БАБА́НАВА (Марыя Іванаўна) (11.11.1900, Масква — 4.4.1983),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1954). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1920 у Т-ры РСФСР 1-м (пазней Т-р імя У.​Меерхольда). У 1927—80 у Маскоўскім т-ры імя У.​Маякоўскага. Лірычная актрыса, майстар тонкага псіхал. малюнка ролі: Паліна («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Гога («Чалавек з партфелем» А.​Файко), Джульета («Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), Дзіяна («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Таня («Таня» А.​Арбузава). Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 2, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НЕ ((Line) Велта) (н. 28.8.1923),

латышская актрыса. Нар. арт. Латвіі (1964). Нар. арт. СССР (1973). Вучылася ў драм. студыях Нар. т-ра і Т-ра драмы ў Рызе. З 1945 актрыса Латв. т-ра драмы імя Упіта. Лепшыя ролі: Кайва («Гліна і фарфор» А.​Грыгуліса), Зента, Жанна д’Арк, Ліена («Сын рыбака», «Жанна д’Арк»; «Зямля зялёная» А.​Упіта), Дэздэмона, Афелія («Атэла», «Гамлет» У.​Шэкспіра), Маргарыта Гацье («Дама з камеліямі» паводле А.​Дзюма-сына), Ніна Зарэчная («Чайка» А.​Чэхава), Таня («Таня» А.​Арбузава) і інш. Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1948, 1951.

т. 9, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЗДО́ВА (Лілія Сцяпанаўна) (н. 12.6.1927, г. Байрам-Алі, Туркменія),

бел. і рус. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1953), нар. арт. Расіі (1971). Скончыла Бел. тэатр. ін-т (1950). Працавала ў Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Выконвала ролі маладых гераінь. Яе знешнія даныя, сцэн. абаяльнасць, мяккасць, творчая індывідуальнасць спрыялі ўвасабленню на бел. сцэне нац. характару: Алена («Салавей» З.​Бядулі), Дуня («Простая дзяўчына» К.​Губарэвіча), Насця («Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы, Дзярж. прэмія СССР 1952; і ў фільме-спектаклі). З інш. роляў: Таня («Таня» А.​Арбузава), Галя («У добры час!» В.​Розава), Ніна Зарэчная («Чайка» А.​Чэхава). Знялася ў фільмах-спектаклях «Паўлінка», «Несцерка», «Хто смяецца апошнім». З 1957 у Ніжагародскім драм. т-ры імя М.​Горкага.

т. 6, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЙЦ (Ніна Мікалаеўна) (11.1.1912, Баку — 7.12.1983),

бел. актрыса. Скончыла дзярж. драм. курсы пры Бел. тэхнікуме сцэн. мастацтва (1932) і да 1971 працавала ў Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Яе гераіні — простыя жанчыны, натуральныя, жыццёвыя, каларытныя: Бабка («Салавей» З.​Бядулі), Куліна («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Аўгіння («На крутым павароце» К.​Губарэвіча), Бабка («Таня» А.​Арбузава), Бальзамінава («Жаніцьба Бальзамінава» А.​Астроўскага) і інш.

т. 5, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБУ́ЗАЎ (Аляксей Мікалаевіч) (26.5.1908, Масква — 20.4.1986),

рускі драматург. Скончыў тэатр. школу ў Ленінградзе. Працаваў у тэатрах Ленінграда і Масквы. Аўтар п’ес «Далёкая дарога» (1935), «Таня» (1938), «Горад на світанні» (1941), «Іркуцкая гісторыя» (1959), «Казкі старога Арбата» (1970), «Старамодная камедыя» (1975), «Пераможніца» (1983) і інш. У творах тонка спалучае псіхалагізм з лірызмам, жыццёвую дакладнасць з рамантычнай узнёсласцю, вастрыню сюжэтных калізій з вольнай кампазіцыяй п’есы. Дзярж. прэмія СССР 1980.

т. 1, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМАДЗЯМ’Я́НСКАЯ (Зоя Анатолеўна) (Таня; 13.9.1923, с. Асінавыя Гаі Гаўрылаўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 29.11.1941),

Герой Сав. Саюза (1942). У кастр. 1941 вучаніца 10-га кл. 201-й маск. школы К. добраахвотна ўступіла ў знішчальны партыз. атрад. У ліст. 1941 у час выканання баявога задання ў варожым тыле схоплена гітлераўцамі ў в. Пятрышчава Верайскога р-на Маскоўскай вобл. і пасля жорсткіх катаванняў павешана.

Літ.:

Космодемьянская Л. Повесть о Зое и Шуре. М., 1966.

т. 8, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБА́НАЎ (Андрэй Міхайлавіч) (10.8.1900, Масква — 18.2.1959),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1947). Скончыў школу 2-й студыі МХАТ (1922). У т-ры з 1924. У 1930—40-я г. рэжысёр Тэатра-студыі пад кіраўніцтвам Р.​Сіманава, у інш. т-рах. У 1945—56 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя М.​М.​Ярмолавай. Выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (з 1948 праф.). Пастаноўкі класічных твораў («Вішнёвы сад» А.​Чэхава, 1934; «Шалёныя грошы» А.​Астроўскага, 1945; «Дачнікі», 1949, «Дасцігаеў і іншыя», 1952, М.​Горкага) адметныя нечаканасцю, сучаснай трактоўкай канфлікту, сатыр. вастрынёй, яркай камедыйнасцю. Рэжысура сучасных п’ес вылучалася стрыманасцю, прастатой агульнага тону «Таня» А.​Арбузава (1939), «Старыя сябры» Л.​Малюгіна (1946) і інш. Дзярж прэмія СССР 1946.

Літ.:

Блок В. Репетиции Лобанова. М., 1962.

т. 9, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТКО́ВІЧ (Лізавета Іванаўна) (н. 18.3.1947, в. Сімакава Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. актрыса. Скончыла Магілёўскае культ.-асв. вучылішча (1967), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1976). З 1967 актрыса Магілёўскага абл. драм. т-ра, з 1978 — Т-ра юнага гледача Беларусі. Яе творчасці ўласцівы лірычнасць і псіхалагізм. Сярод лепшых роляў: у Магілёўскім т-ры — Вольга («Апошнія суніцы ў жніўні» А.​Дзялендзіка), Глашка («Трывога» А.​Петрашкевіча), Таня («Развітанне ў чэрвені» А.​Вампілава), Лэйдзі Торэнс («Арфей спускаецца ў пекла» Т.​Уільямса), Ганначка («На бойкім месцы» А.​Астроўскага); у Т-ры юнага гледача — маці Бэмбі («Бэмбі» Ф.​Зальтэна, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980), Каралева («У краіне ліліпутаў» паводле Дж.​Свіфта), маці Я.​Купалы («Калыска чатырох чараўніц» У.​Караткевіча), Турусіна, Аграфена Кандратаўна («На кожнага мудраца хапае прастаты», «Свае людзі — паладзім» Астроўскага), Нянька («Антыгона» паводле Ж.​Ануя і Сафокла).

Р.​І.​Баравік.

т. 8, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЙФУ́ЛІНА (Лідзія Мікалаеўна) (3.4.1889, пас. Верхнеўвельскі Чэбаркульскага р-на Чэлябінскай вобл., Расія — 25.4.1954),

руская пісьменніца. Скончыла Вышэйшыя пед. курсы ў Маскве (1920). Працавала бібліятэкарам, настаўніцай, актрысай. У апавяданнях, аповесцях «Чатыры главы», «Ноеў каўчэг», «Перагной» (усе 1922), «Вірынея» (1924; інсцэніравана з В.​Праўдухіным, у 1925; аднайм. опера створана ў 1967 кампазітарам С.​Сланімскім, фільм у 1969), «Сустрэча» (1925) і інш. ломка вясковага побыту пасля 1917, змены ў псіхалогіі жанчын. Аповесць «Правапарушнікі» (1922) пра беспрытульнікаў. Пра Вял. Айч. вайну аповесць «На сваёй зямлі» (1946). Аўтар п’ес «Спадарожнікі» (паст. 1932), «Наташа» (1937), «Сын» (1947, апубл. 1959), кн. «Пра літаратуру» (1958), успамінаў і інш. На бел. мову асобныя яе творы пераклалі М.​Байрашэўская, П.​Місько і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1968—69;

Соч. Т. 1—2. М., 1980;

Бел. пер. — Правапарушнікі. Мн., 1930;

Таня. Мн., 1937.

Літ.:

Лидия Сейфуллина в воспоминаниях современников. М., 1961;

Яновский Н.Н. Лидия Сейфуллина. 2 изд. М., 1972.

т. 14, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКО́Ў (Барыс Іванавіч) (н. 30.5.1937, г. Балахна Ніжагародскай вобл., Расія),

бел. жывапісец і мастак тэатра. Засл. дз. маст. Беларусі (1991). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1964), у 1969—73 выкладаў у ім. У 1964—69 мастак Бел. рэсп. т-ра юнага гледача, дзе аформіў спектаклі «Яны і мы» Н.​Далінінай, «Варшаўскі набат» В.​Карастылёва, «Зорка Венера» М.​Алтухова і Б.​Бур’яна, «Вялікі канспіратар» А.​Кузняцова і інш. У Магілёўскім абл. драм. т-ры аформіў «Каварства і каханне» Ф.​Шылера і «Мільянерка» Б.​Шоу. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Сярод твораў: «Яблыня» (1974), «У майстэрні» (1975), «Рака», «Таня» (абодва 1976), «Атака», «Чорны грузд» (абодва 1979), «Лазневы дзень» (1981), «У Сяргеевічах» (1982), «Вяртанне дадому» (1983), «Карміліца» (1985), «Восень у садах вёскі, якая знікла», (1988), «Хлеб» (1991), «У канцы стагоддзя» (1991—98); серыі «Поры года» (1980—84), «Падлетак» (1986—88); трыпціх «Дарогі, па якіх ніхто не ходзіць» (1987—91), партрэты бел. і рус. вучоных для залы пасяджэнняў НДІ глебазнаўства і аграхіміі ў Мінску (1982) і інш.

т. 7, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)