ПІ́ЛЫ-РЫ́БЫ, піларылападобныя,

піларылыя скаты (Pristiformes),

атрад храстковых рыб. 1 сям., 7 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных водах усіх акіянаў. Жывуць на мелкаводдзі, часам у рэках. Найб. вядомы піларыл звычайны, або піла-рыба (Pristis pectinatus).

Даўж. да 6 м, маса да 2,4 т. Цела пляскатае, жабравыя шчыліны на ніжнім баку. Рыла вельмі падоўжанае, сплошчанае, па абодвух яго баках зубападобныя нарасці (адсюль назва). Кормяцца бентасам, часам рыбай. Яйцажывародныя; нараджаюць да 20 малявак. Мясцовы аб’ект промыслу.

Да арт. Пілы-рыбы. Піларыл звычайны.

т. 12, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)