ЯСО́Н, Язон, Іасон,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі герой, правадыр арганаўтаў. Паводле міфаў, Я. — сын цара вобласці Іолк (у Фесаліі) Эсона, скінутага з прастола яго братам Пеліем. Калі выхаваны кентаўрам Хіронам 20-гадовы Я. вярнуўся ў Іолк, Пелій загадаў яму прывезці з Калхіды, дзе царом быў Ээт, залатое руно, за што абяцаў вярнуць прастол Іолка Эсону. Я. і інш. героі, што прыйшлі яму на дапамогу на судне «Арго» прыбылі ў Калхіду, дзе з дапамогай закаханай у яго дачкі Ээта Медэі Я. выканаў небяспечныя і каварныя даручэнні цара: запрог у плуг вялізных агнядышных быкоў, узараў і засеяў зубамі дракона поле, перабіў воінаў, што выраслі з гэтага «насення». Калі Ээт усё ж адмовіўся аддаць руно, Медэя дапамагла Я. выкрасці яго, і яны разам уцяклі на «Арго» ў Іолк. Да гэтага часу Пелій загубіў бацьку і інш. сваякоў Я. Медэя сваімі хітрыкамі і чараўніцтвам загубіла Пелія, але царом стаў яго сын Акаст. Выгнаныя з Іолка Я. і Медэя 10 гадоў жылі ў Карынфе, дзе ў іх нарадзіліся двое сыноў. Калі Я. вырашыў ажаніцца з дачкой карынфскага цара Крэонта, Медэя загубіла саперніцу і яе бацьку, забіла на вачах у Я. сваіх (ад яго) дзяцей і панеслася на запрэжанай крылатымі коньмі калясніцы. Я. скончыў самагубствам або, паводле інш. версіі міфа, загінуў, калі на яго абрынулася карма спарахнелага карабля «Арго».

т. 18, кн. 1, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)