Трыбунал скарбовы

т. 15, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЛЫ́, Коцелы,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Пелікан». Паходзілі з баяр. Першы вядомы прадстаўнік роду — Кацёл, які ў 1440—43 атрымаў ад вял. кн. Казіміра пацвярджэнне на маёнткі ў Крамянецкім пав. На Беларусі К. валодалі Беніцай, Маладзечнам, Хажовам, Палонкай і інш. Найб. вядомыя К.:

Самуэль Геранім (?—1686), пісар скарбовы (1646—68), войскі старадубскі (1652—66), маршалак ашмянскі (каля 1678), староста скірстымонскі. Неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы. Міхал Казімір (? — вер. 1722), сын Самуэля Гераніма, староста скірстымонскі з 1674, маркаўскі з 1683, падкаморы ашмянскі у 1683, кашталян віцебскі з 1685, трокскі з 1700, ваявода трокскі з 1703, падскарбі ВКЛ з 1710. Быў прыхільнікам аўтаноміі ВКЛ у рамках Рэчы Паспалітай. Тадэвуш (1736—99), сын Казіміра, староста маркаўскі (1764), ашмянскі (1772), ген.-маёр войск ВКЛ. Юзаф (20.9.1764—18.7.1810), сын Тадэвуша, гл. Коцел Ю. Міхал Казімір (15.8.1767—22.3.1813), сын Тадэвуша, ваен. дзеяч. Шамбялян Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1786). У час паўстання 1794 зямянскі ген.-маёр Ашмянскага пав.

В.С.Пазднякоў.

т. 8, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСКА́РБІ,

службовая асоба ў ВКЛ у 15—18 ст. 1) П. земскі (у 17—18 ст. П. вялікі літоўскі) першапачаткова захоўваў скарб ВКЛ, выконваў фін., гасп., а таксама судовыя і дыпламат. даручэнні вял. князя і Рады ВКЛ. З 1520 адначасова і пісар. Уваходзіў у склад Рады ВКЛ. З 2-й пал. 16 ст. набыў самаст. распарадча-выканаўчыя функцыі, вёў улік крыніц дзярж. даходаў, збіраў і распараджаўся дзярж. даходамі, адказваў за чаканку манеты, прызначаў мытнікаў і зборшчыкаў розных плацяжоў і падаткаў, праводзіў рэвізіі. З 1569 з’яўляўся членам Сената Рэчы Паспалітай.

2) П. дворны (у 17—18 ст. П. надворны літоўскі) быў спачатку намеснікам П. земскага. З вылучэннем сталовых маёнткаў у 1588 іх фінансавы і эканам. кіраўнік.

3) П. трокскі (скарбовы) у 16 ст. быў памочнікам П. земскага, хавальнікам аддзялення скарбу, якое знаходзілася ў г. Трокі. Свае П. меліся таксама ў прыватных асоб ВКЛ, напр., у віленскага кашталяна, гетмана ВКЛ К.І.Астрожскага, віленскага ваяводы, канцлера ВКЛ М.М.Радзівіла і інш.

А.І.Груша.

т. 11, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬСКІЯ,

дзярж. і культ. дзеячы ВКЛ, Рэчы Паспалітай герба «Пелеш». Вядомы з канца 16 ст., асн. маёнткі мелі на Піншчыне і Міншчыне. Найб. вядомыя:

Францішак (1738—23.3.1821), скарбнік, падстолі гродзенскі (1777), падкаморы старадубскі (1780). На сеймах 1778 і 1780 выбіраўся скарбовым камісарам ВКЛ. Маршалак Трыбунала ВКЛ (1783). Пасол на Чатырохгадовы сейм 1788—92. У час паўстання 1794 чл. Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага. Чл. Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага 1812. Станіслаў (?—3.1.1829), камісар скарбовы ВКЛ (1784—92) і Рэчы Паспалітай (1792—93), маршалак Ігуменскага пав. (1795—1812). Канстанцін (?—21.10.1799), шамбялян (камергер) караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пасол на Чатырохгадовы сейм 1788—92. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, прызначаны Т.Касцюшкам ген.-м. Гродзенскага пав. Пасля задушэння паўстання ў падполлі. Людвік (1785—8.8.1843). У званні маёра ўдзельнічаў у Маскоўскай кампаніі 1812 Напалеона. З 1823 у Варшаве, прэзідэнт Польск. банка (1828). У час паўстання 1830—31 нам. міністра скарбу. Кароль (?—1824), скульптар. Бацька Казіміра Ельскага. Пачынаў як лепшчык у 1778—82 з арх. К.Спампані, працаваў пераважна ў Вільні. Упрыгожыў маёнтак Д.Пшаздзецкага ў Заслаўі, аўтар помнікаў Спампані ў Цаперскім манастыры пад Клецкам і М.Завішы ў капліцы ў Кухцічах (Уздзенскі р-н), скульптур Алены, Казіміра і Станіслава для Віленскага кафедральнага сабора. Для касцёла бернардзінцаў у Троках (Літва) зрабіў фігуры 4 евангелістаў, анёлаў і абраз св. Тройцы. Ян (1780—?), скульптар. Сын Караля. Выканаў фігуры прарокаў Іераміі і Ісаі (1804) для гал. алтара касцёла Пятра і Паўла ў Вільні. Па прыватных заказах Дамініка Радзівіла зрабіў 10 разных рам для партрэтаў у Нясвіжскім замку і інш. Гл. таксама Ельскі М.К., Ельскі А.К., Ельскі К., Ельскі К.М.

Да арт. Ельскія. Казімір Ельскі. Бюст Захарыя Нямчэўскага. Паміж 1810 і 1820.

т. 6, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)