ніжняя частка будынкаў ці збудаванняў, якая перадае нагрузку грунтам. Глыбіня Ф. залежыць ад інж.-геал. і гідралагічных умоў, канструкцыйных асаблівасцей будынкаў і збудаванняў, глыбінь прамярзання пучыністых грунтоў, размыву (для гідратэхн. збудаванняў). Ф. робяць з жалезабетону, бетону, бута-бетону, каменю, бутавага каменю, цэглы-жалезняку і дрэва.
Ф. падзяляюцца на масіўна-суцэльныя пад усім збудаваннем; стужачныя пад суцэльныя сцены; адзіночныя (слупавыя) пад калоны; каробчатыя — пад вышынныя дамы; рамныя для апор прамысл. установак; Ф. складкавага тыпу ці з абалонак у выглядзе цел вярчэння пад асобныя апоры, калоны і высокія збудаванні; Ф. — блокі маставых апор, плацін, доменных і коксавых печаў, веж, помнікаў, станкоў і інш.; палевыя. Паводле спосабу вырабу Ф. бываюць зборныя з гатовых блокаў, маналітныя і зборна-маналітныя. Да Ф. глыбокага залажэння звычайна адносяцца канструкцыі, якія апускаюцца па меры вымання грунту з-пад ніжніх частак. Да іх належаць апускныя калодзежы, кесоны і цыліндрычныя абалонкі. Утвораныя поласці запаўняюцца бетонам, муроўкай, жвірам і пяском ці выкарыстоўваюцца для розных падземных збудаванняў. Палевыя Ф. робяцца з забіўных ці набіўных паляў. Забіўныя палі робяць на заводах ці палітонах і потым апускаюць у грунт адным са спосабаў: забіўкай, вібрацыяй, падмывам, закручваннем, зацісканнем ці камбінацыяй іх. Набіўныя палі ствараюцца непасрэдна ў грунце на месцы праектнага становішча: утвараюць шчыліны ў грунце і запаўняюць бетонам.
Ю.А.Сабалеўскі, Дз.Ю.Сабалеўскі.
Фундаменты: а — стужачны зборны; б — перакрыжаваны; в — зборны; г — слупкаваты: 1 — слуп з бетонных блокаў; 2 — жалезабетонная фундаментальная бэлька; 3 — кладка сцяны.