ГРЭ́ЙДЭР-ЭЛЕВА́ТАР,

землярыйна-транспартная машына для зразання грунту і перамяшчэння яго ў насып (дамбу), адвал або ў трансп. сродак. Выкарыстоўваецца пры буд-ве насыпаў з бакавых рэзерваў, малых каналаў, распрацоўцы выемак, раскрыўных кар’ерных, планіровачных работах і інш. Прадукцыйнасць да 1600 м³/гадз.

Бываюць прычапныя (да гусенічнага трактара), паўпрычапныя і самаходныя; з дыскавым плугам і перпендыкулярна размешчаным (адносна падоўжнай восі машыны) нахіленым транспарцёрам (элеватарам); з плоскім (прамым) нажом і дыяганальна размешчаным транспарцёрам. Кіраванне рабочым органам — мех. або гідраўлічнае, прывод транспарцёра — ад задніх хадавых колаў, вала адбору магутнасці трактара або асобнага рухавіка.

І.​І.​Леановіч.

Паўпрычапны грэйдэр-элеватар: 1 — нож; 2 — рухавік стужачнага транспарцёра; 3 — стужачны транспарцёр.

т. 5, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́НКЕРНАЯ ЎБО́РАЧНАЯ МАШЫ́НА тарфяная,

машына для збірання фрэзернага торфу з валкоў і транспартавання яго да месца складзіравання ў штабялях. Выкарыстоўваецца пераважна машына МТФ-43А, якой збіраецца торф на паліва, для брыкетавання ці патрэб сельскай гаспадаркі.

Складаецца са скрэпера, каўшовага элеватара, бункера з рухомым дном у выглядзе пласціністага або скрэпернага канвеера, гусенічнай цялежкі, трансмісіі (перадае вярчэнне ад вала трактара да каўшовага элеватара і канвеера дна бункера). Прадукцыйнасць 2 га/гадз, рабочая скорасць 7,8 км/гадз, ёмістасць бункера 17 м³ (мадыфікацыі бункернай ўборачнай машыны могуць мець і інш. ёмістасць). Сезонная прадукцыйнасць 12—25 тыс. т паветрана-сухога фрэзернага торфу. На Беларусі з дапамогай бункерных уборачных машын збіраецца больш за 95% фрэзернага торфу.

Б.​Л.​Багатаў.

Бункерная ўборачная машына МТФ-43А: 1 — стужачны або скрабалкавы канвеер; 2 — бункер; 3 — каўшовы элеватар; 4 — скрэпер.

т. 3, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ГІ,

прылада для вымярэння масы цела па ўздзеянні на яго сілы цяжару; прылада для вымярэння фіз. велічынь, што характарызуюцца сілай або момантам сілы. Найб. пашыраны рычажныя вагі, прынцып дзеяння якіх засн. на законах раўнавагі рычага; спружынныя — на Гука законе. У электронных вагах мерай вагі цела з’яўляюцца эл. велічыні (сіла току або напружанне). Гідраўлічныя вагі па сваёй будове падобныя на гідраўлічны прэс. Адлік паказанняў праводзяць па манометры, які праградуіраваны ў адзінках масы.

Паводле прызначэння адрозніваюць метралагічныя ўзорныя (для праверкі гіраў), лабараторныя (вагі аналітычныя, мікрааналітычныя, прабірныя і інш.) і агульнага прызначэння, паводле прынцыпу дзеяння — рычажныя (напр., шалі, бязмен), квадрантавыя, спружынныя, электронныя, гідрастатычныя (гл. Гідрастатычнае ўзважванне) і гідраўлічныя (пнеўматычныя); па найб. мяжы ўзважвання вагі агульнага прызначэння падзяляюць на настольныя (да 50 кг), перасоўныя (да 6 т), стацыянарныя (аўтамабільныя, вагонныя, бункерныя і інш.; да 200 т).

П.​А.​Пупкевіч.

Вагі: а — аўтамабільныя; б — электрамеханічныя канвеерныя; 1 — узмацняльнік; 2 — сілавымяральнік; 3 — рама грузапрымальнага прыстасавання; 4 — ролікавыя апоры; 5 — стужачны транспарцёр; 6 — датчык тахометра; 7 — электронны блок.

т. 3, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)