ГАЛАКТАЗАМІ́Н, хандразамін, 2-аміна-2-дэзоксігалактоза,

амінацукар, вытворнае галактозы. Вылучаны з храстковай тканкі. Моцная шчолач, добра растваральны ў вадзе, аптычна актыўны. У свабодным стане не сустракаецца. Трапляецца ў прыродзе амаль выключна ў выглядзе N-ацэтыльных вытворных, якія ўваходзяць у састаў глікапратэідаў, хондраітынсульфатаў, групавых элементаў крыві, гангліязідаў, глікаліпідаў мікабактэрый і інш.: N-ацэтылгалактазамін уваходзіць у састаў хандраітыну ў якасці адзінкі, якая паўтараецца; N-ацэтылгалактазамінсульфат — у састаў хандраітынсерных к-т, дэрматасульфату і кератасульфату. Дыцукрыдныя звёны гэтых вытворных галактазамінаў — структурны элемент мукоідаў чалавека і жывёлы — уваходзяць у састаў спецыфічнага поліцукрыду пнеўмакока.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 4, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРЫ́Н,

палярная амінакіслата, OHCH2CH(NH2)COOH. Сінтэзуецца ў жывёльных і расл. арганізмах. Уваходзіць у састаў актыўнага цэнтра многіх ферментаў, фосфаліпідаў і інш.

Белае крышт. рэчыва, добра раствараецца ў вадзе, т-ра плаўлення 223—228 °C. Удзельнічае ва ўтварэнні сувязей паміж вугляводнай і бялковай ч. глікапратэідаў. С. неабходны для сінтэзу амінаспірту сфінгазіну, які ўваходзіць у састаў сфінгаліпідаў (разам з фосфаліпідамі складаюць асн. масу ліпідаў мозга). Можа ўтварацца з гліцыну.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАХІ́МІЯ (ад гідра... + хімія),

раздзел геахіміі, які вывучае хім. састаў гідрасферы і хім. працэсы, што ў ёй адбываюцца; частка акіяналогіі (хімія акіяна) і гідралогіі сушы (хімія вод сушы). Даследуе колькасны і якасны састаў рэчыва ў растворы ці ў завіслым стане ў воднай масе аб’ектаў або ў донных асадках, іх фізіка-хім. і біяхім. пераўтварэнні, фарміраванне асадкавых радовішчаў карысных выкапняў, атрыманне каштоўных рэчываў з марской вады і расолаў падземных вод, хім. забруджванне гідрасферы.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРБАНІ́ЛЬНАЯ ГРУ́ПА,

двухвалентная атамная група; функцыянальная група альдэгідаў і кетонаў, >C = O. Уваходзіць у састаў карбаксільнай групы.

т. 8, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮКЛО́ ((Duclaux) П’ер Эміль) (24.6.1840, г. Арыяк, Францыя — 3.5.1904),

французскі мікрабіёлаг і хімік. Чл. Парыжскай АН (1888). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1862). Працаваў з Л.Пастэрам. З 1895 дырэктар Пастэраўскага ін-та. Навук. працы па біяхіміі. Даследаваў хім. састаў малака, малочнакіслае браджэнне, уздзеянне сычужнага ферменту, састаў і ўтварэнне розных сыроў. Прапанаваў метад вызначэння лятучых кіслот шляхам фракцыйнай перагонкі. Вывучаў з’яву осмасу і руху вадкасці ў капілярах. Адстойваў мікробную тэорыю хвароб. Аўтар 4-томнага твора «Мікрабіялогія» (1898—1901).

т. 6, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАВЫ АНА́ЛІЗ,

даследаванне складу і ўласцівасцей глебавых гарызонтаў, іх колькасных характарыстык і хім. саставу. Пры глебавым аналізе вызначаюць грануламетрычны і агрэгатны састаў, структуру глебы, гумус (перагной), колькасць хім. элементаў і іх назапашванне (валавы аналіз), састаў і колькасць водарастваральных рэчываў глебы і яе рэакцыю, паглынальную здольнасць, забяспечанасць злучэннямі азоту, фосфару, калію і інш. рэчывамі, даступнымі для жыўлення раслін, даследуюць склад элементаў глебы, дынаміку размеркавання ў ёй пажыўных рэчываў і дынаміку глебавых працэсаў. На аснове глебавага аналізу складаюць глебавыя карты і картаграмы.

т. 5, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІНАГРУ́ПА,

аднавалентная група атамаў — NH2, характэрная для першасных амінаў. Мае пірамідальную будову, праяўляе ўласцівасці асноў. Уваходзіць у састаў амінакіслот, амінаспіртоў, амідаў кіслот.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕДАБІЁНТЫ (ад грэч. pedon глеба + біёнт),

арганізмы, якія жывуць у глебе. Уваходзяць у састаў літабіясферы і фітабіясферы. Многія П. адносяцца да амфібіёнтаў.

т. 12, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІ..., полі... (ад грэч. poly многа, многае), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае мноства, усебаковасць, разнастайны састаў чаго-н., напр., паліандрыя, паліглот, поліартрыт.

т. 11, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗОКСІРЫБО́ЗА,

монацукрыд пентоза з групы дэзоксіцукроў. Пашырана ў прыродзе: у форме 2-дэзоксі-D-рыбозы ўваходзіць у састаў нуклеазідаў, нуклеатыдаў і полінуклеатыдных ланцугоў дэзоксірыбануклеінавай кіслаты (ДНК).

т. 6, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)