ЛОСЬ (Ларыса Мікалаеўна) (н. 22.7.1928, в. Княжыцы Магілёўскага р-на),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1952). У 1954—68 мастак у газ. «Зорька», у 1965—77 — на Мінскай скургалантарэйнай фабрыцы. Працуе пераважна ў галіне маст. пляцення з саломкі. Рэстаўрыравала ўцалелыя шэдэўры бел. саломапляцення — царскія вароты 18—19 ст. у в. Раўбічы Мінскага р-на і Гродне, зрабіла копію царскіх варот 18 ст. ў в. Лемяшэвічы Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Сярод інш. работ: анімалістычныя фігуры (птушкі, коні), дэкар. пано «Сонейка», «Кветкі», «Пралескі», «Зоркі», «Павы», «Галубы», «Каляда», а таксама размаляваныя тканіны, батыкі, жывапісныя пейзажы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМА́Й (Ала Мікалаеўна) (н. 14.9.1932, с. Займо-Абрыў Растоўскай вобл., Расія),
бел. мастачка. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). Выкладала ў Мінскай дзіцячай маст. школе (1959—63), працавала ў газ. «Піянер Беларусі» (1963—80). Творчасці ўласцівы арыгінальнасць колеравага бачання і жанравая разнастайнасць, работы адметныя аптымістычнасцю і цеплынёй. Сярод твораў: тэматычныя карціны «Будаўнікі» (1957), «Апошні з нашага квартала» (1961), «Купалле» (1976), «Крыніца жыцця» (1982), «Сонейка» (1988), «Звон святыні» і «Цішыня» (абодва 1994), «Маё дзяцінства» (1995); пейзажы «Макі» (1966), «Восень» (1990), «Бярозавы гай» (1991), «Ваколіца Забалоцця» (1995), «Раніца» (1996); нацюрморты «Антоны» (1984), «Водар лесу» (1986), «Васількі» і «Армянскі вінаград» (абодва 1992), «Палявыя кветкі» (1995); партрэты, ілюстрацыі да кніг. Іл.гл. таксама ў арт.Нацюрморт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЖБІ́ЦКІ ((Wierzbicki) Юзаф Станіслаў) (12.2.1853, в. Генрыкавец, каля г. Магілёў-Падольскі, Украіна — пасля 1932),
польскі паэт. Скончыў Кіеўскі ун-т. Працаваў адвакатам у Мінску. З 1918 у Польшчы. Аўтар драмы «З жыцця» (1880), зб-каў «Паэзія» (т. 1—2, 1882—84), «Рапсодыі» (1901), «Да сонейка» (1905), «Атлантыда» (1910), «Кніга санетаў» (1922). Зб-кі «На світанку» (1898), «Кніга маўчання» (1914, выдадзены ў Мінску). Паэма «Ганка. Падольская аповесць» (1888) пра трагічнае каханне маладых людзей, раздзеленых класавымі межамі. Вяжбіцкі зазнаў уплыў гіст. школы і пострамантызму, яго творам уласцівыя актуальнасць праблематыкі, публіцыстычнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖАДУ́Б (Алесь) (Аляксандр Канстанцінавіч, н. 27.9.1952, г. Ганцавічы Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1974) і Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1985). З 1990 жыве ў Маскве. Друкуецца з 1976. У апавяданнях, аповесцях «Гарадок» (1980), «Старая хата» (1982), «Высока сонейка, высока» (1984), «Дарога на замчышча» (1988), «Стрэчанне» (1990) паказаў побыт, узаемаадносіны жыхароў невял. гарадка, сучасныя жыццёвыя праблемы. Аповесці «Лесавік» (1985) і «Дуб» (1990) рэканструююць стараж. пласты нар. міфалогіі. Аўтар гіст. эсэ «Рака вады жывой» (1989), зб-каў апавяд. «Святы калодзеж» (1994), «Магіла для дырэктара могілак» (1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПЕ́ЧАНКА (Васіль Васілевіч) (н. 7.1.1925, в. Будзішча Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1957). Працаваў у рэдакцыі магілёўскай раённай газеты, у 1959—87 дырэктар, нам. дырэктара Рэчкаўскай сярэдняй школы Магілёўскага р-на. Літ. дзейнасць пачаў у 1953. Аўтар кніг вершаў для дзяцей «Сонейка ўзышло» (1961), «Сандалікі-скакалікі» (1994), «Загадкі ў калядкі» (1997), «Крылаты будзільнік» (1998). У зб-ках «Споведзь збалелай душы», «Я родам з Будзішча» (абодва 1994), «Вярхом на ўрагане» (1996), «Боль», «Толькі з табою» (абодва 1998) раскрыў багацце, шматграннасць і непаўторнасць свету дзіцячых захапленняў. Пі ша байкі, гумарэскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПАСАЎ (Аляксей Паўлавіч) (12.3. 1902, г. Жыздра Калужскай вобл., Расія — 9.12.1967),
рускі кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1931). Кіраваў харамі ў Маскве, у т. л.Рус.нар. хорам Усесаюзнага радыё (1938—41). Арганізатар і ўдзельнік фалькл. экспедыцый, запісаў і апрацаваў шмат нар. песень, у т. л.бел. «Ды ты маё сонейка», «А на моры на сіненькім», «Ой, не кукуй, зязюленька», «Ой, бяда ж мая», «І сюды гара, і туды гара», «Узышоў свецел месячык», «Зорка Венера» на сл. М.Багдановіча, якія ўваходзілі ў рэпертуар Дзярж.акад. харавой капэлы БССР; апубл. Р.Шырмам у 2-томніку «Беларускія народныя песні (для хору)» (1971—73). Аўтар кантаты «Беларусь» (1948), «Сюіты на тэмы беларускіх народных песень» (1937, выконвалася хорам Бел. філармоніі), песень і хароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎКШЦЯ́ЛІС (Paukštelis; сапр.Пташынскае) Юозас
(2.3.1899, с. Цітаняй Шаўляйскага пав., Літва — 20.7.1981),
літоўскі пісьменнік. Засл. дз. мастацтваў Літвы (1969). Нар. пісьменнік Літвы (1974). Скончыў Каўнаскі ун-т (1927). Друкаваўся з 1922. У зб.апавяд. «Паўночная балада» (1928), аўтабіягр. рамане «Дзіця ўдавы» (1932), раманах «Першы год» (1936) і «Суседзі» (1939) жыццё літоўскай правінцыі. Трылогія «Юнацтва» (1959), «Не ўзыходзь, сонейка!» (1963) і «Тут наш дом» (1969, Дзярж. прэмія Літвы 1969) пра падзеі ў краіне ў 1940, фаш. акупацыю, пасляваен. калгаснае жыццё. Аўтар кн. мемуараў «Часта ўспамінаю іх» (1979), зб.апавяд. «Быў хмель у квецені» (1971), п’ес, нарысаў. На бел. мову апавяданне П. «На Радзіме» пераклаў М.Кусянкоў.
Тв.:
Рус.пер. — Соседи. Вильнюс, 1959;
Юность. Не всходи, солнышко! Здесь наш дом: Трилогия. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЕ́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,
невялікая група песень летняга цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі. Вядомы ў многіх земляробчых народаў свету. Спяваліся ў час касьбы і ўборкі сена. Перадаюць атмасферу касавіцы, клопат селяніна пра тое, каб своечасова ўправіцца з работай на сенажаці. К.п. пераважна лірычнага характару, у іх трапляюцца элементы рамант. ўспрымання касецкай працы («Касары косяць, вецер павявае, // Шаўкова трава на касу палягае»), паказаны яе размах («Пакосяць усе горы і даліны»), чуецца скарга касцоў на пана-прыгонніка, цяжар працы («Ой, да бокам, хмарачка, бокам»). Тэматыка К.п. уключае і любоўныя матывы («Зажурылася маладая ўдовушка», «Ветрык вее, сонейка грэе»), закранае сямейныя адносіны («На балоце касец косіць»). Некат. з іх маюць жартоўную афарбоўку. Для паэтыкі К.п. характэрна выкарыстанне вобразаў прыроды (дуброва, луг, скошаная трава, лёгкі ветрык, сонца, хмара і інш.), якія ствараюць натуральны фон працы касцоў. Мелодыка асобных К.п. набліжаецца да жніўных песень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕ́РУШ»,
народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль БДУ. Створаны ў 1980, у 1985 нададзена званне народнага. Арганізатар і маст. кіраўнік В.Гладкая. Уключае вак.-танц. групу (36 удзельнікаў) і інстр. ансамбль (8 чал.). У рэпертуары аўтэнтычныя бел.нар. песні, музыка, танцы, абрады розных рэгіёнаў Беларусі. Валодае школай нар. спеву з захаваннем рэгіянальных асаблівасцей. Большасць твораў запісана этнамузыколагамі і ўдзельнікамі калектыву ў фалькл.-этнагр. экспедыцыях, у т. л. песні «Ой, ты, сонца да яснае сонейка», «Да повідэмо куста», «Ой, і дай ты мне раду», «Там на лужку, на лужку», полька «Верацяно», «Ацьмінаўская кадрыля», веснавыя карагоды. Ансамбль зрабіў некалькі дзесяткаў запісаў на Бел. радыё, выпусціў кампакт-дыск. Творчасці калектыву прысвечаны фільмы Бел. тэлебачання «Вяселле ў Траецкім» (1989), «Каляда», «Піліпаўка». Лаўрэат і дыпламант рэсп. і міжнар.фалькл. фестываляў і конкурсаў, у т. л. ў Балгарыі (Сафія, 1985, Залаты медаль), Нарвегіі (г. Ф’ёрдэ, 1995), Італіі (г. Віка-Экуэнсе, 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЛЕ́Я (Lilium),
род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 90 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. Уведзены ў культуру да н.э. Больш за 2 тыс. сартоў. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. кучаравая. або царскія кучары, ці саранка (L. martagon, нар. назвы галубіныя званочкі, кульчыкі, рэхлікі), занесена ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў лісцевых, хвойных і хвойна-шыракалістых лясах. З інтрадукаваных відаў найб. вядомыя Л. беласнежная (L. candidum), шафранавая (L. croceum), даурская (L. pensylvanicum), леапардавая (L. pardalinum), царственная (L. regale) і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны. Цыбуліны з сакавітых незамкнёных лускавінак, яйцападобныя. Сцёблы прамыя, слаба галінастыя, апушаныя ці голыя. Лісце лінейнае, ланцэтнае, сядзячае, у кальчаках або чаргаванае. У некат. Л. у пазухах лісця ўтвараюцца паветраныя цыбулінкі-бульбачкі для вегетатыўнага размнажэння. Кветкі дыяметрам 13—15 см, правільныя, белыя, жоўтыя, чырв., аранжавыя, рознай формы (званочкавыя, зоркавыя, трубчастыя, лейка-, чалма- і чашападобныя), духмяныя або без паху, у гронках, зрэдку адзіночныя. Плод — каробачка. Дэкар., фарбавальныя, меданосныя, харч., лек. і эфіраносныя расліны.
Да арт.Лілея: 1 — агульны выгляд. Гібрыдныя сеянцы беларускай селекцыі: 2 — Голуб міру; 3 — Сонейка; 4 — Нарачанка; 5 — Цікавая.