Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛА́,
ручны або механізаваны (станочны) шматразцовы інструмент для распілоўвання (рэзкі) драўніны, металу, каменю і інш. матэрыялаў.
У дрэваапрацоўцы выкарыстоўваюць П.: ручныя (двухручныя) са свабодным палатном; лучковыя з нацягнутым палатном; нажоўкі, дыскавыя і ланцуговыя пілы; станочныя паласавыя, стужачныя, дыскавыя, цыліндрычныя, сферычныя і інш., якія выкарыстоўваюцца ў лесапільных рамах, круглапільных станках, стужачнапільных станках і інш.дрэварэзальных станках. Для рэзання металу існуюць П.: дыскавыя, у т. л. П. трэння — для размякчэння матэрыялу трэннем дыскам без зубоў і абразіўныя — для рэзання вярчальным абразіўным дыскам (гл.Абразіўны інструмент), нажовачныя і стужачныя — для рэзання бясконцай гнуткай стальной стужкай з зубамі. У каменеапрацоўцы выкарыстоўваюць дыскавыя, канатныя і ланцуговыя П. (гл.Каменярэзныя машыны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНЦУГО́ВАЯ ПІЛА́,
піла для грубага папярочнага рэзання драўніны з дапамогай бясконцага пілавальнага ланцуга з рэжучымі зубамі.
Мае бензінавы матор або электрарухавік, муфту счаплення, рэдуктар і кансольны рэжучы механізм у выглядзе накіравальнай шыны, па якой рухаецца пілавальны ланцуг. Бываюць спецыяльныя (для валкі дрэў, абрэзкі сучкоў) і універсальныя; цяжкага, сярэдняга, лёгкага і асабліва лёгкага класаў. Найб. пашыраны Л.п. з карбюратарным рухавіком (тыпу «Дружба») і электрапілы (для папярочнага раскрою леса- і піламатэрыялаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЖО́ЎКА,
1) ручная машына з рабочым органам у выглядзе нажовачнага палатна. Мае эл. або пнеўматычны прывод. Выкарыстоўваецца для разразання метал. загатовак.
2) Ручная піла, рабочы орган у якой — нажовачнае палатно. У Н. для слясарных работ зменнае палатно ўстанаўліваюць у спец. рамцы, у Н. для сталярных работ — замацоўваюць з аднаго боку ў ручцы.
Нажоўкі: а — ручная слясарная (1 — нажовачнае палатно, 2 — рамка); б — прывадная (1 — заціскныя ціскі, 2 — рама з нажовачным палатном, 3 — трубка з ахаладжальнай вадкасцю, 4 — электрарухавік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ЛЫ-РЫ́БЫ, піларылападобныя,
піларылыя скаты (Pristiformes),
атрад храстковых рыб. 1 сям., 7 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных водах усіх акіянаў. Жывуць на мелкаводдзі, часам у рэках. Найб. вядомы піларыл звычайны, або піла-рыба (Pristis pectinatus).
Даўж. да 6 м, маса да 2,4 т. Цела пляскатае, жабравыя шчыліны на ніжнім баку. Рыла вельмі падоўжанае, сплошчанае, па абодвух яго баках зубападобныя нарасці (адсюль назва). Кормяцца бентасам, часам рыбай. Яйцажывародныя; нараджаюць да 20 малявак. Мясцовы аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЛЮЦІНАТЫ́ЎНЫЯ МО́ВЫ (ад лац. agglutinare прыклейваць),
мовы, у якіх словы і іх формы ўтвараюцца пераважна праз аглюцінацыю (спалучэнне граматычна адназначных афіксаў з нязменным коранем). Напр., у цюркскіх мовах -lar- — суфікс множнага л.: тур. bulut «воблака», bulutlar «воблакі»; каз. ара «піла», аралар «пілы». Характэрныя рысы аглюцінатыўных моў — стандартная парадыгма словазмянення, адсутнасць унутранай флексіі, адназначнасць афіксаў, фіксаваны націск, строгі парадак слоў і інш. Да аглюцінатыўных моў адносяцца вял. колькасць моў Азіі і Еўропы (цюркскія, фіна-угорскія, мангольскія, тунгуса-маньчжурскія, японская, карэйская і інш.), Акіяніі (папуаскія, інданезійскія, мікранезійскія), Афрыкі (банту, мандэ, бантоідныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛМА́ЗНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,
інструмент, рэжучая частка якога складаецца з часцінак прыродных ці сінт.алмазаў. Адрозніваюць алмазны інструмент абразіўны, зроблены з алмазных парашкоў на арган. ці метал. звязках (шліфавальныя кругі, хоны, брускі, пілкі), і з алмазных крышталёў (разцы, свердлы, шкларэзы, гравіравальныя іголкі, наканечнікі для цвердамераў, каронкі, долаты, расшыральнікі, брускі, правільныя алоўкі і ролікі). Выкарыстоўваецца для апрацоўкі цвёрдых сплаваў, металаў, шкла, кварцу, жалезабетону, для бурэння свідравін і праўкі шліфавальных кругоў. Забяспечвае высокую якасць апрацоўкі.