СТРЭ́ЖАЎ,

старажытны горад Полацкай зямлі. Упершыню ўпамінаецца ў летапісах пад 1127—28 у сувязі з паходамі кааліцыі паўд.-рус. князёў на Полацкую зямлю «... а Всеволоду Олговичю провеле ити с своею братею на Стрежев к Борисову». Іпацьеўскі летапіс называе гэты горад яшчэ раз пад 1159: «Рогволод ... а Всеволоду да Стрежев». Аднак С. пакуль не лакалізаваны. Адны даследчыкі атаясамлівалі яго з в. Стрыжава Бешанковіцкага р-на. Аднак рэшткі ўмацаванага паселішча часоў Кіеўскай Русі тут не выяўлены. Другія шукалі С. на месцы сучаснага г.п. Стрэшын Жлобінскага р-на. У ім даследаваны 2 археал. помнікі 12 ст. Але гэты населены пункт размешчаны далёка ад паўд. мяжы Полацкай зямлі, што ставіць пад сумненне існаванне тут летапіснага С.

Г.​М.​Семянчук.

т. 15, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)