НІКУ́ЛІН (Юрый Уладзіміравіч) (18.12.1921, г. Дзямідаў Смаленскай вобл., Расія — 21.8.1997),
расійскі артыст цырка і кіно. Нар.арт.СССР (1973). Герой Сац. Працы (1990). Скончыў Студыю размоўных жанраў і клаунады пры Маскоўскім цырку (1950) і працаваў у гэтым цырку як клоун-дывановы пад кіраўніцтвам Карандаша, з 1951 у дуэце з М.Шуйдзіным. З 1983 маст. кіраўнік, дырэктар Маскоўскага цырка на Цвятным бульвары. У масцы клоуна прадстаўляў флегматычнага, знешне праставатага, але хітрага чалавека. З гэтай маскай у вобразе Балбеса зняўся ў эксцэнтрычных кінакамедыях «Пёс Барбос і незвычайны крос» (1961), «Самагоншчыкі» (1962), «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Каўказская палонніца» (1967). У фільмах «Калі дрэвы былі вялікімі» (1962), «Ка мне, Мухтар!» (1965) праявіліся драм. дараванне артыста, уменне раскрыць у ролі складаную гаму псіхал. станаў. Прастатой і стрыманасцю манеры вылучаюцца ролі ў фільмах «Дваццаць дзён без вайны» (1977), «Пудзіла» (1984), лірычнай і чалавечай непасрэднасцю — знешне камедыйна-гратэскныя ролі ў фільмах «Брыльянтавая рука» (1969), «Старыя-разбойнікі» (1972). Зняўся таксама ў фільмах «Андрэй Рублёў» (1971), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975), «Цырк для маіх унукаў» (1990). Дзярж. прэмія Расіі 1970.