вандроўныя жабракі, лірнікі. Паэт. формай адны блізкія да былін, другія — да абрадавых песень, трэція — да малітваў. Былі пашыраны ва ўсіх слав. народаў. Першы запіс рус. Д.в. вядомы з 15 ст. У 1848 упершыню некалькі бел. Д.в. разам з рус. апублікаваў П.В.Кірэеўскі. Шмат іх сабралі П.А.Бяссонаў, П.В.Шэйн, Е.Р.Раманаў, М.Я.Нікіфароўскі, М.Федароўскі. Эпічныя Д.в. апавядалі пра стварэнне свету, страшны суд, Адама і Еву, Ісуса Хрыста, Лазара, Барыса і Глеба і інш. Лірычныя былі блізкія да малітваў, царк. песень, кантаў. Асабліва папулярнай была песня пра беднага Лазара і багатыра.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, ч. 1. С. 496—531;
Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць. Мн., 1967. С. 97—104.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕНЬ (? — каля 1316),
вялікі князь ВКЛ (каля 1295—1316). Звесткі пра паходжанне супярэчлівыя. Паводле адных крыніц, ён родам з Жамойціі, другія называюць яго сынам Трайдзеня, трэція выводзяць яго з роду смаленскіх князёў. Бел. гісторыкі 19 ст. М.В.Без-Карніловіч і А.Кіркор лічылі яго сынам полацкага князя Гердзеня. На думку храніста 14 ст. П.Дусбурга, Віцень — сын Лютувера, які атаясамліваецца з Будзівідам. Бацька або брат Гедзіміна. Змагаўся за адзінства дзяржавы, ваяваў супраць палякаў у 1291, 1293, 1296, 1306, 1307. Вёў барацьбу з крыжакамі Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. У 1298 заключыў саюз з Рыгай, што дало магчымасць адбіць крыжацкі наступ на Жамойцію. Як і Трайдзень, сяліў прусаў, якія ўцяклі ад ням. заваёўнікаў, на Гарадзеншчыне. У 1294 задушыў паўстанне жамойцкіх феадалаў, што схіляліся да саюзу з крыжакамі. Паводле позняга Васкрасенскага летапісу, уключыў у ВКЛБерасцейскую зямлю (1315). Загінуў ад удару перуна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАБЛІ́ВЫ ПУНКТу матэматыцы, 1) Асаблівы пункт крывой, зададзенай ураўненнем , пункт M0 (x0, y0), у якім роўныя нулю абедзве першыя частковыя вытворныя функцыі (напр., пачатак каардынат пункт 0). Асаблівы пункт бывае: двайны пры ўмове, што не ўсе другія частковыя вытворныя роўныя нулю; трайны, калі разам з першымі вытворнымі ператвараюцца ў нуль у пункце M0 і ўсе другія вытворныя, але не ўсе трэція вытворныя роўныя нулю; і гэтак далей.
2) Асаблівы пункт дыферэнцыяльнага ўраўнення — пункт, у якім адначасова роўныя нулю лічнік і назоўнік правай часткі ўраўнення
, дзе P і Q — неперарыўна дыферэнцавальныя функцыі (гл.Дыферэнцыяльныя ўраўненні). У залежнасці ад паводзін інтэгральных крывых у наваколлі Асаблівага пункта адрозніваюць: вузел, сядло, фокус, цэнтр і інш. 3) Асаблівы пункт. адназначнай аналітычнай функцыі — пункт, у якім парушаецца аналітычнасць функцыі (гл.Аналітычныя функцыі). Адрозніваюць асаблівы пункт ізаляваны (у наваколлі асаблівага пункта няма іншых асаблівых пунктаў), папраўны (ізаляваны асаблівы пункт з канечным лімітам
), полюс або неістотна асаблівы пункт (ізаляваны асаблівы пункт і
, істотна асаблівы пункт (ліміт не існуе). Для мнагазначных аналітычных функцый паняцце асаблівага пункта больш складанае. Кожны асаблівы пункт з’яўляецца перашкодай пры аналітычным прадаўжэнні ўздоўж крывой, якая праходзіць праз яго.
В.І.Громак.
Асаблівы пункт крывых: а, б — пачатак каардынат (пункт 0); в, г — вузел; д — сядло; е — фокус; ж — цэнтр.