ВЯЛІ́КДЗЕНЬ,

вяліканне, веснавое свята стараж. славян у гонар сонца, абуджэння прыроды і надыходу «вялікіх дзён» палявых работ. Адсюль і назва. Падобнае свята пачатку жніва было і ў стараж. семіцкіх плямён, называлася яно «Пасха» (стараж.-яўр. passah праходзіць міма). З развіццём культу бога Яхве Пасха святкавалася ў гонар выхаду яўрэяў з Егіпта, потым яе сталі звязваць з чаканнем «нябеснага збавіцеля» — месіі. На Беларусі на Вялікдзень адбываліся магічныя абрады з мэтай забеспячэння плоднасці жывёлы, урадлівасці зямлі, засцеражэння ад нягод. У велікодны абрадавы комплекс уваходзілі рытуальныя трапезы, гульні з велікоднымі яйкамі (біццё і качанне яек з лубка), карагоды і памінанне памерлых родзічаў — веснавыя дзяды (гл. Радаўніца). У першы велікодны вечар на Беларусі былі пашыраны валачобныя абыходы, у час якіх групы валачобнікаў хадзілі па хатах і выконвалі велічальныя валачобныя песні з пажаданнем селяніну плёну на ніве, прыплоду ў статку, добрага здароўя, шчаслівай долі. Хрысціяне пераасэнсавалі Вялікдзень у свята ўваскрэсення распятага Ісуса Хрыста, якое стала гал. хрысціянскім святам. Яму надаецца асаблівы сэнс як азнаменаванне перамогі над грахом і смерцю. Першапачаткова хрысціянскі Вялікдзень і іудзейская Пасха супадалі па часе. У 325 на 1-м Усяленскім Нікейскім царк. саборы было вырашана святкаваць Вялікдзень у першую нядзелю пасля веснавога раўнадзенства і поўні, з умовай несупадзення даты з іудзейскай Пасхай. Вялікдзень з’яўляецца рухомым святам. Разлічваецца правасл. царквой па юліянскім календары, каталіцкай — па грыгарыянскім. У залежнасці ад месячнага календара прыпадае на час ад 4 крас. да 8 мая. Паводле закону «Аб святочных днях у Рэспубліцы Беларусь» ад 19.12.1991 В. лічыцца святочным (нерабочым) днём.

А.У.Верашчагіна.

т. 4, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)