СВЯЧЭ́ННЕ НАЧНО́ГА НЕ́БА,

сумарны эфект сукупнасці светлавых з’яў, якія назіраюцца на фоне начнога неба і вызначаюць яго яркасць у ясную бязмесячную ноч. Складаецца з уласнага свячэння верхняй атмасферы, эпізадычна — святла палярнага ззяння, а таксама сумарнага выпрамянення зорак, міжзорнага газу, задыякальнага святла, проціззяння.

т. 14, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ЧЫ АБ’ЁМ поршневага рухавіка ўнутранага згарання,

аб’ём, які вызваляецца поршнем у цыліндры пры перамяшчэнні поршня ад пункта найменшага да пункта найб. аб’ёму. Роўны здабытку плошчы поршня на даўжыню яго ходу. Выражаецца ў кубічных метрах, літрах ці кубічных сантыметрах. Сумарны Р.а. усіх цыліндраў рухавіка наз. літражом рухавіка.

т. 13, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗАЁМІСТАСЦЬ транспартнага сродку,

сумарны аб’ём памяшканняў (судна, вагона, самалёта, аўтамабіля і інш.) для размяшчэння грузаў. Вымяраецца ў кубічных метрах. Тэарэтычна вызначаецца па абводах грузавых памяшканняў. У суднаў адрозніваюць таксама зерневую (для сыпкіх грузаў), стосавую (для штучных грузаў) і грузаёмістасць для вадкіх грузаў. Удз. грузаёмістасць — аб’ём (або плошча) грузавых памяшканняў на адзінку грузападымальнасці.

т. 5, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАВЫ́ АБАРО́Т прамысловага прадпрыемства,

сумарны кошт усіх відаў прадукцыі, вырабленай за справаздачны перыяд. Акрамя валавой прадукцыі ўключае ўнутрызаводскі абарот — вырабы і паўфабрыкаты, выкарыстаныя на вытворчасць гатовай прадукцыі ўнутры прадпрыемства. Афіц. статыстыкай не ўлічваецца. Выкарыстоўваецца на прадпрыемствах для ацэнкі вытв. дзейнасці, а найчасцей пры значных зменах унутр. структуры прадпрыемства — падзеле яго на некалькі самастойных ці аб’яднанні некалькіх прадпрыемстваў у адно.

т. 3, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАДКАМЕ́Р,

прылада для вымярэння колькасці і інтэнсіўнасці ападкаў. Уяўляе сабой дажджамернае вядро прыёмнай плошчай 200 см² з ахоўнай планкавай агароджай. Устанаўліваецца на выш. 2 м над зямлёй. Назіранні вядуцца 2 разы ў суткі і пасля ападкаў. Выкарыстоўваюцца таксама сумарны ападкамер — цыліндр, у якім вада пакрываецца плёнкай тэхн. масла, каб пазбегнуць выпарэння, і ападкамер з тэрмастатамі (цвёрдыя ападкі пераводзіць у вадкія).

Ападкамер Траццякова.

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́ННЫ СЦЁК,

вынас цякучымі водамі з вадазбору хім. злучэнняў, якія знаходзяцца ў вадзе ў выглядзе іонаў і складаюць асн. масу раствораных солей (кальцыю Ca​2+, магнію Mg​2+, натрыю Na​+, калію K​+, гідракарбанату HCO3​− карбанату CO3​2-, сульфату SO4​2-, хлору Cl​−) на працягу пэўнага часу. Велічыня І.с. выражаецца ў тонах (т/сут, т/мес, т/год). Сумарны І.с. у акіян 5,4 млрд. т/год.

т. 7, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЛЬТЫПЛІКА́ТАР у эканоміцы,

каэфіцыент, які характарызуе сувязь паміж павелічэннем (змяншэннем) інвестыцый і зменай велічыні даходу. Інвестыцыйны М. — уздзеянне капіталаўкладанняў вузкай накіраванасці на сумарны даход (невял. інвестыцыі праз эфект М. могуць аказваць уздзеянне на ўсю эканоміку, таму што паслядоўна закранаюць розныя яе галіны). Дэпазітны (крэдытны) М. — павышанае ўздзеянне невял. змен у банкаўскіх дэпазітах на грашовую масу і аб’ём крэдытавання праз шматразовае выкарыстанне адных і тых жа грошай у банкаўскай сістэме і на крэдытных рынках. Выкарыстоўваецца разам з акселератарам.

т. 11, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЕРГІ́ЗМ, сінергія (ад грэч. synergeia супрацоўніцтва, садружнасць),

камбінаванае ўздзеянне 2 або некалькіх рэчываў на арганізм (сістэму), агульны эфект якога большы за сумарны эфект уздзеяння кожнага з кампанентаў паасобку.

Рэчывы, што праяўляюць С., наз. сінергістамі, напр., лек. рэчывы — адрэналін і атрапін, якія выклікаюць расшырэнне зрэнак, праяўляльныя рэчывы ў фатаграфіі — метол і гідрахінон. У некат. выпадках С. назіраецца пры дзеянні сумесі актыўнага рэчыва з практычна неактыўным, напр., неактыўная аскарбінавая кіслата ўзмацняе антыакісляльнае дзеянне многіх фармацэўтычных антыаксідантаў, у хіміі яе сумесь з аксідам жалеза Fe2O3 выкарыстоўваюць для стабілізацыі палімераў.

т. 14, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМАГНІ́ЧАНАСЦЬ вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе магнітны стан рэчыва ў знешнім магнітным полі. Н. J→ вызначаецца формулай: J = dp→m / dV , дзе dp→m — магнітны момант фізічна малога аб’ёму рэчыва dV. Н. наз. аднароднай у межах аб’ёму V, калі ва ўсіх яго пунктах вектар аднолькавы па модулі і напрамку, г. зн. J→ = p→m / V , дзе p→m — сумарны магн. момант рэчыва аб’ёмам V Н. цел залежыць ад напружанасці знешняга магн. поля, т-ры і магн. уласцівасцей цела, яго формы і арыентацыі ў полі (гл. Парамагнетызм, Ферамагнетызм). У ферамагнетыкаў залежнасць J→ ад напружанасці магн. поля выражаецца крывой намагнічвання (гл. Намагнічванне, Гістэрэзіс). Адзінка Н. ў СІ — ампер на метр (А/м).

т. 11, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЙСМАГРА́МА (ад грэч. seismos ваганне, землетрасенне + ...грама),

бесперапынны запіс сейсмічных ваганняў з дапамогай сейсмографа. Найб. пашырана тэхніка запісу на фотапаперы светлавым промнем, таксама выконваецца на закуранай паперы вастрыём пяра, на паперы пяром з чарнілам і інш. У сейсмалогіі па С. вызначаюць момант набліжэння сейсмічных хваль, вуглы іх выхаду на зямную паверхню, амплітуды і перыяды розных тыпаў хваль, што дазваляе вызначыць каардынаты і інтэнсіўнасць землетрасенняў, вывучаць унутр. будову Зямлі. У сейсмічнай разведцы па С. вызначаюць сумарны час распаўсюджвання сейсмічных ваганняў (ад месца іх узбуджэння да адбівальнай ці пераламляльнай мяжы і назад да месца іх рэгістрацыі), форму запісу ваганняў, іх амплітуды, паводле інтэрпрэтацыі якіх вызначаюць глыбіню залягання, характар геал. межаў і некат. параметры горных парод.

В.​Я.​Клюц.

т. 14, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)