Э́ЎБЮРЫ,

брытанскі хендж; найбуйнейшае рытуальнае збудаванне ў Еўропе. Знаходзіцца каля г. Марлбара. Пл. каля 11,5 га, абкружана ровам і насыпам з 4 сіметрычнымі выхадамі. Уздоўж унутр. краю рова пастаўлены пліты з пясчаніку, у цэнтры — 2 кальцы з камянёў (дыяметр 91,4). Унутры кольцаў камянёвыя кладкі, адна з іх нагадвае літару «v». Каля паўд. ўваходу пачынаецца алея менгіраў (2 паралельныя рады камянёў), якая цягнецца да рытуальнай пабудовы на Овертан-Хіле. На тэр. Э. выяўлены паселішча, пахаванні, фрагменты керамікі неаліту і бронзавага веку. Помнікі складаюць адзіны арх. комплекс.

В.​В.​Грынявецкі.

т. 18, кн. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)