у сярэдневяковай Іспаніі вышэйшае духоўнае і свецкае дваранства. Займалі высокія дзярж. пасады, карысталіся вял. прывілеямі і былі вызвалены ад падаткаў. З 16 ст. гранды — спадчынны дваранскі тытул (адменены ў 1931).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАДЭРМІ́Т (ад нейра... + дэрма + ...іт),
хранічны дэрматоз, які суправаджаецца свербам і ліхенізацыяй (ушчыльненнем скуры, узмацненнем яе малюнка, парушэннем пігментацыі). Бывае алергічны, нейрагенны, спадчынны. Пры Н. ўзнікае прыступападобны сверб скуры, асабліва ноччу, пасля нерв. хваляванняў і інш. Часцей пашкоджваецца скура на патыліцы, шыі, локцевых, падкаленных згібах, перадплеччах. Лячэнне тэрапеўт., ванны з марской соллю, лек. травамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОРД (англ. lord гаспадар),
1) першапачаткова ў сярэднія вякі ў Англіі феад. землеўладальнік; пазней (з 14 ст.) спадчынны тытул членаў палаты лордаў брыт. парламента (пэраў, да 19 ст. выключна з прадстаўнікоў вышэйшай феад. знаці). З 1958 манарх прызначае таксама пажыццёвых (няспадчынных) Л.
2) Састаўная частка назвы некаторых пасад у Вялікабрытаніі (напр., Л.-канцлер — старшыня палаты лордаў, лорды-мэры Лондана і інш. буйных гарадоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАМІ́КСІС (ад апа... + грэч. mixis змяшэнне),
спосаб бясполага размнажэння раслін і жывёл; утварэнне зародка без апладнення. Бывае пастаянны, спадчынны, або выпадковы, няспадчынны. Яго можна выклікаць эксперыментальна — фіз.-хім. ўздзеяннямі (індуцыраваны апаміксіс). Пры апаміксісе зародак можа ўтварацца з неаплодненай яйцаклеткі (партэнагенез), з клетак зарастка або зародкавага мяшка (апагамія), з клетак спарафіта (апаспарыя), з саматычных клетак семязавязі — нуцэлуса, інтэгументаў (адвентыўная эмбрыянія). Апаміксіс ў форме партэнагенезу вядомы ў чарвей, насякомых, рыб, паўзуноў. Розныя формы апаміксісу выяўлены амаль ва ўсіх групах расліннага свету. Выкарыстоўваюць у селекцыі, напр. для спадчыннага замацавання гетэрозісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЫГМАТЫ́ЗМ (ад а... + грэч. stigmē пункт),
1) у оптыцы — адна з геаметрычных аберацый аптычных сістэм, пры якой відарысы прадметаў размываюцца; вынік асіметрыі аптычнай сістэмы або падзення пучка святла пад вял. вуглом да гал. аптычнай восі. Пры астыгматызме пучок прамянёў, што выходзіць са святлівага пункта, пасля праходжання праз аптычную сістэму збіраецца на 2 узаемна перпендыкулярныя адрэзкі прамой, якія размешчаны на некаторай адлегласці адзін ад аднаго. Прамежкавыя відарысы пункта маюць выгляд эліпсаў. У складаных аб’ектывах астыгматызм выпраўляецца падборам лінзаў.
2) Астыгматызм вока — недахоп зроку, абумоўлены нераўнамернасцю крывізны рагавіцы, радзей хрусталіка. Пры астыгматызме прамяні не збіраюцца ў асобную кропку на сеткавай абалонцы вока, а адлюстроўваюцца ў выглядзе кружка, авала ці лініі. Прыроджаны астыгматызм вока амаль не змяняецца на працягу жыцця; бывае спадчынны. Набыты астыгматызм узнікае пасля аперацый на вочным яблыку, запаленняў, траўмаў і інш. Пры астыгматызме карыстаюцца акулярамі з цыліндрычнымі лінзамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГА́ЙСКАЯ АРДА́,
у 15—16 ст. дзяржаўнае ўтварэнне нагайцаў і інш. качавых цюркамоўных плямён на тэр. ад Паўн. Прыкаспія і Прыаралля да рэк Тура і Кама і ад Волгі да р. Іртыш. Вылучылася з Залатой Арды ў канцы 14 — пач. 15 ст., канчаткова аформілася ў 1440-я г. Яе ядро склалі цюркамоўныя плямёны мангытаў і кунгратаў, якія ў 2-й пал. 13 ст. ўваходзілі ў склад арды цемніка Нагая і ад яго імя ў 2-й пал. 15 ст. пачалі наз. нагаямі (нагайцамі). Цэнтр — г. Сарайчык у вусці р. Яік (цяпер р. Урал). Узначальваў Н.А. спадчынны (у парадку радавога старшынства) князь. Падзялялася на паўсамаст. улусы на чале з мірзамі. Грамадскі лад — феадалізм з моцнымі элементамі хатняга нявольніцтва. Асн. заняткі насельніцтва — качавая жывёлагадоўля і гандаль жывёлай. У 2-й пал. 16 ст. НА. распалася на некалькі самаст.дзярж. утварэнняў: Нагаі Вялікія і Малыя, Алтыулская арда і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДАР (Таіса Мікалаеўна) (н. 20.2.1945, г.п. Рудзенск Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі пед.ін-т замежных моў (1967). Настаўнічала. З 1981 у час. «Беларусь». Друкуецца з 1970. У паэт. зб-ках «Захапленне» (1974), «Акно ў восень» (1977), «Святочны снег» (1981, уключае вянок санетаў «Радасць»), «Спадчынны боль» (1987, вершы і паэма «Мы родам з вайны»; раздзел «Кніга песень» змяшчае паэмы-песні паводле матываў нар. легенд), «Адна» (1989), «Хачу назваць цябе каханым» (1991), «Час душы, мой час вячэрні...» (1995) трывожны роздум над таямнічасцю жаночай душы, лёсам і шчасцем жанчыны, светлыя і трагічныя ноты, «летуценні пра... недасяжны свет». Зб-кі апавяданняў і аповесцяў «Сінія яблыкі» (1984), «Час, калі нас любілі» (1988), «Паветраны замак на дваіх» (1990) прысвечаны праблемам сучаснай сям’і, адказнасці перад людзьмі і часам, спасціжэнню сэнсу жыцця. Партрэт Ефрасінні Полацкай і яе драматычнай эпохі стварыла ў рамане «Спакуса» (1989). Раман «Ахвяры» (1992) пра складаныя перыпетыі жыцця ахвяраў культу асобы і іх нашчадкаў, якіх хвалюе не лёс Айчыны, а свой інтарэс. Пераклала на бел. мову з малдаўскай зб. лірыкі Г.Віеру «Імя тваё» (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕ́ТЫКА МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,
раздзел генетыкі чалавека, які вывучае спадчынныя хваробы, прычыны іх узнікнення, шляхі пашырэння, метады папярэджання, дыягностыкі і лячэння, ролю спадчынных структур у развіцці інш. хвароб, а таксама зваротны ўплыў паталагічных фактараў і знешняга асяроддзя на спадчынны апарат чалавека. Выкарыстоўвае метады агульнагенет. і спец. (блізнятны, генеалагічны, цытагенет., біяхім., папуляцыйна-статыстычны і інш.).
Генетыка медыцынская пачала развівацца ў пач. 20 ст., калі былі сфармуляваны асн. палажэнні тэорый мутацыі, храмасомнай, папуляцыйнай і эвалюцыйнай спадчыннасці, устаноўлены яе матэрыяльныя носьбіты. Пачынальнікі генетыкі медыцынскай ў СССР: С.Р.Левіт, С.М.Давыдзенкаў, С.Н.Ардашнікаў, М.С.Навашын і інш.
На Беларусі распрацоўкі па генетыцы медыцынскай вядуцца з 1960-х г. у Ін-це генетыкі і цыталогіі АН, мед. установах і ВНУ. Даследаваліся: генетыка злаякасных пухлін і імунагенетыка (М.В.Турбін, Г.В.Краскоўскі, А.Ю.Бранавіцкі), роля храмасомных парушэнняў у патагенезе спантанных абортаў і анамалій развіцця (Ю.В.Гулькевіч), месца спадчынных фактараў у развіцці некат. дзіцячых хвароб (І.Н.Усаў), анамалій мочапалавой сістэмы (М.Я.Саўчанка), лейкозаў (А.І.Свірноўскі) і інш.; аналізуюцца метады геннай інжынерыі як найб. перспектыўныя ў лячэнні спадчынных хвароб. Наладжана сістэма медыка-генет. кансультавання насельніцтва, у т. л. асоб з абцяжаранай спадчыннасцю, на базе рэсп. медыка генет. цэнтра ў Мінску, адпаведных кансультацый і кабінетаў у абл. гарадах. Працуе НДІ спадчыннасці і прыроджаных захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕН (ад грэч. genos род, паходжанне),
спадчынны фактар, структурна-функцыянальная адзінка генетычнага матэрыялу, адказная за фарміраванне якой-небудзь элементарнай прыкметы. З дапамогай гена адбываецца запіс, захаванне і перадача генетычнай інфармацыі. Умоўна ген можна ўявіць як адрэзак малекулы ДНК (у некаторых вірусаў і фагаў — малекулы РНК), які ўключае нуклеапратэідную паслядоўнасць з закадзіраванай у ёй першаснай структурай поліпептыду (бялку) або малекулы транспартнай ці рыбасомнай РНК, сінтэз якіх кантралюецца гэтым генам. У вышэйшых арганізмаў (эўкарыёт) ген знаходзіцца ў храмасомах і ў арганелах цытаплазмы (мітахондрыях, хларапластах і інш.); кожны з іх займае ў храмасоме дакладнае месца — локус. Сукупнасць усіх генаў арганізма складае яго генатып. Кожны ген, які ўключае ад некалькіх соцень да 1500 нуклеатыдаў, адказны за сінтэз пэўнага бялку (поліпептыднага ланцуга), ферменту і г.д. Кантралюючы іх утварэнне, ген кіруе ўсімі хім. рэакцыямі арганізма і тым самым вызначае яго прыкметы (гл.Генетычны код).
Дыскрэтныя спадчынныя задаткі адкрыў у 1865 Г.Мендэль, у 1909 В.Іагансен назваў іх генам. У 1911 Т.Морган і яго супрацоўнікі даказалі, што ген з’яўляецца ўчасткам храмасомы, склалі першыя храмасомныя карты, на якіх пазначылі размяшчэнне асобных генаў на храмасомах (гл.Генетычная карта храмасом). Адрозніваюць гены: структурныя, што нясуць інфармацыю пра паслядоўнасць амінакіслот у поліпептыдзе, і рэгулятарныя (кантралююць і рэгулююць дзейнасць структурных генаў); алельныя і неалельныя (гл.Алелі); паводле лакалізацыі на храмасоме аўтасомныя (гл.Аўтасомы) і счэпленыя з полам (гл.Палавыя храмасомы). Важная ўласцівасць генаў — спалучэнне іх высокай устойлівасці (нязменнасці ў шэрагу пакаленняў) са здольнасцю да мутацый, якія служаць асновай зменлівасці арганізмаў, што дае матэрыял для натуральнага адбору; у чалавека зрэдку прыводзіць да генных хвароб (гл.Спадчынныя хваробы). Распрацаваны метады выдзялення, сінтэзу і кланавання (размнажэння) генаў. Створаны банк генаў для розных груп арганізмаў.