ГАЛАКТАЗАМІ́Н,

хандразамін, 2-аміна-2-дэзоксігалактоза, амінацукар, вытворнае галактозы. Вылучаны з храстковай тканкі. Моцная шчолач, добра растваральны ў вадзе, аптычна актыўны. У свабодным стане не сустракаецца. Трапляецца ў прыродзе амаль выключна ў выглядзе N-ацэтыльных вытворных, якія ўваходзяць у састаў глікапратэідаў, хондраітынсульфатаў, групавых элементаў крыві, гангліязідаў, глікаліпідаў мікабактэрый і інш.: N-ацэтылгалактазамін уваходзіць у састаў хандраітыну ў якасці адзінкі, якая паўтараецца; N-ацэтылгалактазамінсульфат — у састаў хандраітынсерных к-т, дэрматасульфату і кератасульфату. Дыцукрыдныя звёны гэтых вытворных галактазамінаў — структурны элемент мукоідаў чалавека і жывёлы — уваходзяць у састаў спецыфічнага поліцукрыду пнеўмакока.

А.М.Ведзянееў.

т. 4, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)