СУДО́ВА-ПСІХІЯТРЫ́ЧНАЯ ЭКСПЕРТЫ́ЗА,

від судовай экспертызы, асн. задача якой вызначэнне псіхічнага стану абвінавачанага ці падазронага (калі існуе сумненне ў яго свядомасці), дзеяздольнасці сведкі, пацярпелага, істца, адказчыка. Праводзіцца паводле пастановы суда або асоб, якія вядуць дазнанне ці следства, з прыцягненнем адпаведных спецыялістаў у стацыянарных або амбулаторных умовах.

т. 15, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬКА БАРЫ́САВІЧ,

князь полацкі 13 ст. Упамінаецца ў «Гісторыі Расійскай» рас. гісторыка 18 ст. В.​М.​Тацішчава пад 1217—18 як сын полацкага кн. Барыса Давыдавіча і брат Вячкі. Разам з апошнім атрымаў ад бацькі ў трыманне Дзвінскую воласць (землі па Зах. Дзвіне). Пад 1218 упамінаецца як полацкі князь. Некаторыя гісторыкі ставяць пад сумненне верагоднасць звестак Тацішчава.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗЯСЛА́Ў ВАСІ́ЛЬКАВІЧ,

князь полацкага роду Ізяславічаў у 12 ст. Адзін з герояў «Слова аб палку Ігаравым», дзе гаворыцца пра яго гераічную гібель у баі з літоўцамі. Дзедам І.В. названы кн. Усяслаў Брачыславіч. На падставе «Слова...» некат. даследчыкі лічаць, што І.В. быў князем у Гарадзені, які часам атаясамліваецца з сучасным Гроднам. Адзіны герой «Слова...», які не ўпамінаецца ў летапісах, што ставіць пад сумненне яго гіст. сапраўднасць.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 7, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВО́Д у судаводстве,

адхіленне суддзі (засядацеля) ад удзелу ў разглядзе пэўнай справы ў сувязі з яго асабістай зацікаўленасцю ў выніку справы або па інш. абставінах, якія выклікаюць сумненне ў непрадузятасці. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае таксама адвод пракурору, следчаму, асобе, якая вядзе дазнанне, сакратару суд. пасяджэння, эксперту, спецыялісту, перакладчыку, панятому, калі яны асабіста, прама ці ўскосна, зацікаўлены ў выніках справы. Правілы адводу садзейнічаюць усебаковаму, поўнаму і аб’ектыўнаму даследаванню акалічнасцяў справы і прыняццю правільнага рашэння.

І.​І.​Пацяружа.

т. 1, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРЭ́ЖАЎ,

старажытны горад Полацкай зямлі. Упершыню ўпамінаецца ў летапісах пад 1127—28 у сувязі з паходамі кааліцыі паўд.-рус. князёў на Полацкую зямлю «... а Всеволоду Олговичю провеле ити с своею братею на Стрежев к Борисову». Іпацьеўскі летапіс называе гэты горад яшчэ раз пад 1159: «Рогволод ... а Всеволоду да Стрежев». Аднак С. пакуль не лакалізаваны. Адны даследчыкі атаясамлівалі яго з в. Стрыжава Бешанковіцкага р-на. Аднак рэшткі ўмацаванага паселішча часоў Кіеўскай Русі тут не выяўлены. Другія шукалі С. на месцы сучаснага г.п. Стрэшын Жлобінскага р-на. У ім даследаваны 2 археал. помнікі 12 ст. Але гэты населены пункт размешчаны далёка ад паўд. мяжы Полацкай зямлі, што ставіць пад сумненне існаванне тут летапіснага С.

Г.​М.​Семянчук.

т. 15, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЁЛЕР (Wöhler) Фрыдрых (31.7.1800, Эшэрсгайм, каля г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 23.9.1882),

нямецкі хімік. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1853). Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1823). З 1836 праф. у Гётынгенскім ун-це. Навук. працы па арган. і неарган. хіміі. Ажыццявіў перагрупоўку цыянату амонію ў мачавіну (рэакцыя Вёлера, 1828) — першы сінтэз прыроднага арган. рэчыва з неарган., здзейснены па-за жывым арганізмам. Даследаванні Вёлера паставілі пад сумненне правільнасць уяўлення аб «жыццёвай сіле» (гл. Віталізм). Вызначыў формулу бензойнай к-ты, пры даследаванні яе вытворных адкрыў радыкал бензаіл, што пацвердзіла тэорыю радыкалаў (разам з Ю.Лібіхам, 1832). Атрымаў метал. алюміній, берылій, ітрый, карбід кальцыю і з яго ацэтылен.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 4, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРА́ЛКІН Генадзь Васілевіч (н. 12.2.1942, г. Ленінагорск, Казахстан),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Старшыня Саюза мастакоў Беларусі з 1990. Працуе ў галіне манум. і станковай скульптуры. Асн. тэмы ўзятыя з нар. жыцця, знітаваныя з памяццю гісторыі, нац. паданнямі. Творы вызначаюцца манументальнасцю, філасафічнасцю вобразаў, вытанчанасцю формаў: манумент шахцёрскай славы ў Салігорску (1976), мемарыяльны знак у гонар 850-годдзя Гродна (1978), станковыя кампазіцыі «Песня пратэсту» (1977), «Вясна Перамогі» (1978), «Уз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі» (1979), «Яблынька» (1981), шэраг жаночых партрэтаў (1980-я г.), «Памяці В.​Хары» (1987), «Музыка» (1990), «Двое», «Сын зямлі» (абодва 1991), «Лясное возера» (1992), «Кастусь Каліноўскі», «Белая Ганча», «Сумненне» (усе 1993), «Вяртанне белага анёла», «Сымон-музыка», «Адам і Ева» (усе 1994), «Скок» (1995), серыя «Прысвячэнне П.​Пікаса» (1996). Афармленне інтэр’ераў драм. тэатра (у сааўт.) і Дома грамадз. абрадаў у Гродне (1970-я г.).

Г.​А.​Фатыхава.

Г.Буралкін. Яблынька. 1981.

т. 3, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУТАГО́РСКАЯ БІ́ТВА 13 ст., Койданаўская бітва, бітва паміж войскамі ВКЛ і татарамі каля Крутагор’я (Койданава, цяпер г. Дзяржынск Мінскай вобл.). Ў саюзе з татарамі выступалі галіцкія князі Даніла і Васілька Раманавічы. Татары і іх саюзнікі былі разбіты. Розныя гісторыкі храналагічна адносяць бітву да 1241, 1249, 1272 і 1276. Паводле падання, тат. войскамі камандаваў хан Койдан (Кайдан), які тут быў забіты і пахаваны, а таму Крутагор’е перайменавана ў Койданава. Аднак шэраг летапісаў не ўпамінае імя Койдана, іншыя сведчаць, што ў гэтыя часы адбыўся паход на Навагрудак, арганізаваны ханам Заволжскай арды Балаклаем (Булаклай) супраць вял. кн. ВКЛ Скірмунта. Іпацьеўскі, Супральскі, Нікіфараўскі і Слуцкі летапісы (16 ст.) упамінаюць імя Койдана, але не звязваюць яго з бітвай пад Крутагор’ем. Позні час напісання гіст. крыніц (праз 2—3 ст. пасля падзеі), упамінанне ў іх міфічных асоб, шмат супярэчнасцей даюць падставу некат. гісторыкам ставіць пад сумненне верагоднасць К.б.

А.​І.​Валахановіч.

т. 8, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАТЛА́НДСКАЯ ШКО́ЛА,

кірунак у філасофіі Вялікабрытаніі 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. Заснавальнік — Т.​Рыд. Яе прадстаўнікі (Дж.​Освальд, Дж.​Біты, Д.​Сцюарт, Дж.​Макінташ, У.​Гамільтан) імкнуліся стварыць філасофію «цвярозага розуму» ў якасці альтэрнатывы саліпсізму Д.​Юма і суб’ектыўна-ідэаліст. суджэнням Дж.​Берклі. У процівагу абстрактна-тэарэт. вучэнням гэтых філосафаў яны абвясцілі асн. катэгорыяй філасофіі «цвярозы розум» як пэўную суму непарушных ісцін, крыніцай якіх з’яўляецца непасрэдная унутр. верагоднасць, што бярэ свой пачатак ад самога Бога, таму што дзякуючы яму яна стала неабходнай часткай чалавечай прыроды. Прадстаўнікі Ш.ш. ставілі пад сумненне навук. характар філасофіі, распрацоўвалі сістэму доказаў існавання Бога, душы, мэтазгоднасці ўсяго існага і адначасова абаранялі ад нападкаў суб’ектыўнай філасофіі філас. палажэнне аб існаванні незалежнага ад свядомасці матэрыяльнага свету. Асн. месца ў іх філас. канцэпцыі належыць сцвярджэнню існавання відавочных рэліг. і маральных ісцін, што крытыкаваліся філосафамі-матэрыялістамі.

В.​І.​Боўш.

т. 17, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНШТЭ́ЙН (Berstein) Эдуард (6.1.1850, Берлін — 18.12.1932),

нямецкі сацыял-дэмакрат, адзін з лідэраў Інтэрнацыянала 2-га. У сваіх працах пад агульнай назвай «Праблемы сацыялізму» (1896—98) крытыкаваў сістэму марксізму. У філасофіі адмовіўся ад матэрыялізму, абвясціўшы неабходнасць вяртання да філасофіі І.​Канта. Выступіў супраць матэрыяліст. дыялектыкі, якую атаясамліваў з дыялектыкай Г.​Гегеля. У галіне сац.-паліт. навук ставіў пад сумненне асн. палажэнні «Капітала» К.​Маркса — тэорыю вартасці, вучэнне пра крызісы, пра збядненне нар. масаў, сац.-эканам. асновы рэвалюцыі, адмаўляў навук. сацыялізм, лічачы яго толькі этычным ідэалам. На аснове сцвярджэнняў, што пралетарыят не здольны арганізаваць вытворчасць, а пралет. рэвалюцыя можа прывесці толькі да хаосу і разбурэння вытв. сіл, адхіляў вучэнне Маркса пра рэвалюцыю, класавую барацьбу і дыктатуру пралетарыяту, супрацьпастаўляючы яму праграму рэформаў і кампрамісаў з буржуазіяй.

Тв.:

Рус. пер. — Проблемы социализма и задачи социал-демократии. М., 1901;

Социализм и демократия в Великой английской революции. М.;

Пг., 1924;

Возможен ли научный социализм? М., 1991.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)