СТО́НХЕНДЖ (Stonehenge),

адно з буйнейшых мегалітычных збудаванняў, найб. знакаміты брытанскі хендж, унікальны ў архітэктурных адносінах. Знаходзіцца каля г. Солсберы (Вялікабрытанія), абкружаны комплексам курганных могільнікаў і рытуальных помнікаў. Складаецца з 3 збудаванняў, узведзеных на адным і тым жа месцы ў розныя часы. Першае мае акруглую форму дыям. 115, 8 м. Складалася з рова і ўнутр. вала, парушанага праходам. З унутр. боку вала знаходзілася кола з 56 ям (т.зв. ямы Обры), у некаторых з іх былі рэшткі крэмацыі. Датуецца 2180 ± 105—1848 ± 275 да н.э. Другое збудаванне складалася з 2 канцэнтрычных колаў вертыкальна пастаўленых 82 блокаў блакітных камянёў у цэнтры стараж. вала. Да яго ідзе «шлях» з 2 паралельных валоў і рова (т.зв. «Авеню»). Датуецца 1720 ± 150—1620 ± 110 да н.э. Трэцяе збудаванне складалася з вертыкальна пастаўленых адшліфаваных сарсенавых блокаў выш. 8,5 м і масаю больш за 20 т кожны, на якія зверху былі пакладзены пліты. Збудаванне ўяўляла сабой замкнёнае кола дыям. 30 м вакол 5 трылітаў (2 камяні, зверху перакрытыя каменнай плітой), якія абкружалі ляжачы гарызантальна т.зв. алтарны камень. На адным з блокаў выразана выява кінжала, на шматлікіх — сякеры, датуецца 1500—1400 да н.э. Апошняя стадыя існавання С. датуецца 1240 ±105 да н.э. Лічаць, што С. з’яўлялася не толькі храмам, магчыма, звязаным з культам сонца, але і адной са старажытнейшых астранамічных абсерваторый. С. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Іл. гл. таксама да арт. Мегалітычныя збудаванні.

Т.​С.​Скрыпчанка.

Стонхендж. Агульны выгляд.

т. 15, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)