КАКО́ШКА ((Kokoschka) Оскар) (1.3.1886, Пёхларн, Аўстрыя — 22.2.1980),

аўстрыйскі мастак і драматург. Прадстаўнік экспрэсіянізму. Вучыўся ў Маст.прамысл. школе ў Вене (1905—09). Працаваў у Вене, Дрэздэне (1919—24, праф. Дрэздэнскай АМ з 1919), Празе (1934—38, праф. АМ), Лондане (1938—53). З 1953 у Швейцарыі. Зазнаў уплывы мастацтва Д. Усходу. Да сваіх драм рабіў малюнкі [«Сфінкс і саламянае пудзіла», «Забойцы — надзеі жанчын» (1907); афіша да яе — «П’ета» (1908) — стала адным з гал. твораў экспрэсіянізму]. Жывапіс К. адметны нерв. напружанасцю, імпульсіўнасцю манеры, імкненнем выявіць хваравіта-трагічнае ўспрыняцце свету. Аўтар партрэтаў (А.​Фарэля, 1908; Г.​Вальдэна, да 1910), пейзажаў («Брандэнбургская брама», 1926; «Рынак у Тунісе», 1928—1929; «Карлаў мост у Празе», 1934), кампазіцый на класічныя сюжэты («Фермапілы», 1954), серый літаграфій («Кароль Лір», 1963; «Адысея», 1963—65; «Траянцы», 1971—72), дэкарацый і касцюмаў да «Чароўнай флейты» В.​А.​Моцарта і «Балю-маскараду» Дж.​Вердзі (усе 1953). Аўтабіягр. кн. «Маё жыццё» (1971).

О.Какошка. Брандэнбургская брама. 1926.

т. 7, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)