УРА́ДНІК,

1) службовая асоба ў кіраўніцкім апараце ВКЛ. Існавалі У. земскія (дзяржаўныя) і прыдворныя. Земскія У. маглі быць цэнтральныя і мясцовыя, адм. і судовыя. Цэнтральныя У.: абозныя вялікі і польны, войскі, генерал артылерыі, генерал-інспектар, віцэ-інстыгатар, гетманы вялікі і польны, інстыгатар, канцлер, лоўчы, маршалак вялікі (земскі), мастаўнічы, мернік, мечнік, падкаморы, падканцлер, падскарбі вялікі (земскі), пісары вялікія, дэкрэтавы, польны і скарбовы, поштмагістр, рэгенты канцылярый вялікай і меншай, рэферэндары духоўны і свецкі, спіжарны, стражнікі вялікі і польны, харунжы вялікі. Мясцовыя У.: ваяводы, войскія, гараднічыя, кашталяны, маршалкі, мечнікі, падстоліі, падчашыя, старасты, стольнікі, харунжыя, чашнікі і інш. Некат. пасады цэнтр. і мясц. У. былі ганаровымі — не звязанымі з выкананнем пэўных функцый. Да судовых У. адносіліся маршалак і дэпутаты Трыбунала Вялікага княства Літоўскага, падкаморыі, суддзі, падсудкі, возныя, каморнікі і інш. Прыдворнымі У. лічыліся маршалкі дворныя, падскарбі дворны, лоўчы дворны, канюшы, кухмістар, крайчы, падканюшы, падстолі, піўнічы, стольнік, чашнік. Да 1569 пасады гал. цэнтральных У. (маршалкаў вялікага і дворных, гетмана вялікага, падскарбія земскага, канцлера, падканцлера), ваявод, кашталянаў, старасты жамойцкага давалі доступ у Раду Вялікага княства Літоўскага, Сенат ВКЛ. З 1569 у Сенат Рэчы Паспалітай ад ВКЛ уваходзілі 5 вышэйшых У. — маршалкі вялікі і дворны, канцлер, падканцлер, падскарбі земскі, а таксама ўсе ваяводы, кашталяны і стараста жамойцкі. Значныя пасады У., якія не ўваходзілі ў Сенат, называліся дыгнітарскімі. У. прызначаліся або зацвярджаліся вял. князем (каралём), ваяводамі і старастамі з выбраных кандыдатаў. Як правіла, земскімі У. маглі быць толькі шляхціцы, якія мелі маёнткі ў тым павеце ці ваяводстве, дзе яны выбіраліся ці прызначаліся на пасаду. Пасады У. былі пажыццёвыя або да пераходу на больш высокую пасаду. Статут ВКЛ 1588 забараняў займаць некалькі адм. пасад або адначасова адм. і судовую. Але здаралася, што буйныя феадалы займалі і некалькі пасад. У гарадах У. былі войты, радцы, лаўнікі, бурмістры і інш. Звычайна пасады У. у гарадах былі выбарнымі. Парадак заняцця пасад у гарадах у асн. рэгуляваўся нормамі магдэбургскага права. Статут ВКЛ 1588 прадугледжваў павышаную адказнасць за злачынствы супраць У. пры выкананні імі службовых абавязкаў.

2) Ніжні чын павятовай паліцыі ў Рас. імперыі ў 1878—1917, бліжэйшы памочнік станавога прыстава.

А.​У.​Марыскін.

т. 16, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)