А́НДРЫЧ ((Andrycz) Ніна) (н. 11.11.1915, Брэст),

польская актрыса. Скончыла Ін-т тэатр. мастацтва ў Варшаве (1935). Працуе ў варшаўскім «Тэатры Польскім». Яркі тэмперамент актрысы найб. поўна раскрыўся ў ролях рамант. рэпертуару. Яе мастацтву ўласцівыя тонкасць псіхал. аналізу, трагічная глыбіня вобразаў; лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Жанна («Святая Іаанна» Б.​Шоу), Хімена і Ізабэла Лэнцкая («Лялька» паводле Б.​Пруса).

т. 1, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУНО́,

воўна авечкі, астрыжаная суцэльным пластом; таксама воўнавае покрыва авечкі перад стрыжкай. Складаецца з пучкоў (шпатэляў у танкарунных, пасмаў у грубашэрсных авечак), па якіх ацэньваюць якасць воўны (даўжыня, тонкасць, пакручастасць). Р. здымаецца ў танкарунных, паўтанкарунных, таксама пры веснавой стрыжцы ў грубашэрсных, паўгрубашэрсных парод авечак (іх асенняя і паяркавая воўна Р. не ўтварае, падзяляецца на асобныя кавалкі). Рунная воўна больш каштоўная за кускавую.

А.​А.​Козыр.

т. 13, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́НГАЎ (сапр. Ружнікаў) Міхаіл Фёдаравіч

(3.11.1900, Варшава — 20.4.1965),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1955). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1920. Працаваў у Маскоўскім т-ры Рэвалюцыі (1925—27 і 1930—41), з 1945 у т-ры імя Я.​Вахтангава. Яго выканальніцкай манеры ўласцівыя філас. глыбіня, псіхал. тонкасць, эмацыянальнасць. З лепшых роляў: Гай («Мой сябар» М.​Пагодзіна), Маціяс Клаўзен («Перад захадам сонца» Г.​Гаўптмана), Гамлет (аднайм. п’еса У.​Шэкспіра). З 1933 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1950, 1951.

т. 2, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭНТЫЛЕ́СКІ ((Gentileschi) Арацыо) (сапр. Ломі; Lomi; хрышчаны 9.7.1563, г. Піза, Італія — 7.2.1638),

італьянскі жывапісец; адзін з прадстаўнікоў італьян. караваджызму. Брат і вучань мастака-маньерыста А.​Ломі. З 1576 працаваў у Рыме, а таксама ў Генуі, Турыне, Парыжы, з 1626 — у Лондане, пры двары Карла I. Творам Дж. (у якіх выразна адчуваецца ўплыў ранняй творчасці М.​Караваджа) уласцівы лірычная сузіральнасць, свабода кампазіцыйных рашэнняў, тонкасць святлоценявых пераходаў і вытанчанасць светлавога каларыту («Св. Цэцылія»; «Благавешчанне», 1621—23; «Лютністка» і інш.).

А.​Джэнтылескі. Давід з галавой Галіяфа. Каля 1610.

т. 6, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЫ́МСКІЯ (Gierymscy),

польскія жывапісцы, браты. Ураджэнцы Варшавы. Вучыліся ў Школе прыгожых мастацтваў у Варшаве і АМ у Мюнхене. Максімілян (15.10.1846 — 16.9.1874). Яго жанрава-пейзажным кампазіцыям уласцівыя тонкасць назіранняў, лірычнасць («Пахаванне гараджаніна», 1868—69; «Паўстанцкі патруль», каля 1873, і інш.). Аляксандр (30.1.1850 — 8.3.1901). У сваіх творах адлюстраваў пераважна карціны жыцця горада: «Яўрэйскае свята» (1884), «Рабочыя пясчанага кар’ера» (1887) і інш. Выкарыстоўваў эфекты асвятлення. У пач. 1880-х г. прыйшоў да імпрэсіянізму («У альтанцы», 1882, «Мора», 1890).

Літ.:

Тананаева Л.И. А.​Герымский. М., 1962.

Да арт. Герымскія. А.​Герымскі. Мора. 1890.

т. 5, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТС ((Kits) Эльмар) (27.4.1913, г. Тарту, Эстонія — 24.3.1972),

эстонскі жывапісец. Нар. маст. СССР (1971). Скончыў Вышэйшую маст. школу «Палас» у Тарту (1939). У 1940—41 выкладаў у Вышэйшай маст. школе ў Тарту, у 1944—49 у Таргускім маст. ін-це. Працаваў у тэматычнай карціне, пейзажы, нацюрморце, партрэце. Творчасці ўласцівы свабодная жывапісная манера і тонкасць каларыстычных вырашэнняў: «Згарэлы горад» (1943), «Начная хабанера» (1944), «Кемскі парог» (1955—56), аўтапартрэт (1956), «Паводка ў Валгаметсе» (1960), трыпціх «Музыка, балет, выяўленчае мастацтва» (1961—62), «Будаўнікі», «У.​І.​Ленін» (абодва творы 1969, Дзярж. прэмія Эстоніі 1970) і інш.

Э.Кітс. Кемскі парог. 1955.

т. 8, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЦАЛІ ((Gozzoli) Беноца) (сапр. ды Лезе ды Сандра; di Lese di Sandro; 1420, г. Фларэнцыя, Італія — 1497),

італьянскі жывапісец эпохі ранняга Адраджэння. Вучыўся ў Л.Гіберці і Анджэліка. Працаваў у Фларэнцыі, Пізе і інш. гарадах Італіі. У вял. фрэскавых цыклах (сцэны з жыцця св. Аўгусціна ў царкве Сант-Агасціна ў Сан-Джыміньяна, 1463—67; фрэска «Шэсце вешчуноў» у капэле палаца Медычы-Рыкардзі ў Фларэнцыі, 1459) спалучаў паэт.-казачную, па сутнасці свецкую трактоўку сюжэтаў і тонкасць жывога назірання з «дывановасцю» кампазіцыі, умоўнасцю прасторавых вырашэнняў, дэкар. маляўнічасцю каларыту.

Літ.:

Padoa Rizzo A. B.Gozzoli pittore fiorentino. Firenze, 1972.

Б.Гоцалі. Фрэска «Шэсце вешчуноў» у капэле палаца Медычы-Рыкардзі ў Фларэнцыі. Фрагмент. 1459.

т. 5, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАМАРО́Ў (Мікалай Афанасьевіч) (17.2.1918, г. Шахты Растоўскай вобл., Расія — 1997),

расійскі графік. Нар. маст. Расіі (1968). Нар. маст. СССР (1977). Правадз. чл. АМ СССР (1973). Вучыўся ў Маскоўскім маст. ін-це (1940—50), з 1949 выкладаў у ім. У 1973—88 старшыня праўлення Саюза мастакоў СССР. У 1991—92 прэзідэнт АМ СССР. Творам уласцівы тонкасць каларыту, выразная рытміка буйных каляровых плоскасцей, архітэктанічная яснасць кампазіцыі: серыі «Шахцёры Данбаса» (1949—50), «Паўночны В’етнам» (1957, 1958), «Па Індыі» (1961), «Дарогі да Асуана» (1966—67), «Ветразі Падмаскоўя» (1969), «На Доне» (1980—81). Дзярж. прэмія СССР 1951.

М.Панамароў Шахцёры Хан-гая. З серыі «Паўночны В’етнам». 1957.

т. 12, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІБЕ́РЦІ ((Ghiberti) Ларэнца) (каля 1378, г. Фларэнцыя, Італія — 1.12.1455),

італьянскі скульптар і ювелір эпохі Ранняга Адраджэння. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі. На пач. творчасці захоўваў гатычную арнаментальнасць і ювелірную тонкасць трактоўкі формаў. Пад уплывам Данатэла, Ф.Брунелескі і інш. стварыў рэльефы на купелі баптыстэрыя ў Сіене (1417—27), усх. (т.зв. Райскіх) дзвярэй фларэнційскага баптыстэрыя з шматфігурнымі кампазіцыямі на біблейскія сюжэты (1425—52). Віртуознае валоданне матэрыялам, выкарыстанне найтанчэйшых градацый рэльефу надаюць яго творам мяккую жывапіснасць, прасторавую глыбіню, вытанчанасць лінейных рытмаў. Аўтар трактата «Каментарыі» (1447—55; пра італьян. мастацтва).

Літ.:

Ghiberti e la sua arte nella Firenze... Firenze, 1979.

Л.Гіберці. Ахвяра-прынашэнне Ісаака. Рэльеф усходніх (Райскіх) дзвярэй баптыстэрыя ў Фларэнцыі. 1425— 52.

т. 5, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎСЦІГНЕ́ЕЎ (Яўген Аляксандравіч) (9.10.1926, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 4.3.1992),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Ніжагародскае тэатр. вучылішча (1951) і Школу-студыю МХАТ (1956; з 1983 праф. у ёй). У 1957—70 у Маск. т-ры «Сучаснік». З 1971 у МХАТ (з 1989 у МХАТ імя А.​Чэхава). Яго мастацтву ўласцівы тонкасць псіхал. аналізу, трапнасць сац.-быт. характарыстыкі персанажа, разнастайнасць фарбаў (ад лірыкі да едкага сарказму): Кароль («Голы кароль» Я.​Шварца), Серабракоў, Фірс, Шабельскі («Дзядзька Ваня», «Вішнёвы сал», «Іванаў» Чэхава), Пётр Хромаў («Сталявары» Г.​Бокарава, Дзярж. прэмія СССР 1974). З 1957 здымаўся ў кіна- і тэлефільмах: «Сцеражыся аўтамабіля», «Бег», «Старыя-разбойнікі», «Дзямідавы», «Па сямейных абставінах», «Месца сустрэчы змяніць нельга», «Семнаццаць імгненняў вясны» і інш.

т. 6, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)