АНТРАХІНО́Н,
арганічнае рэчыва, C14H8O2. Мал. м. 208,2. Светла-жоўтыя крышталі, tпл 286 °C, растваральны ў нітрабензоле, аніліне, гарачым талуоле, практычна не растваральны ў вадзе і спірце. Праяўляе ўласцівасці хінонаў. Атрымліваюць каталітычным акісленнем антрацэну ці з фталевага ангідрыду і бензолу. Выкарыстоўваюць у вытв-сці антрахінонавых фарбавальнікаў. Выклікае экзэмы і бранхіяльную астму (ГДК 5 мг/м³).
т. 1, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЭТЫЛЕ́Н,
ненасычаны вуглевадарод, CH≡CH. Мал. м. 26,04. Бясколерны газ, tпл -80,8 °C, у цвёрды стан пераходзіць мінаючы вадкі, мала растваральны ў вадзе, растваральны ў ацэтоне. Сумесі з паветрам (2,3—80,7% аб’ёмных) выбухова небяспечныя. Атрымліваюць узаемадзеяннем карбіду кальцыю з вадой: Cac2+H2O → C2H2+Ca(OH)2 ці тэрмаакісляльным крэкінгам прыродных газаў. Зыходнае рэчыва для прамысл. вытв-сці полівінілхларыду, полівінілацэтату, полівінілавага спірту, поліакрыланітрыльных валокнаў і сінт. каўчукаў. Сумесі ацэтылену з кіслародам выкарыстоўваюць для зваркі і рэзкі металаў. Аказвае слабанаркатычнае дзеянне (ГДК у паветры 0,3 мг/м³).
т. 2, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІВІНІЛХЛАРЫ́Д ХЛАРАВА́НЫ, перхлорвінілавая смала,
тэрмапластычны прадукт хларавання полівінілхларыду. Хлараванне паляпшае растваральнасць і павышае цеплаўстойлівасць зыходнага полівінілхларыду (ПВХ).
Адрозніваюць П.х. растваральны (атрымліваюць хлараваннем ПВХ у растворы, мае 62—64% хлору і добра раствараецца ў ацэтоне, хлараформе, ксілоле і інш.) і П.х. цеплаўстойлівы (атрымліваюць хлараваннем воднай суспензіі ПВХ, мае 64—70% хлору; нерастваральны). Выкарыстоўваюць П.х. растваральны як плёнкаўтваральнае рэчыва ў вытв-сці перхлорвінілавых лакаў і эмалей, абутковага клею, для вырабу валокнаў (гл. Полівінілхларыдныя валокны); П.х. цеплаўстойлівы для вытв-сці труб (для гарачай вады) і машынабуд. дэталяў.
т. 12, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДЫГІЯЗІ́Н,
пігмент бактэрыяльнага паходжання, які валодае антыбіятычнымі ўласцівасцямі, C20H25ON3. Прыгнечвае рост некат. бактэрый (напр., залацістага стафілакока), удзельнічае ў дыханні, выконвае ролю рэзерву праліну. Цёмна-чырв. з зеленаватым бляскам крышталі, т-ра плаўлення 151—152 °C, слаба растваральны ў вадзе, таксічны. Выкарыстоўваюць у дэрматалогіі, хірургіі.
т. 12, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМАРЫ́Н, лактон о-оксікарычнай кіслаты,
бясколерныя крышталі з пахам толькі што скошанага сена. Знаходзіцца ў выглядзе глюказідаў у многіх раслінах: баркуне, зуброўцы і інш. Растваральны ў спірце і эфіры, дрэнна — у вадзе. У прам-сці К. атрымліваюць з саліцылавага альдэгіду і воцатнага ангідрыду. Выкарыстоўваецца як духмянае рэчыва ў вытв-сці тытунёвых вырабаў і парфумернай прам-сці.
т. 9, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ДАН (ад грэч. ladanon),
пахучая смала, што выдзяляецца некаторымі раслінамі сям. ладаннікавых і бурзеравых. Мае ў сабе камедзі, эфірныя алеі, горычы і інш. Часткова растваральны ў вадзе і арган. растваральніках; пры награванні ўзганяецца. Л. атрымліваюць падсочкай пераважна ладаннага дрэва і басвеліі свяшчэннай (Усх. Афрыка і ПдЗ Аравійскага п-ва). Выкарыстоўваецца для пахучых курэнняў у рэліг. абрадах, у парфуме.
т. 9, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЭТАВО́ЦАТНЫ ЭФІ́Р,
арганічнае злучэнне, этылавы эфір ацэтавоцатнай кіслаты. Мал. м. 118,14. Існуе ў выглядзе сумесі двух таўтамерных формаў: кетоннай CH3C(O)CH2COOC2H5 і енольнай CH2C(OH)=CHCOOC2H5. Вадкасць, tкіп 180,8 °C, растваральны ў вадзе, спірце, эфіры. Вельмі рэакцыйназдольны. Раздражняе скуру. Атрымліваюць дзеяннем алкагаляту натрыю на этылацэтат. Выкарыстоўваюць у вытв-сці лекаў (амідапірыну, акрыхіну і інш.), вітаміну B, азафарбавальнікаў, для араматызацыі харч. прадуктаў.
т. 2, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАЦЭ́Н,
араматычны вуглевадарод C14H10. Мал. м. 178,24. Жоўтыя крышталі з блакітнай флуарэсцэнцыяй, tпл 216 °C; растваральны ў спірце, эфіры, ацэтоне, нерастваральны ў вадзе. У высакачыстым стане — паўправаднік. Уступае ў рэакцыі далучэння з дыенафіламі, галагенамі, кіслародам, шчолачнымі металамі і інш. Атрымліваюць з каменнавугальнай смалы. Выкарыстоўваюць для вытв-сці антрахінонавых фарбавальнікаў, монакрышталі — для сцынтыляцыйных лічыльнікаў. Антрацэн раздражняе скуру і слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і вачэй.
т. 1, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАЛА́,
антыгельмінтны сродак, які здабываецца з залозістых валаскоў, сцёртых з паверхні пладоў вечназялёнага дрэва Rottlera tinctoria ці Mallotus philippensis. Пашыраны ў Індыі і Кітаі. Дробны рыхлы парашок цагляна-чырв. колеру, без паху, растваральны ў эфіры і шчолачы. Мае смалу (80%), ратлерын (10%), дзеючы пачатак К. і інш. Паралізуе круглых чарвей (странгілід і анкіластамід) і стужачных; выклікае раздражненне кішэчніка, адначасова дзейнічае як слабільны сродак.
т. 7, с. 502
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛЯПІ́ХАВЫ АЛЕ́Й,
алей з пладоў абляпіхі. Вадкасць ад светла-жоўтага да аранжава-карычневага колеру, t застывання -20 °C, шчыльн. 0,92∙103 кг/м³, нерастваральны ў вадзе, растваральны ў арган. растваральніках. Мае ў сабе 11—12% насычаных тлустых кіслот (C16, C18), 23—42% алеінавай, 32—36% лінолевай, 14—27% ліналенавай кіслот, багаты карацінамі, караціноідамі, вітамінам Е.Антысептык, выкарыстоўваюць пры апёках, пашкоджаннях скуры, язвавых і інш. захворваннях.
т. 1, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)