ПАЛЬШТА́Б,

тып сякеры, у якой ёсць бакавыя закраіны (падоўжаныя загіны краю), пятка (папярочная перамычка), петлепадобная ручка (часам дзве). П. быў пашыраны ў сярэднім бронзавым веку амаль па ўсёй Еўропе.

т. 12, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХІ́Л, Ахілес,

у грэчаскай міфалогіі герой Траянскай вайны, адзін з гал. персанажаў «Іліяды». Паводле падання, маці Ахіла, марская багіня Фетыда, каб зрабіць сына бессмяротным, пакупала яго ў свяшчэнных водах р. Стыкс. Толькі пятка, за якую яна трымала дзіця, засталася паражальная. Загінуў Ахіл ад стралы Парыса, што трапіла ў пятку (адсюль выраз «ахілесава пята»). Ахіл — улюбёны герой стараж.-грэч. мастакоў і паэтаў, яму прысвечаны шматлікія малюнкі на ант. вазах, пампейскія фрэскі, рэльефы рым. саркафагаў. Міф пра Ахіла стаў сюжэтам твораў жывапісцаў А. ван Дэйка, П.​П.​Рубенса, Дж.​Б.​Цьепала, Н.​Пусэна, А.​Іванава.

Да арт. Ахіл. Прыям просіць у Ахілеса цела Гектара. Мастак А.​А.​Іванаў. 1824.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРО́МЕТР (ад мікра... + ...метр),

інструмент з дакладным (мікраметрычным) вінтом для вымярэння лінейных памераў кантактным спосабам. Бывае некалькіх тыпапамераў для вымярэння даўжынь ад 0 да 25 мм, ад 25 да 50 мм і г.д. Цана дзялення ад 0,001 да 0,01 мм, мяжа вымярэння да 2000 мм.

Адрозніваюць М.: гладкія — для вымярэння вонкавых памераў дэталей; ліставыя з цыферблатам — для вымярэння таўшчыні лістоў і стужак; трубныя — для вымярэння таўшчыні сценак і труб; зубамерныя — для вымярэння даўжыні агульнай нармалі зубчастых колаў. Ёсць М. з плоскімі, разьбовымі і шаравымі ўстаўкамі для вымярэння дэталей з мяккіх матэрыялаў, стандартных рэзьбаў, сферычных паверхняў і інш.

Гладкі мікрометр: 1 — скаба; 2 — пятка; 3 — мікраметрычны вінт; 4 — стопарнае прыстасаванне; 5 — сцябло; 6 — барабан; 7 — трашчотка.

т. 10, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)