ГАРА́Ж (франц. garage ад garer ставіць пад навес, схаваць),
памяшканне (або комплекс збудаванняў) для захоўвання, тэхн. абслугоўвання і бягучага рамонту аўтамабіляў. Адрозніваюць гаражы для грузавых, легкавых і спец. аўтамабіляў, аўтобусаў, а таксама мяшаныя. Гаражы бываюць наземныя, паўпадземныя і падземныя; адно- і шматпавярховыя, у т. л. гаражы-этажэркі (без абмежавальных сцен). Расстаноўка аўтамабіляў тупіковая і праматочная; адна- і шматрадная. Спец. гаражы выкарыстоўваюць для захоўвання трактароў і інш. самаходных машын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЎДЗЕ́ЛЬНІЦТВА,
наўмысны сумесны ўдзел дзвюх ці больш асоб ва ўчыненні наўмыснага злачынства. Саўдзельнікамі злачынства побач з выканаўцамі прызнаюцца арганізатары, падбухторшчыкі і памагатыя. Выканаўцам прызнаецца асоба, якая арганізавала злачынства або кіравала яго ўчыненнем, або асоба, якая непасрэдна ўчыняе злачынства або непасрэдна ўдзельнічае ў ім сумесна з інш. асобамі, або ўчыняе злачынства праз выкарыстанне інш. асоб, якія не падлягаюць паводле закону крымін. адказнасці або ўчынілі злачынства па неасцярожнасці. Арганізатарам (кіраўніком) прызнаецца асоба, якая арганізавала злачынства або кіравала яго ўчыненнем, або асоба, якая стварыла арганізаваную групу (злачынную арг-цыю) ці кіравала імі. Падбухторшчыкам прызнаецца асоба, што схіляла інш. асобу да ўчынення злачынства. Памагатым прызнаецца асоба, якая садзейнічала ўчыненню злачынства парадамі, указаннямі, прадстаўленнем інфармацыі або прылад і сродкаў учынення злачынства, устараненнем перашкод або аказаннем інш. дапамогі, або асоба, якая загадзя абяцала схаваць злачынцу, сляды злачынства або прадметы, набытыя злачынным шляхам, або асоба, якая загадзя абяцала набыць ці збыць такія прадметы. Адказнасць арганізатара, падбухторшчыка і памагатага настае па тым жа арт. Асаблівай часткі Крымін. кодэкса Рэспублікі Беларусь, што і выканаўцы. За дзеянні, што ўчынены выканаўцам і не ахопліваюцца намерам саўдзельнікаў, інш. саўдзельнікі крымін. адказнасці не нясуць. Саўдзельнікі нясуць павышаную адказнасць, калі злачынства ўчынена групай асоб, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў яго ўчыненні, або арганізаванай групай, або злачыннай арг-цыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́ЕРБАХ (Feuerbach) Людвіг Андрэас (28.7.1804, г. Ландсгут, Германія — 13.9.1872),
нямецкі філосаф. Вучыўся ў Гейдэльбергскім ун-це, скончыў Берлінскі ун-т (1828). З 1828 прыват-дацэнт Эрлангенскага ун-та. У 1830 ананімна апублікаваў кн. «Думкі аб смерці і бессмяротнасці», дзе абвяргаў ідэю бессмяротнасці душы. Аўтарства Ф. было высветлена, і яго пазбавілі права выкладаць. У 1836 перасяліўся ў в. Брукберк (Цюрынгія), дзе пражыў каля 25 гадоў. З 1870 чл.с.-д. партыі. Погляды Ф. прайшлі эвалюцыю ад младагегельянства (гл.Гегельянства) да матэрыялізму. Характэрная рыса матэрыялізму Ф. — антрапалагізм: на яго думку, чалавек — адзіны, універсальны і найвышэйшы прадмет філасофіі, які ўяўляе сабой псіхафіз. адзінства душы і цела, матэрыяльны аб’ект і адначасова мыслячы суб’ект. Дух і цела чалавека Ф. разглядаў як 2 бакі адной рэальнасці — арганізма; лічыў, што цела ў сваёй цэласнасці складае сутнасць чалавека, а духоўны пачатак не можа быць аддзелены ад цялеснага. У процівагу гегелеўскай філасофіі сцвярджаў, што філасофія і рэлігія — узаемавыключальныя тыпы светаразумення. Прычыну ўзнікнення рэліг. уяўленняў бачыў у залежнасці, абмежаванасці, бяссіллі чалавека ў адносінах да непадуладных яго волі стыхій і сіл. Стварэнне вобразаў багоў звязваў з імкненнем людзей схаваць сваё бяссілле ў народжаных фантазіяй надзеях і суцяшэннях. На яго думку, рэлігія паралізуе здольнасці чалавека да ўдасканалення жыцця ў рэальным свеце («Сутнасць хрысціянства», 1841; «Сутнасць рэлігіі», 1846). Падкрэсліваў сувязь рэлігіі і ідэалізму і рэзка крытыкаваў ням. класічны ідэалізм і яго вяршыню — філасофію Г.Гегеля («Да крытыкі філасофіі Гегеля», 1839). У тэорыі пазнання паслядоўна адстойваў эмпірызм і матэрыяліст.сенсуалізм, выступаў супраць агнастыцызму. Філас. погляды Ф. паслужылі асновай для развіцця марксізму і філасофскай антрапалогіі.