рэлігійная секта. Узнікла ў канцы 1920-х г. у Зах. Беларусі. Назва ад імя заснавальніка Івана Мурашкі, які абвясціў сябе прарокам ад бога і стаў прапаведаваць канец свету і страшны суд. Члены секты павінны былі выконваць запаведзі Майсея, святкаваць суботу і нядзелю, не спажываць мяса, не галіць бараду, не чытаць свецкую л-ру, не мець зносін з іншаверцамі. У 1936 Мурашка заснаваў каля г. Сарны Валынскага ваяв.рэліг. камуну «Новы Іерусалім». У 2-й пал. 1930-х г. М. было каля 800—1000 чал. У 1938, забраўшы касу, Мурашка з жонкай уцёк у Аргенціну. Пасля Вял.Айч. вайны найб. актыўныя «апосталы» секты стварылі новыя «сіёны» ў Антопальскім, Высокаўскім, Іванаўскім, Кобрынскім р-нах. У 1951 секта перайменавана ў царкву св. Тройцы, аднак ніколі не рэгістравалася. Да 1953 усе «сіёны» разагнаны, многія члены секты арыштаваны і асуджаны. Вернікі раз’ехаліся па Малдавіі, Грузіі, Казахстане, Краснадарскім краі. У Беларусі засталіся адзінкі М., якія не маюць сваёй арг-цыі, але выконваюць веравучэнне і абрады секты, часам наведваюць малітоўныя сходы пяцідзесятнікаў і адвентыстаў, радзей баптыстаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КДЗЕНЬ, вяліканне,
веснавое свята стараж. славян у гонар сонца, абуджэння прыроды і надыходу «вялікіх дзён» палявых работ. Адсюль і назва. Падобнае свята пачатку жніва было і ў стараж. семіцкіх плямён, называлася яно «Пасха» (стараж.-яўр. passah праходзіць міма). З развіццём культу бога Яхве Пасха святкавалася ў гонар выхаду яўрэяў з Егіпта, потым яе сталі звязваць з чаканнем «нябеснага збавіцеля» — месіі. На Беларусі на Вялікдзень адбываліся магічныя абрады з мэтай забеспячэння плоднасці жывёлы, урадлівасці зямлі, засцеражэння ад нягод. У велікодны абрадавы комплекс уваходзілі рытуальныя трапезы, гульні з велікоднымі яйкамі (біццё і качанне яек з лубка), карагоды і памінанне памерлых родзічаў — веснавыя дзяды (гл.Радаўніца). У першы велікодны вечар на Беларусі былі пашыраны валачобныя абыходы, у час якіх групы валачобнікаў хадзілі па хатах і выконвалі велічальныя валачобныя песні з пажаданнем селяніну плёну на ніве, прыплоду ў статку, добрага здароўя, шчаслівай долі. Хрысціяне пераасэнсавалі Вялікдзень у свята ўваскрэсення распятага Ісуса Хрыста, якое стала гал. хрысціянскім святам. Яму надаецца асаблівы сэнс як азнаменаванне перамогі над грахом і смерцю. Першапачаткова хрысціянскі Вялікдзень і іудзейская Пасха супадалі па часе. У 325 на 1-м Усяленскім Нікейскім царк. саборы было вырашана святкаваць Вялікдзень у першую нядзелю пасля веснавога раўнадзенства і поўні, з умовай несупадзення даты з іудзейскай Пасхай. Вялікдзень з’яўляецца рухомым святам. Разлічваецца правасл. царквой па юліянскім календары, каталіцкай — па грыгарыянскім. У залежнасці ад месячнага календара прыпадае на час ад 4 крас. да 8 мая. Паводле закону «Аб святочных днях у Рэспубліцы Беларусь» ад 19.12.1991 В. лічыцца святочным (нерабочым) днём.
А.У.Верашчагіна.
Да арт.Вялікдзень. Уваскрэсенне — сашэсце ў пекла Абраз з Троіцкай царквы в. Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобл. 2-я пал. 17 — пач. 18 ст.