РУНО́,

воўна авечкі, астрыжаная суцэльным пластом; таксама воўнавае покрыва авечкі перад стрыжкай. Складаецца з пучкоў (шпатэляў у танкарунных, пасмаў у грубашэрсных авечак), па якіх ацэньваюць якасць воўны (даўжыня, тонкасць, пакручастасць). Р. здымаецца ў танкарунных, паўтанкарунных, таксама пры веснавой стрыжцы ў грубашэрсных, паўгрубашэрсных парод авечак (іх асенняя і паяркавая воўна Р. не ўтварае, падзяляецца на асобныя кавалкі). Рунная воўна больш каштоўная за кускавую.

А.​А.​Козыр.

т. 13, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Залатое руно 1/413; 4/480

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТО́Е РУНО́,

у грэчаскай міфалогіі залатая воўна барана. Паводле міфаў, Нефела, жонка цара Фіваў Афаманта, атрымала барана ад Гермеса і аддала сваім дзецям Фрыксу і Геле. На спіне гэтага барана Фрыкс прыбыў (Гела па дарозе загінула) да цара Ээта ў Калхіду, дзе ахвяраваў жывёлу Зеўсу, а скуру барана павесіў у гаі Арэса. Потым З.р., якое ахоўваў дракон, укралі арганаўты. У пераносным сэнсе З.р. — багацце, якім імкнуцца завалодаць.

т. 6, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНА́ЎТЫ,

у грэчаскай міфалогіі героі паходу па залатое руно, якое ахоўваў дракон. Больш за 50 арганаўты пад кіраўніцтвам Ясона накіраваліся на караблі «Арго» ў Калхіду. З дапамогай чараўніцы Медэі захапілі руно і прывезлі яго ў Грэцыю. Паход арганаўтаў — часты сюжэт у творах ант. і пасляант. мастацтва (рэльеф у Дэльфах, кратэр сярэдзіны 5 ст. да н.э.); ён выкарыстаны ў эпасах Апалонія Радоскага і В.​Флака, драм. трылогіі Ф.​Грыльпарцэра, оперы Л.​Керубіні і інш.

Да арт. Арганаўты. Геракл і арганаўты. Размалёўка кратэра з г. Арвіета. Каля 450 да н.э.

т. 1, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЭ́Я,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі чараўніца, дачка калхідскага цара Ээта, унучка бога Геліяса. Пакахаўшы правадыра арганаўтаў Ясона, дапамагла яму здабыць залатое руно і разам з каханым уцякла ў Грэцыю, забіўшы пры гэтым свайго малога брата. Калі Ясон задумаў ажаніцца з дачкой карынфскага цара, М. з рэўнасці загубіла саперніцу, забіла двух сваіх малых сыноў ад Ясона і знікла на крылатай калясніцы, якую прыслаў Геліяс. Вобраз М. знайшоў адлюстраванне ў л-ры (Эўрыпід, Сенека, П.​Карнель і інш.), жывапісе (пампеянскія размалёўкі, Э.​Дэлакруа і інш.), музыцы (Л.​Керубіні і інш.).

т. 10, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ЛЬПА́РЦЭР ((Grillparzer) Франц) (15.1.1791, Вена — 21.1.1872),

аўстрыйскі драматург, празаік, адзін з пачынальнікаў новай аўстр. л-ры. Чл. Аўстр. АН. Атрымаў юрыд. адукацыю. Першы значны твор — «трагедыя лёсу» «Прамаці» (1817). Трагедыя «Сафо» (1818) прысвечана адвечнаму і непазбежнаму антаганізму паэзіі і жыцця, немагчымасці шчасця для сапраўднага мастака. Гісторыя крушэння Напалеона адлюстравана ў трылогіі «Веліч і падзенне караля Атакара» (1825). Аўтар гіст. трылогіі «Залатое руно» (1822), трагедыі «Хвалі мора і кахання» (1831), драм. казкі «Сон — жыццё» (1834), гіст. камедыі «Гора лгуну» (1837), навел (зб. «Сандамірскі кляштар», 1828), філас. медытатыўнай лірыкі, прац па эстэтыцы, гісторыі л-ры і тэатра.

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. М.; Л., 1961.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ЗНЕНСКАЯ ПАРО́ДА авечак,

танкарунная, воўнавага кірунку. Выведзена ў 1938—51 ў Дагестане скрыжаваннем мясц. мерыносаў з аўстралійскімі. Прыстасавана да ўмоў засушлівых стэпаў. Сярод танкарунных парод вызначаецца высокім выхадам валакна воўны на 1 кг жывой масы (45—55%) выхадам чыстага валакна воўны 45—55%. Бараноў выкарыстоўваюць пры вывядзенні інш. танкарунных парод. Гадуюць у раёнах Калмыкіі, Астраханскай вобл.

Жывёлы моцнай канстытуцыі. Скура тонкая, шчыльная, утварае папярочныя складкі на шыі і дробныя ўздоўж тулава; у бараноў складкаватасць больш выразная. Руно шчыльна самкнутае. У бараноў крута выгнутыя рогі, авечкі звычайна бязрогія. Воўна белая, доўгая (8—10 да 13 см), густая, мяккая, пруткая, з шаўкавістым бляскам, 64—70 якасці. Пазнаспелыя. Жывая маса бараноў 70—90 кг, матак 45—50 кг.

Баран грозненскай пароды.

т. 5, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫНО́СЫ (ісп. merinos),

пароды танкарунных авечак з вельмі тонкай белай воўнаю найвышэйшай якасці. Радзіма — Зах. Азія (вядомы за некалькі стагоддзяў да н.э). Гадуюць у большасці краін свету, найб. у Аўстраліі. На Беларусь завезены ў канцы 18 ст.

Па памерах належаць да сярэдніх і буйных парод. Маса бараноў 80—100 (да 180) кг, матак 40—60 (да 100) кг. Скура са складкамі на шыі. У самцоў большасці М. добра развітыя рогі. Руно штапельнай будовы. Воўна аднародная, з мяккіх пуховых валокнаў таўшчынёй 15—25 мкм (60—80-й якасці) з характэрнай звілістасцю. Кірункі прадукцыйнасці: воўнавы (сучасныя высокапрадукцыйныя пароды: азербайджанскі горны мерынос, грозненская парода, стаўрапольская парода, сальская і інш.) і воўнава-мясны (асканійская парода, савецкі мерынос, алтайская, каўказская, якіх абмежавана гадуюць на Беларусі, і інш.).

т. 10, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭЙВС ((Graves) Роберт) (26.7.1895, Лондан — 7.12.1985),

англійскі пісьменнік, літаратуразнавец. Сын ірландскага паэта А.​П.​Грэйвса. Скончыў Оксфардскі ун-т (1926), праф. гэтага ун-та ў 1961—66. Аўтар больш як 50 зб-каў паэзіі; майстар філас., пейзажнай і любоўнай лірыкі («Выбраныя вершы», 1938; «Вершы, 1938—1945», 1946, і інш.). Вядомасць яму прынеслі гіст. раманы «Я, Клаўдзій», «Боскі Клаўдзій» (абодва 1934), «Залатое руно» (1944), «Цар Ісус» (1946), «Дачка Гамера» (1955) і інш., а таксама аўтабіягр. раман «Развітаемся з усім гэтым» (1929). Аўтар літ. тэарэт. даследаванняў («Белая багіня. Гістарычная граматыка паэтычнага міфа», 1948, і інш.), перакладаў твораў Гамера, Апулея, Тэрэнцыя, Умара Хаяма. Каралеўскі залаты медаль і Залаты медаль паэта на Алімпійскіх гульнях у Мехіка (1968).

Тв.:

Рус. пер. — Скрипка за пенни: Стихи. М., 1965;

Мифы Древней Греции. М., 1992.

Літ.:

Seymour-Smith M. Robert Graves. London, 1982.

Н.​М.​Саркісава.

т. 5, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКІ МЕРЫНО́С,

парода танкарунных авечак воўнавага і мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў 1920—51 у паўд. раёнах еўрап. ч. СССР паляпшэннем і скрыжаваннем мазаеўскіх і новакаўказскіх авечак з баранамі асканійскай пароды, прэкас, рамбулье, каўказскай і інш. Выкарыстоўваліся пры вывядзенні грузінскай танкаруннай і забайкальскай парод. У 1960—80 адна са шматлікіх танкарунных парод авечак у СССР. Гадуюць пераважна ў Расіі (паўд. раёны, Зах. Сібір і інш.) і Казахстане.

Жывёлы моцнай канстытуцыі, з прапарцыянальным тулавам, магутным касцяком. Скура шчыльная, на шыі 1—2 невял. папярочныя складкі ці 1 падоўжная (бурда). Маса бараноў 90—110 (да 130) кг, матак 50—55 (да 70) кг. Руно самкнутае, воўна мерыносавая, эластычная, мяккая, ураўнаваная па тонкасці і даўж. (7,5—10 см), з раўнамернай пакручастасцю. Настрыг воўны з бараноў 13—16 (да 24) кг, з матак 5—7 кг. Выхад чыстай воўны 36—42%. Плоднасць 120—140 ягнят на 100 матак.

Савецкі мерынос.

т. 14, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)