Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА-ДЭ-ТРУА́ (франц. pas de trois літар. танец утраіх),
у балеце адна з разнавіднасцей класічнага ансамбля для 3 удзельнікаў. Мае кананічную структуру: выхад (антрэ), адажыо, варыяцыі кожнага з удзельнікаў, агульная кода. У 19 ст. мела пераважна дывертысментны (устаўны) характар. Абмалёўвала не гал. герояў, а іх сяброў і асяроддзе, эмац. атмасферу і інш. («Пахіта» Э.Дэльдэвеза, балетмайстар М.Петыпа; «Акіян і дзве жамчужыны» ці «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні, балетмайстар А.Горскі). Каб узмацніць дзейснасць харэаграфіі, сучасныя балетмайстры ўводзяць гал. герояў у па-дэ-труа класічных спектакляў («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, балетмайстар Ю.Грыгаровіч). У сучасных балетах танц. трыо звычайна маюць больш свабодную форму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРАРДО́Н ((Girąrdon) Франсуа) (17.3.1628, г.Труа, Францыя — 1.9.1715),
французскі скульптар, прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Труа, потым у Рыме ў Л.Берніні (да 1650), зазнаў уплыў барока. З 1657 чл. Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы (праф. з 1659). Майстар манум.-дэкар. скульптуры. Аўтар скульпт. груп («Апалон і німфы», 1666—76, «Выкраданне Празерпіны», 1699, і інш.) і дэкар. ваз для палаца і парку ў Версалі, грабніцы кардынала Рышэлье ў царкве Сарбоны (1675—94), коннай статуі Людовіка XIV на Вандомскай пл. ў Парыжы (1683—99; разбурана ў 1792), шэрагу партрэтных бюстаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА (франц. pas літар. крок),
танцавальная форма: 1) асобны выразны рух, які выконваецца адпаведна правілам класічнага танца; 2) танец у балеце; 3) шматчасткавая форма класічнага балета, у т. л.гран па, па-дэ-дэ, па-дэ-труа, па д’аксьён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРЭ́ [ад франц. entree уваход, выхад (на сцэну)],
1) у цырку — першапачаткова з’яўленне клоуна на манежы. У сучасным цырку сюжэтная, размоўная ці пантамімічная сцэнка, якую выконвае клоун. Складаецца з рэпрызаў, эксцэнтрычных і буфанадных трукаў, элементаў пародыі і пантамімы.
2) У балеце — уступная частка разгорнутага па-дэ-дэ (па-дэ-труа), выхад аднаго ці некалькіх выканаўцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТО́ГА ЛАЎРЭ́НЦІЯ РАКА́ (Saint Lawrence River). У Канадзе, часткова (ад воз. Антарыо да г. Корнуал) служыць мяжой паміж Канадай і ЗША; ажыццяўляе сцёк усёй сістэмы Вялікіх азёр, разам з імі з’яўляецца найважнейшым водным шляхам, які злучае ўнутр.ч. ЗША і Канады з Атл. акіянам (гл.«Святога Лаўрэнція» сістэма водных шляхоў). Даўж. ўласна ракі (выцякае з воз.Антарыо і ўпадае ў зал. Св. Лаўрэнція) каля 1200 км, даўж. ўсёй воднай сістэмы (ад вытокаў р. Сен-Луі, якая ўпадае ў воз. Верхняе) 3350 км. Пл.бас. 1290 тыс.км². Ніжэй г. Квебек рака ўтварае эстуарый даўж. каля 400 км, шыр. да 50 км. Асн. прытокі; Атава (злева), Рышэльё (справа). Ледастаў ад снеж. да красавіка. Азёрамі і плацінамі сцёк ракі зарэгуляваны. Сярэдні расход вады 7,8 тыс.м³/с. Марскія прылівы да г.Труа-Рыўер, каля г. Квебек выш. да 5,5 м. Рака Рышэльё злучае С.Л.р. з р. Гудзон. На ўчастку паміж воз. Антарыо і г. Манрэаль каскад гідравузлоў з вадасховішчамі, найб.ГЭС Мозес (выкарыстоўваецца ЗША і Канадай). На рацэ найб. гарады і парты: Кінгстан, Корнуал, Манрэаль, Сарэль, Труа-Рыўер, Квебек (Канада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАНДРЫ́, Ла Верандры (La Vérendrye) П’ер Гацье дэ Варэн (17.11.1685, Труа-Рыўер, цяпер у межах г. Квебек, Канада — 5.12.1749), франка-канадскі падарожнік, даследчык Канадскага Захаду Паўн. Амерыкі. У пошуках воднага шляху да Ціхага ак. і з мэтай скупкі пушніны на працягу 1731—48 разам з сынамі здзейсніў некалькі падарожжаў, у выніку якіх адкрыў і даследаваў шэраг канадскіх азёр, у т. л. Вініпег, Манітоба, Вініпегосіс, і рэк іх басейнаў, сярод якіх Саскачэван і сярэдняе цячэнне р. Місуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. variatio змяненне),
1) у агульных выпадках — відазмяненне, разнавіднасць чаго-небудзь.
2) У музыцы — складаная частка варыяцыйнай формы, якая ўяўляе сабой відазмяненне тэмы.
3) У балеце — невял., але тэхнічна складаны і кампазіцыйна развіты класічны танец. Звычайна частка па-дэ-дэ, па-дэ-труа, гран-па і інш.; могуць мець і самаст. значэнне. Служаць элементамі характарыстыкі дзейнай асобы, выяўляюць эмац. стан героя, маюць значэнне прамога выказвання.
4) У матэматыцы — малое змяненне аргумента (незалежнай пераменнай) або функцыянала; асн. паняцце варыяцыйнага злічэння.
5) У астраноміі — перыядычная змена скорасці руху Месяца па арбіце, абумоўленая гравітацыйным дзеяннем Сонца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́НА (Seine),
рака на Пн Францыі. Даўж. 776 км, пл.бас. 78,6 тыс.км². Вытокі на плато Лангр, цячэ ў шырокай даліне па раўнінах Парыжскага бас., рэчышча звілістае, асабліва ніжэй Парыжа. Упадае ў бухту Сены праліва Ла-Манш, утварае эстуарый. Асн. прытокі: Об, Марна, Уаза (справа), Іона, Эр (злева). Жыўленне пераважна дажджавое. Найб. ўзроўні зімой і ў канцы лета. Сярэдні расход вады ў Парыжы 250 м³/с, каля вусця — да 500 м³/с. У ніжнім цячэнні С. зазнае ўплыў марскіх прыліваў. Суднаходная ад г.Труа (часткова па абвадным канале). Марскія судны падымаюцца да г. Руан (125 км ад вусця). Злучана каналамі з рэкамі Шэльда, Маас, Рэйн, Сона, Луара і інш. На С. — гарады Парыж (цягнецца ўздоўж С. амаль на 50 км), Руан; у эстуарыі марскі аванпорт Парыжа — Гаўр. Набярэжная С. ў Парыжы з помнікамі архітэктуры ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬФРАМ ФОН Э́ШЭНБАХ (Wolfram von Eschenbach; каля 1170, г. Эшэнбах, цяпер г. Вольфрамэшэнбах, зямля Баварыя, Германія — 1220),
нямецкі паэт. Паходзіў з баварскага рыцарскага роду. Служыў пры двары ландграфа Германа Цюрынгскага. Заваяваў прызнанне як мінезінгер. Ён верыў у высокае маральнае прызначэнне рыцарства, яго ўзнёслы дух, таму на першы план у творчасці ставіў маральныя праблемы, пошукі шляхоў да духоўнай сталасці і дасканаласці. Гал. твор — манументальны рыцарскі раман у вершах «Парцыфаль» (каля 1198—1210, выд. 1783; да 25 тыс. вершаваных радкоў; опера Р.Вагнера «Парцыфаль», 1882), які з’яўляецца самаст. перапрацоўкай няскончанага рамана франц. трубадура Крэцьена дэ Труа «Персеваль, ці Аповесць пра Грааль» (каля 1181—91) і ўваходзіць у цыкл раманаў пра пошукі св. Грааля з паданняў пра караля Артура, ці раманаў Круглага стала. Св. Грааль у асэнсаванні Вольфрама фон Эшэнбаха — сімвал чалавечнасці і духоўнасці, шлях да яго — шлях чалавека да Бога. У рамане «Вілегальм» (паміж 1212—18; не завершаны), які грунтуецца на гіст. падзеях 7 ст., апяваецца мужнасць у імя веры і айчыны, высокае каханне і дружба.
Тв.:
Рус.пер. — Парцифаль // Средневековый роман и повесть. М., 1974.
Літ.:
Пуришев Б.И. Вольфрам фон Эшенбах // История немецкой литературы. М., 1962. Т. 1.