АНХАЦЭ́РКА

(Onchocerca),

род чарвей класа нематод. Выклікаюць акхацэркозы. Пашыраны ўсюды.

Цела нітка- ці воласападобнае, даўж. ў самцоў да 30 см, у самак да 1 м. Палаваспелыя паразітуюць у злучальных тканках, лічынкі (мікраанхацэркі) — у скуры. Для далейшага развіцця лічынкі павінны трапіць у мошак ці макрацоў. Праз 8—18 сутак мікраанхацэркі дасягаюць стадыі інвазійных лічынак. Развіццё паразіта адбываецца 7—8 мес. Жывёлы заражаюцца паблізу месцаў размнажэння.

т. 1, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСТСЕ́ЛЕР

(англ. best seller),

найбольш ходкая кніга, якая выдадзена вялікім тыражом і карыстаецца павышаным попытам. Тэрмін узнік у ЗША у канцы 19 ст. Поспех бестселера абумоўлены найперш рэкламай, дзе стаўка робіцца на стэрэатыпы масавай свядомасці, сучасную моду, прэстыжнасць або забароненасць (гл. «Масавая літаратура»). Сярод такога роду л-ры звычайна пераважаюць дэтэктывы, фантастычна-прыгодніцкія і любоўныя раманы, хоць у разрад бестселераў могуць трапіць і творы сур’ёзнай л-ры (напр., Біблія, якая выдаецца на 253 мовах свету). Спісы бестселераў рэгулярна друкуюцца ў буйных перыяд. выданнях Зах. Еўропы і ЗША.

т. 3, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНІ́ДАШ,

Гнедаш Кузьма Савельевіч (30.11.1914, в. Салагубаўка Сумскай вобл., Украіна — 19.6.1944), удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае ваен. танк. вучылішча (1940). У Чырв. Арміі з 1936. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну камандзір аператыўна-дыверсійнага цэнтра разведаддзела штаба 1-га Бел. фронту. Групы пад яго камандаваннем у тыле ворага ў 1943—44 вялі разведку і дыверсійную работу ў раёне Слуцка, Баранавіч, Кобрына, Мінска, Асіповіч, Пінска, Лунінца, Брэста, на тэр. Кіеўскай і Чарнігаўскай абл. Каля Слоніма частка групы была акружана карным атрадам, цяжка паранены маёр Гнідаш і радыстка К.Т.Давідзюк, каб не трапіць у палон, падарвалі сябе гранатай.

т. 5, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНІБА́Л

(Hannibal; 247 ці 246 да н.э., Карфаген — пач. 183 да н.э.),

карфагенскі палкаводзец і дзярж. дзеяч. Сын Гамількара Баркі. Удзельнічаў у ваен. кампаніях бацькі, у заваяванні карфагенянамі іберыйскіх плямён. З 225 камандаваў карфагенскай конніцай у Іспаніі, у 221 галоўнакаманд. карфагенскай арміяй. У 219 Ганібал напаў на саюзны рымлянам г. Сагунт, чым справакаваў 2-ю Пунічную вайну (218—201). У 218 перайшоў Альпы, атрымаў шэраг перамог у бітвах пры рэках Тыцына, Трэбія (218), каля Тразіменскага возера (217), пры Канах (216). У 202 у бітве пры г. Зама (Паўн. Афрыка) войска Ганібала разгромлена рымлянамі. У 201—195 правіў Карфагенам. Вымушаны пакінуць радзіму (западозраны рымлянамі ў падрыхтоўцы новай вайны), з 195 быў ваен. саветнікам асірыйскага цара Антыёха III. Каб не трапіць у рукі да рымлян, прыняў яд.

Літ.:

Кораблев И.Ш. Ганнибал. Ростов н/Д, 1997.

т. 5, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛА́ВІНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1707—09,

антыфеадальнае сялянска-казацкае паўстанне пад кіраўніцтвам К.А.Булавіна (1671—1708) на Доне, у Паволжы і ў суседніх з імі раёнах. Непасрэдным штуршком да Булавінскага паўстання стала імкненне рас. ўрада вярнуць з Пд беглых сялян памешчыкам. У ноч на 9.10.1707 атрад паўстанцаў з 200 чал. на чале з Булавіным знішчыў каля Шульгінскага гарадка на р. Айдар частку карнікаў Ю.У.Далгарукага. Паўстанне хутка пашырылася ўверх па цячэнні Дона, да яго далучыліся казацкая галота і сяляне Тамбоўскага і Казлоўскага пав., Левабярэжнай і Слабадской Украіны. 1.5.1708 Булавін заняў Чаркаск, дзе 9.5.1708 яго выбралі атаманам «усевялікага войска Данскога». Яго атаманы І.Паўлаў, І.Някрасаў, Л.Хахлач авалодалі Дзмітрыеўскам і Царыцынам, асадзілі Саратаў. На Северскім Данцы і ў Слабадской Украіне паспяхова змагаліся атрады С.Дранага, М.Голага, С.Бяспалага. Для задушэння Булавінскага паўстання ўрад стварыў спец. армію (32 тыс. чал.) пад камандаваннем В.У.Далгарукага. У ліп. 1708 Булавін асадзіў Азоў, але не авалодаў ім. У гэты час былі разбіты атрады Дранага і інш. Вярхі казацтва, незадаволеныя няўдачамі, арганізавалі змову супраць Булавіна. Каб не трапіць у палон, ён застрэліўся. Асобныя атрады паўстанцаў змагаліся да пач. 1709. Царскі ўрад жорстка задушыў Булавінскае паўстанне. Дон страціў незалежнасць.

Літ.:

Буганов В. Булавин. М., 1988;

Лебедев В.И. Булавинское восстание (1707—1708). М., 1967. З.І.Каршакова.

т. 3, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)