СЕ́НА (Seine),

рака на Пн Францыі. Даўж. 776 км, пл. бас. 78,6 тыс. км². Вытокі на плато Лангр, цячэ ў шырокай даліне па раўнінах Парыжскага бас., рэчышча звілістае, асабліва ніжэй Парыжа. Упадае ў бухту Сены праліва Ла-Манш, утварае эстуарый. Асн. прытокі: Об, Марна, Уаза (справа), Іона, Эр (злева). Жыўленне пераважна дажджавое. Найб. ўзроўні зімой і ў канцы лета. Сярэдні расход вады ў Парыжы 250 м³/с, каля вусця — да 500 м³/с. У ніжнім цячэнні С. зазнае ўплыў марскіх прыліваў. Суднаходная ад г. Труа (часткова па абвадным канале). Марскія судны падымаюцца да г. Руан (125 км ад вусця). Злучана каналамі з рэкамі Шэльда, Маас, Рэйн, Сона, Луара і інш. На С. — гарады Парыж (цягнецца ўздоўж С. амаль на 50 км), Руан; у эстуарыі марскі аванпорт Парыжа — Гаўр. Набярэжная С. ў Парыжы з помнікамі архітэктуры ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 14, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)