СО́ЙМІК, сеймік,

сход шляхты павета (зямлі, ваяводства) у ВКЛ y 16—18 ст., дзейнасць якога рэгламентавалася нормамі права; форма самарэалізацыі шляхецкай супольнасці павета і дзярж.-прававы ін-т, дзякуючы якому шляхецкая супольнасць была здольная прымаць рашэнні. Генетычна ўзыходзіць да веча і з’ездаў баяр-шляхты пэўнай зямлі. Віленскі прывілей 1565 і Статут ВКЛ 1566 стварылі павятовыя перадсоймавыя С., на якіх выбіраліся па 2 паслы ад павета на сойм, і элекцыйныя С., на якіх выбіраліся кандыдаты на пасады павятовага земскага суда і на павятовыя шляхецкія пасады (урады). Перадсоймавыя С. збіраліся не пазней як за 4 (з 1588 за 6) тыдні да сойма, а працягласць — 3—4 дні. Пасля сойма, не пазней як праз 4 тыдні, збіраліся пасоймавыя (рэляцыйныя) С. У час міжкаралеўя збіраліся каптуровыя С., якія стваралі канфедэратыўную ўладу і каптуровы суд. Дэпутацкія (трыбунальскія, грамнічныя) С. выбіралі суддзяў у склад Трыбунала Вялікага княства Літоўскага. Гаспадарчыя С. прымалі ўхвалы па справах павета, размяркоўвалі падаткі, выбіралі паборцаў і камісараў у Трыбунал скарбовы ВКЛ. На падобных на С. попісавых з’ездах шляхты адбываліся шляхецкія попісы войска Вялікага княства Літоўскага.

Літ.:

Лаппо И.И. Великое княжество Литовское во второй половине XVI столетия: Литовско-русский повет и его сеймик. Юрьев, 1911;

Kriegseisen W. Sejmiki Rzeczypospolitej szlacheckiej w XVII i XVIII w. Warszawa, 1991.

А.​А.​Радаман.

Соймік. Малюнак Я.​П.​Норбліна.

т. 15, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)