ФЕНАКО́ПІЯ,

няспадчынная змена фенатыпу (мадыфікацыя), падобная на праяўленне пэўных змен генатыпа (мутацый). Звычайна з’яўляецца вынікам уздзеяння фіз. і хім. агентаў на генетычна нармальны (немутантны) арганізм, што развіваецца. Напр., частае ўжыванне алкаголю цяжарнай жанчынай можа выклікаць парушэнне развіцця зародка, падобнае на спадчынны сіндром — хваробу Даўна. З высокай частатой Ф. індуцыруюцца на пэўных стадыях антагенезу (крытычныя перыяды); адзін і той жа агент на розных стадыях выклікае розныя Ф., а розныя фактары пры ўздзеянні на адну і тую ж стадыю — аднолькавыя. Фенакапіраванне выкарыстоўваецца як метад вывучэння заканамернасцей рэалізацыі генет. інфармацыі ў ходзе антагенезу.

Р.​Г.​Заяц.

т. 16, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)