ВАРЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. variatio змяненне),
1) у агульных выпадках — відазмяненне, разнавіднасць чаго-небудзь.
2) У музыцы — складаная частка варыяцыйнай формы, якая ўяўляе сабой відазмяненне тэмы.
3) У балеце — невял., але тэхнічна складаны і кампазіцыйна развіты класічны танец. Звычайна частка па-дэ-дэ, па-дэ-труа, гран-па і інш.; могуць мець і самаст. значэнне. Служаць элементамі характарыстыкі дзейнай асобы, выяўляюць эмац. стан героя, маюць значэнне прамога выказвання.
4) У матэматыцы — малое змяненне аргумента (незалежнай пераменнай) або функцыянала; асн. паняцце варыяцыйнага злічэння.
5) У астраноміі — перыядычная змена скорасці руху Месяца па арбіце, абумоўленая гравітацыйным дзеяннем Сонца.
т. 4, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)