Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ВА,
рака ў Смалявіцкім і Барысаўскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас.р. Дняпро). Даўж. 29 км. Вадазбор на Пн Цэнтральнабярэзінскай раўніны (пл. 245 км²). Пачынаецца за 5 км на З ад р.п. Зялёны Бор Смалявіцкага р-на, вусце за 2 км на ПдУ ад в. Навасёлкі Барысаўскага р-на. Рэчышча на трох участках каналізаванае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАСТРЭ́ЛЬНІКІ,
геалагічнае агаленне стараж. азёрна-балотных адкладаў; палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963); з 1998 у складзе геолага-геамарфалагічнага помніка прыроды рова Яна і Цэцыліі. Размешчаны ў рове на левабярэжжы р. Нёман, каля в. Багатырэвічы (б. Самастрэльнікі) Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. У борце рова (выш. да 13 м) на працягу 50 м агаляюцца адклады муравінскага міжледавікоўя (магутнасць 3,3 м), багатыя на рэшткі рэліктавых раслін (больш за 100 відаў) выкапнёвай флоры ляснога тыпу, што існавала каля 100 тыс.г. назад. У агаленні выяўлены новыя для адкладаў муравінскага міжледавікоўя віды раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТРЭСКА́РП (франц. contrescarpe ад контр... + escarpe адхон) 1),
процітанкавая загарода ў выглядзе крутога зрэзу на схіле мясцовасці, накіраванага ў бок таго, хто абараняецца. Мае вышыню 3—4 м, разлічаны на перакульванне танкаў пры іх спусканні з вышыні.
2) Бліжэйшы Да праціўніка адхон (з драўніны, цэглы, камення) знешняга крапаснога рова. Выкарыстоўваўся да 19 ст. ў якасці проціштурмавой перашкоды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕВІ́З ФРА́ЗІН, Алевіз Міланец (Aloisio da Milano),
італьянскі архітэктар канца 15 — пач. 16 ст. У 1494 быў запрошаны да Івана III у Маскву. Удзельнічаў у буд-ве сцен Крамля ўздоўж р. Няглінная (1495), каменных палат у Крамлі (1499—1508, пазней увайшлі ў склад Церамнога палаца), рова ўздоўж сцен Крамля з боку Краснай пл. (1508—16, засыпаны ў 19 ст.), плаціны на р. Няглінная (1508).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫНЁМАНСКІ КАНГЛАМЕРА́Т,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). За 1,5 км на ПнЗ ад в. Прыгодзічы Гродзенскага р-на, на правым беразе р. Нёман, на паўн. схіле Калодзежнага рова. Уключае 4 буйныя глыбы пясчана-жвірова-галечнага кангламерату, з іх найб.даўж. 10,4 м, шыр. 6,1 м, выш. 5,9 м, у абводзе 27,6 м, аб’ём бачнай часткі 198,4 м³, маса каля 525,7 т. Утварыўся ў выніку цэментацыі карбанатным растворам флювіягляцыяльных адкладаў пры напорным уздзеянні ледавіка каля 150 тыс.г. назад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВЕЛІ́Н (франц. ravelin),
дапаможнае фартыфікацыйнае збудаванне трохвугольнай формы, размешчанае перад крапасным ровам паміж бастыёнамі. Уяўляў сабой мураваную (цагляную) агароджу з казематамі для стралкоў або складаўся з рова і вала (звычайна з мураванай абліцоўкай). Прызначаўся для прыкрыцця крапасных сцен ад артыл. агню і атак праціўніка, а таксама для сканцэнтравання войск гарнізона перад вылазкай. Выкарыстоўваўся ў 16—19 ст.
Узаемаразмяшчэнне равеліна і бастыёнаў у крапасной сцяне: 1 — равелін; 2 — курціна; 3 — крапасны роў; 4 — бастыёны; 5 — контрэскарп; 6 — пашырэнне (т.зв. плацдармы) для сканцэнтравання войск для контратакі; 7 — бруствер гласіса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІЯ АБАРО́НЧЫЯ ЎМАЦАВА́ННІ,
комплекс драўляна-земляных умацаванняў Клецка ў 11—18 ст. Складаліся з дзядзінца (Высокага замка) і вакольнага горада (Дольнага замка). Пляцоўка першапачатковага дзядзінца мела форму, блізкую да круга, была ўмацавана валам, з боку поля — ровам. Мела драўляную сцяну ў выглядзе састаўленых клецей (адсюль назва горада). Дзядзінец збудаваны, відаць, у сярэдзіне 11 ст., узмоцнены ў 1-й пал. 13 ст., меў мураваны склеп і цэйхгауз са зброяй. Вакольны горад пабудаваны ў 12—13 ст. Складаўся з землянога вала з драўлянай сцяной і рова, мостам злучаўся з дзядзінцам. У сярэдзіне 13 ст. ўмацаванні разбураны, у 1503 спалены крымскімі татарамі, потым адбудаваны. На тэр. вакольнага горада ў 1-й пал. 17 ст. размяшчаўся асабісты двор Радзівілаў. На працягу 17—18 ст. усе ўмацаванні разбурыліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАНЁНСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у канцы 15—18 ст. каля в.Геранёны Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны, верагодна, на мяжы 15—16 ст. Квадратны ў плане (27×27 м), з мураванымі цыліндрычнымі вежамі (дыям. 8 м) па вуглах. Быў абкружаны ровам і земляным валам (выш. 9—10 м, шыр. каля 15 м, даўж. па перыметры больш за 700 м). У канцы 16 ст. да паўд. сцяны замка прыбудаваны палац (у 1565 палац у Геранёнскі замак быў яшчэ драўляны). Паводле інвентара замка за 1765 палац 2-павярховы, на 12 акон, на 1-м паверсе знаходзіліся розныя службы, на 2-м — парадныя пакоі. Уезд у замак быў з У і трымаўся пад абстрэлам з верхняй часткі брамы і з прылеглых да яе гародняў. Справа ад брамы бастыёнападобны выступ фланкіраваў агнём мост і бліжэйшыя подступы да брамы. Такі элемент абароны — адзін з першых вядомых на Беларусі і датуецца пач. 16 ст. Дадатковай перашкодай на шляху да замка быў абнесены мураванай сцяной Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл, які прымыкаў непасрэдна да абарончага рова перад брамай. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак разбураны рус. войскам, але, верагодна, хутка быў адноўлены. У 1708 у Геранёнскі замак з атрадам шведскага войска знаходзіўся польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі. Пасля Паўн. вайны 1700—21 замак прыйшоў у заняпад. У сярэдзіне 19 ст. Н.Орда замаляваў толькі руіны Геранёнскага замка выш. да 1-га паверха.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.
Геранёнскі замак. Рэканструкцыя па матэрыялах М.Ткачова. Мастак Я.Кулік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІЯ ЎМАЦАВА́ННІ Існавалі ў 14—18 ст. Складаліся з замка і гар. умацаванняў. Замак размяшчаўся на гарадзішчы, на левым беразе р. Піна. У вопісе горада за 1561—66 згадваецца «вежа Уладычная», якая стаяла асобна ў паўн.ч. замкавых умацаванняў. Акрамя брамы з пад’ёмным мостам перад ёю ў лініі абароны стаялі яшчэ не менш як 3 вежы, назвы якіх невядомы. Перыметр замкавых умацаванняў складаў 0,5 км. У мірны час у замку пастаянна размяшчаліся невял. гарнізоны салдат на чале з ротмістрамі. У час вайны дзейнічалі законы аб усеаг. абароне. Гарадскія ўмацаванні складаліся з 2 ліній абароны. 1-я лінія ў выглядзе вала, паркана і рова ахоплівала сетку радыяльных вуліц, якія адыходзілі ад замка і дугой упіраліся ў высокі бераг Піны, і фактычна ўключалі тэр. горада 11—13 ст. Вал перарываўся 4 брамамі (Уладычная, Меская, Траецкая і Спаская). Уздоўж берага ракі ішоў драўляны паркан, які спускаўся ў абарончы роў. Агульная даўжыня 1-й лініі абароны складала 1,4 км. 2-я лінія абароны, т.зв. «астрог», даўж. каля 2 км, таксама ўпіралася ў бераг Піны. Яна ўключала 4 брамы: Берасцейскую, Віленскую, Северскую і Лешчанскую. На З і ПнЗ перад валам ішоў штучны абарончы роў, які на ПнУ і У пераходзіў у прыродны з ручаём на дне, т.зв. Каралінскай канавай. З У горад прыкрываўся Пінскім Лешчанскім манастыром і комплексам умацаванняў Пінскага Каралінскага замка. Перад кожнай брамай быў пад’ёмны мост, перакінуты цераз абарончы роў. Усе лініі абароны Пінска захоўваліся да канца 18 ст. Апошні раз яны згадваюцца ў інвентары Пінскага староства за 1783. Пазней, на працягу 19 ст., гар. ўмацаванні паступова знівеліраваны.