ЛО́РАНЦ ((Lorenc) Кіта) (н. 4.3.1938, Слепё, Германія),

сербалужыцкі паэт, перакладчык. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Лейпцыгу. З 1961 працаваў у Ін-це сербалужыцкага народазнаўства ў Будзішыне, з 1973 у Дзярж. ансамблі сербалужыцкай культуры. Друкуецца з 1959. У зб-ках «Новы час — новыя радасці» (1961), «Струга» (1967), «Ключы і дарогі» (1971), «Землеўпарадкаванне» (1972) маральна-экалагічныя праблемы. Зб-кам «Ты каля мяне» (1988), «Супраць вялікага пудзіла» (1990) уласцівы іранічны пачатак, мадэрнісцкія прыёмы. У 1965 наведаў Беларусь. Напісаў цыкл вершаў «З падарожжа ў Беларусь у 1965». Аўтар арт. «Слова «серб» ад «сябра» паходзіць» (1965). Пераклаў на верхнялужыцкую мову камедыю Я.​Купалы «Паўлінка» (з А.​Наўкам), асобныя вершы Я.​Купалы, М.​Танка, Н.​Гілевіча, А.​Зарыцкага. Асобныя вершы Л. на бел. мову пераклалі М.​Танк, Гілевіч, Зарыцкі, А.​Траяноўскі. Прэмія «Дамовіна» (1962, 1968).

У.​Л.​Сакалоўскі, А.​П.​Траяноўскі.

т. 9, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКО́ШКА ((Kokoschka) Оскар) (1.3.1886, Пёхларн, Аўстрыя — 22.2.1980),

аўстрыйскі мастак і драматург. Прадстаўнік экспрэсіянізму. Вучыўся ў Маст.прамысл. школе ў Вене (1905—09). Працаваў у Вене, Дрэздэне (1919—24, праф. Дрэздэнскай АМ з 1919), Празе (1934—38, праф. АМ), Лондане (1938—53). З 1953 у Швейцарыі. Зазнаў уплывы мастацтва Д. Усходу. Да сваіх драм рабіў малюнкі [«Сфінкс і саламянае пудзіла», «Забойцы — надзеі жанчын» (1907); афіша да яе — «П’ета» (1908) — стала адным з гал. твораў экспрэсіянізму]. Жывапіс К. адметны нерв. напружанасцю, імпульсіўнасцю манеры, імкненнем выявіць хваравіта-трагічнае ўспрыняцце свету. Аўтар партрэтаў (А.​Фарэля, 1908; Г.​Вальдэна, да 1910), пейзажаў («Брандэнбургская брама», 1926; «Рынак у Тунісе», 1928—1929; «Карлаў мост у Празе», 1934), кампазіцый на класічныя сюжэты («Фермапілы», 1954), серый літаграфій («Кароль Лір», 1963; «Адысея», 1963—65; «Траянцы», 1971—72), дэкарацый і касцюмаў да «Чароўнай флейты» В.​А.​Моцарта і «Балю-маскараду» Дж.​Вердзі (усе 1953). Аўтабіягр. кн. «Маё жыццё» (1971).

О.Какошка. Брандэнбургская брама. 1926.

т. 7, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКУ́ЛІН (Юрый Уладзіміравіч) (18.12.1921, г. Дзямідаў Смаленскай вобл., Расія — 21.8.1997),

расійскі артыст цырка і кіно. Нар. арт. СССР (1973). Герой Сац. Працы (1990). Скончыў Студыю размоўных жанраў і клаунады пры Маскоўскім цырку (1950) і працаваў у гэтым цырку як клоун-дывановы пад кіраўніцтвам Карандаша, з 1951 у дуэце з М.​Шуйдзіным. З 1983 маст. кіраўнік, дырэктар Маскоўскага цырка на Цвятным бульвары. У масцы клоуна прадстаўляў флегматычнага, знешне праставатага, але хітрага чалавека. З гэтай маскай у вобразе Балбеса зняўся ў эксцэнтрычных кінакамедыях «Пёс Барбос і незвычайны крос» (1961), «Самагоншчыкі» (1962), «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Каўказская палонніца» (1967). У фільмах «Калі дрэвы былі вялікімі» (1962), «Ка мне, Мухтар!» (1965) праявіліся драм. дараванне артыста, уменне раскрыць у ролі складаную гаму псіхал. станаў. Прастатой і стрыманасцю манеры вылучаюцца ролі ў фільмах «Дваццаць дзён без вайны» (1977), «Пудзіла» (1984), лірычнай і чалавечай непасрэднасцю — знешне камедыйна-гратэскныя ролі ў фільмах «Брыльянтавая рука» (1969), «Старыя-разбойнікі» (1972). Зняўся таксама ў фільмах «Андрэй Рублёў» (1971), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975), «Цырк для маіх унукаў» (1990). Дзярж. прэмія Расіі 1970.

Тв.:

Почти серьезно... М., 1994.

Літ.:

Дунина С. Ю.​Никулин. М., 1982.

Т.​В.​Пешына.

Ю.У.Нікулін.
Ю.Нікулін у адной з цыркавых рэпрыз.

т. 11, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)