Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Птушыны памёт 8/623
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАПАЛІ́ТЫў біялогіі,
віды (або інш. таксоны) раслін і жывёл, якія трапляюцца амаль па ўсёй Зямлі. К. — арганізмы з вял. адаптыўнымі здольнасцямі, шырокай экалагічнай пластычнасцю. На ўзроўні віду К. нямнога. З раслін — водныя і балотныя, напр., рагоз, раска, урэчнік, або пустазелле — драсён птушыны, мятліца аднагадовая, стрэлкі, трыпутнік вялікі і інш.; з жывёл — гар. верабей, шэры пацук, пакаёвая муха і інш. Часцей К. — таксоны больш высокага рангу. З раслін — злакі і складанакветныя, з жывёл — калаўроткі, прэснаводныя ракападобныя, ціхаходкі і інш.Гл. таксама Эндэмікі.
масавыя каланіяльныя гняздоўі марскіх птушак, пашыраныя на ўзбярэжжах Еўразіі, Амерыкі, Паўд. Афрыкі, Новай Зеландыі, на акіянічных астравах Паўд. паўшар’я. Звычайна размяшчаюцца на стромкіх скалах, што прылягаюць да раёнаў мораў з высокай біял. прадукцыйнасцю, з берагамі, прыдатнымі для гнездавання. На П.б. суіснуюць віды, якія адрозніваюцца выбарам гнездавога ўчастка, кармамі і спосабамі іх здабычы. Найб. характэрныя прадстаўнікі П.б.: кайры, чысцікі, глупышы, чайкі-мыеўкі, бургамістры, белабрушкі, берынгавыя бакланы і інш. Гнездаванне на П.б. памяншае гібель яец птушанят ад драпежнікаў (напр., чайкі і крачкі сумесна адганяюць пясцоў і лісоў). Найб. буйныя П.б. налічваюць дзесяткі, а то і сотні тысяч пар гняздуючых птушак, распасціраюцца на дзесяткі кіламетраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́РЭНС, Лоўрэнс (Lawrence) Дэвід Герберт (11.9.1885, г. Іствуд, Вялікабрытанія — 2.3.1930), англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Нотынгемскім ун-це. Друкаваўся з 1908. У раманах «Белы паўлін» (1911), «Сыны і палюбоўнікі» (1913; экранізацыя 1960), «Вясёлка» (1915) выступіў з пратэстам супраць «механічнай цывілізацыі» 20 ст., у абарону саюзу чалавека з прыродай. У раманах «Закаханыя жанчыны» (1920), «Флейта Аарона» (1922), «Птушыны змей» (1926) зварот да натуралізму, псіхал. аналізу ў духу фрэйдызму. Найб. вядомы раман — «Палюбоўнік лэдзі Чатэрлі» (1928; экранізацыя 1955). Творы Л. з рысамі мадэрнізму насычаны сімволікай, патэтыкай, адметныя складанасцю і вытанчанасцю стылю. Аўтар зб-каў паэзіі («Вершы пра каханне», 1913), апавяданняў («Прускі афіцэр», 1914), літ.-крытычных эсэ, дарожных нататкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІ́ЧНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
угнаенні, у якіх ёсць пажыўныя для раслін хім. элементы пераважна ў форме арган. злучэнняў расліннага ці жывёльнага паходжання. Да арганічных угнаенняў адносяцца гной, гнойная жыжка і птушыны памёт, таксама кампосты (сумесі на аснове гною з торфам, фасфатнай мукой), торф, глей (сапрапель), зялёныя ўгнаенні, сцёкавыя воды і інш. адходы прам-сці і камунальнай гаспадаркі. Забяспечваюць расліны азотам, фосфарам, каліем, неабходнымі мікраэлементамі, паляпшаюць фіз. і фіз.-хім. ўласцівасці глебы, яе водны і паветраны рэжым, змяншаюць шкоднае ўздзеянне кіслотнасці на расліны, актывуюць жыццядзейнасць азотфіксавальных бактэрый. Перапрэлы гной (пры вільготнасці 75%) мае (у %): азоту (N) 0,5, фосфару (P2O5) 0,25, калію (K2O) 0,6, кальцыю (CaO) 0,7; курыны памёт (пры вільготнасці 56%) 2,2; 1,8; 1,1; 2,4 адпаведна. Калій і натрый у арганічных угнаеннях больш засваяльныя, чым у мінеральных угнаеннях. Праз арганічныя ўгнаенні ажыццяўляецца кругаварот пажыўных рэчываў: глеба — расліны — жывёла — расліны — глеба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЦКІ (Міхал) (7.9.1714, в. Дзітрыкі Лідскага р-на Гродзенскай вобл. — 10.3.1781),
паэт, педагог, прыхільнік класіцызму. Магістр філасофіі і вольных навук (1745), д-р філасофіі (каля 1750). Вучыўся ў школе Бабруйскай езуіцкай рэзідэнцыі. Скончыў Слуцкую семінарыю (1733), Віленскую акадэмію (1736). З 1730 чл. ордэна езуітаў. Выкладаў у калегіумах Варшавы, Мінска, Драгічына, у Віленскай акадэміі. З 1773 рэктар Мінскай ваяводскай школы. Імкнуўся надаць сістэме адукацыі больш свецкі характар. Пісаў на лац. мове. Найб. вядомая паэма «Птушыны сейм» — сатыра на мясц. шляхту і магнатаў Рэчы Паспалітай. Аўтар сатыр. твораў («Казка», «Ападосіс» і інш.), элегій («Да Касакоўскага», «Да брата Караля»), прыродаапісальнай оды «Да Зімы», вершаў (пры жыцці апубл. 25), панегірыкаў Кацярыне II, пасланняў пісьменнікам і грамадскім дзеячам (І.Красіцкаму, М.Пачобут-Адляніцкаму, Р.Пацёмкіну і інш.), пародый. Паэт. спадчына К. выдадзена Полацкай езуіцкай акадэміяй пад назвай «Песні» (1817). Яго творам уласціва жывасць і лёгкасць мовы, багатая фантазія. Паэзія К. паўплывала на лацінамоўную паэзію Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны эпохі Асветніцтва.
Літ.:
Жлутко А. Міхал Карыцкі: Песні камэны // Шляхам гадоў. Мн., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАНО́МІЯ (ад астра... + грэч. nomos закон),
навука пра рух, будову, паходжанне і развіццё касм. целаў, іх сістэм і Сусвету ў цэлым. Вывучае розныя аб’екты: планеты і іх спадарожнікі, каметы і метэорнае рэчыва, зоркі, зорныя сістэмы (галактыкі), міжзорны газ і дыфузнае рэчыва, рассеянае ў касм. прасторы, эл.-магн. выпрамяненне нябесных целаў. Асн. раздзелы астраноміі: астраметрыя, астрафізіка, зорная астраномія, касмагонія, касмалогія, нябесная механіка, пазагалактычная астраномія, радыёастраномія.
Астраномія ўзнікла ў глыбокай старажытнасці з практычных патрэб чалавецтва. Рух Месяца, планет і сузор’яў дапамагаў вызначаць прамежкі часу і змены пораў года, весці каляндар, арыентавацца на мясцовасці. Практычны характар астр. ведаў адлюстраваўся ў нар. назвах касм. аб’ектаў (напр., Млечны Шлях — «Птушыны Шлях», планета Венера — «Вечарніца» і інш.) і ў стварэнні найпрасцейшых аграрна-астр. «абсерваторый». Адно з такіх збудаванняў дахрысціянскіх часоў з арыентаваных валуноў выяўлена і на Беларусі каля воз. Янова ў Полацкім раёне. Астраномія паспяхова развівалася ў Вавілоне, Егіпце, Стараж. Грэцыі, Індыі і Кітаі. Стараж.-грэч. вучоны Пталамей распрацаваў у 2 ст.геацэнтрычную сістэму свету, якая была агульнапрынятай амаль 1,5 тыс. гадоў. У сярэднія вякі астраномія дасягнула значнага развіцця ў дзяржавах Усходу. У 15 ст. Улугбек пабудаваў паблізу Самарканда астр. абсерваторыю з дастаткова дакладнымі на той час вугламернымі інструментамі. Узнікненне сучаснай астраноміі звязана са стварэннем геліяцэнтрычнай сістэмы свету (М.Капернік, 16 ст.), вынаходствам тэлескопа (Г.Галілей, пач. 17 ст.), адкрыццём законаў руху планет (І.Кеплер, пач. 17 ст.) і сусветнага прыцягнення закону (І.Ньютан, канец 17 ст.).
У 18 — пач. 20 ст. назіральная астраномія атрымала шматлікія звесткі пра Сонечную сістэму, фіз. прыроду зорак і інш.касм. аб’ектаў, што спрыяла стварэнню навук. карціны свету. Выкарыстанне ў астр. даследаваннях метадаў спектраскапіі, фатаграфіі і фотаметрыі прывяло да ўзнікнення астрафізікі. Вялікае значэнне мела заснаванне многіх астранамічных абсерваторый, удасканаленне астранамічных інструментаў і прылад, складанне зорных каталогаў з указаннем дакладных каардынат зорак. Гэтыя дасягненні астраноміі звязаны з працамі У.Гершэля (Вялікабрытанія), Ж.Лагранжа, П.Лапласа, У.Левер’е (Францыя), М.В.Ламаносава, В.Я.Струве, Ф.А.Брадзіхіна (Расія), К.Доплера (Аўстрыя) і інш. Значны ўклад у назіральную астраномію і астрафіз. метады даследавання зрабілі астраномы Віленскай астранамічнай абсерваторыі і астраномы — выхадцы з Беларусі: С.М.Блажко, Дз.І.Дубяга, Г.А.Ціхаў, В.К.Цэраскі. Астр. даследаванні ў б.СССР звязаны з працамі В.А.Амбарцумяна, А.А.Белапольскага, С.У.Арлова, Я.К.Харадзе і інш. Даследаванні спектраў галактык дазволілі Э.Хаблу (ЗША) выявіць у 1929 агульнае расшырэнне Сусвету, прадказанае рас. вучоным А.А.Фрыдманам (1922) на падставе тэорыі гравітацыі А.Эйнштэйна (1915—16). Сярэдзіна 20 ст. характарызавалася з’яўленнем новых сродкаў назірання і выкарыстаннем касм. тэхнікі, што значна расшырыла магчымасці астр. даследаванняў. Стварэнне аптычных і радыётэлескопаў з высокай раздзяляльнай здольнасцю, выкарыстанне штучных спадарожнікаў Зямлі, ракет, а таксама аптычных і электронных сістэм, у стварэнні якіх бралі ўдзел вучоныя Беларусі, дало магчымасць у 1960—80 выявіць і даследаваць новыя касм. аб’екты: радыёгалактыкі, квазары, пульсары, крыніцы рэнтгенаўскага і нейтрыннага выпрамяненняў. Астраномія стала эксперыментальнай навукай, здольнай непасрэдна даследаваць касм. прастору, вывучаць Месяц і бліжэйшыя планеты. З дапамогай касм. апаратаў (напр., «Венера», «Марс», «Меркурый», «Рэйнджэр» і інш.) атрыманы фотаздымкі Месяца і амаль усіх планет Сонечнай сістэмы (акрамя Плутона), адкрыты новыя спадарожнікі планет, кольцы вакол планет-гігантаў, сфатаграфавана ядро каметы Галея.
Літ.:
Бакулин П.М., Кононович Э.В., Мороз В.И. Курс обшей астрономии. 5 изд. М., 1983;
Мартынов Д.Я. Курс обшей астрофизики. 4 изд. М., 1988;
Климишин И.А. Астрономия наших дней. 3 изд. М., 1986;
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ.М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙШЭ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́ (Seychelles),
Рэспубліка Сейшэльскія Астравы (Republic of Seychelles), дзяржава ў зах.ч. Індыйскага ак., на ПнУ ад в-ва Мадагаскар. Уваходзяць Сейшэльскія а-вы (пл. каля 250 км², найб.в-аў Маэ, пл. 154 км²), а-вы Альдабра (пл. 145 км²), Аміранцкія, Касмаледа, Фаркуар і інш. Усяго 90 астравоў, агульная іх пл. 455 км². Нас. 79,3 тыс.чал. (2000). Дзярж. мовы — англійская, французская, крэольская, або сеселва (сфарміравалася на базе франц. мовы і суахілі). Сталіца, найб. горад і порт — Вікторыя на в-ве Маэ. Адм. падзел — 23 дыстрыкты. Нац. свята — Нацыянальны Дзень (18 ліп.).
Дзяржаўны лад. С.А. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу (34 дэпутаты; 25 выбіраюцца ўсеагульным галасаваннем, 9 назначаюцца прэзідэнтам).
Прырода. Уваходзяць 40 гарыстых (да 912 м на в-ве Маэ), складзеных з крышталічных парод, і 50 нізінных каралавых астравоў. Клімат субэкватарыяльны з вельмі вільготным летам і менш вільготнай зімой. Сярэднія месячныя т-ры ад 26 да 28 °C. Выпадае 2000—4000 мм ападкаў за год. Ва ўнутр. частках астравоў захаваліся трапічныя лясы (11% пл. краіны) з пальмамі, панданусамі, дрэвападобнымі папарацямі. Вял. плошчы пад другаснымі хмызнякамі. Каля 1/3 расл. відаў эндэмічныя. У жывёльным свеце вылучаюцца вялікія сухапутныя і марскія чарапахі (вагой да 250 кг). Адсутнічаюць мясц. млекакормячыя, няма насякомых, якія лётаюць. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай. Рэзерват а-воў Альдабра і нац. парк Вале-дэ-Маі на в-ве Праслен уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны; марскі нац. парк Сент-Ан, на в-ве Кузен птушыны запаведнік і інш.
Насельніцтва. Асн. народ сейшэльцы, або крэолы С.А., — нашчадкі афрыканцаў, малагасійцаў, французаў, выхадцаў з краін Азіі, складаюць каля 90% насельніцтва. Жывуць таксама індзійцы, малагасійцы, кітайцы і англічане. Вернікі пераважна католікі (90%) і англікане (8%). Сярэднегадавы прырост 0,6% (1999). Сярэдняя шчыльн. 174,3 чал. на 1 км. Населены толькі 33 найб. астравы, на в-ве Маэ каля 65 тыс.чал., у т. л. у г. Вікторыя — каля 25 тыс.ж. (2000). Гар. насельніцтва 63%. У прам-сці занята 19% працаздольных, у абслуговых галінах — 57%, у кіраванні — 14%, у сельскай гаспадарцы, рыбалоўстве і лясной гаспадарцы — 10%.
Гісторыя С.А. былі вядомы араб. і інд. мараплаўцам. Адкрыты партугальцамі ў пач. 16 ст. У 1609 тут высадзіліся англ. маракі; у 1756 французы стварылі на С.А. першыя пасяленні. З 1794 — уладанне Вялікабрытаніі, з 1903 — асобная брыт. калонія. У 1970 створана Заканад. асамблея, а Сейшэлы атрымалі самакіраванне. 29.6.1976 абвешчана незалежнасць Рэспублікі Сейшэльскіх Астравоў, яе прэзідэнтам стаў лідэр Дэмакр. партыі Дж.Менчэм, прэм’ер-міністрам — кіраўнік Аб’яднанай партыі Сейшэлаў (АПС, з 1978 Прагрэсіўны фронт народа Сейшэлаў, ПФНС) Ф.А.Рэнэ. У чэрв. 1977 АПС здзейсніла дзярж. пераварот, прэзідэнтам краіны стаў Рэнэ. У 1979 прынята новая канстытуцыя, якая абвясціла краіну «суверэннай сацыяліст. рэспублікай», а адзінай дазволенай партыяй — ПФНС. З пач. 1990-х г. пачалася дэмакратызацыя паліт. жыцця. Канстытуцыя 1993 замацавала шматпартыйнасць. На выбарах 1993 і 1998 перамог ПФНС, а Рэнэ двойчы абраны прэзідэнтам краіны. Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў кастр. 2001. На С.А. дзейнічаюць паліт. партыі: Прагрэсіўны фронт народа Сейшэлаў; Новая дэмакр. партыя. С.А. — чл.ААН (з 1976), Арг-цыі афр. адзінства.
Гаспадарка. С.А. — аграрная краіна сярэдняга ўзроўню развіцця, важнае значэнне для яе эканомікі маюць рыбалоўства і замежны турызм. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 7000 дол. за год. 4% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 15% — у прам-сці, 81% — у абслуговых галінах, пераважна ў турысцкай справе. С.А — краіна развітога міжнар. турызму (штогод астравы наведваюць каля 150 тыс. замежных турыстаў, даход ад турызму ў 1998—111 млн.дол.). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 8 тыс.га зямлі, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 7 тыс.га, пад пашай каля 1 тыс.га. Экспартныя культуры вырошчваюць пераважна на плантацыях, ёсць дробныя сялянскія гаспадаркі. Гал. культуры: какосавая пальма (збор копры каля 4 тыс.т штогод), карыца, ваніль, гваздзіка, чай. Культывуюць таксама маніёк, батат, бананы, хлебнае дрэва, тытунь, манга, ананасы, каву, цукр. трыснёг, агародніну. Плантацыі араматычных культур на а-вах Маэ, Праслен, Ла-Дыг. На Пн в-ва Маэ плантацыі чаю. Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 2 тыс. галоў) і свіней (каля 3 тыс. галоў). Птушкагадоўля (540 тыс. курэй, 1997). Рыбалоўства (каля 10 тыс.т штогод, пераважна тунец) і промысел марскіх чарапах. Існуюць рыбалавецкія кааператывы. Збор гуана. Прам-сць заснавана на с.-г. сыравіне. Есць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы какосавых арэхаў, вытв-сці вяровак з іх валакна, карычнага алею, апрацоўцы і расфасоўцы ванілі, чаю, рыбамаразільнікі і рамонтныя майстэрні. Вытв-сць мыла, піва, безалкагольных напіткаў, тытунёвых вырабаў. Буд-ва дробных суднаў і суднарамонт. У г. Вікторыя прадпрыемствы харчасмакавай, мэблевай, радыёэлектроннай, рыбаперапр. прам-сці. Вытв-сць электраэнергіі 125 млн.кВт∙гадз (1998). Развіта саматужная вытв-сць ганчарных вырабаў, сувеніраў, вырабаў з валокнаў пальмаў і панцыраў чарапах. Транспарт марскі і аўтамабільны. На астравах 280 км аўтадарог, у т. л. 176 км з цвёрдым пакрыццём, 6,6 тыс. легкавых аўтамабіляў, 1,9 тыс. грузавых і аўтобусаў; 14 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт на в-ве Маэ. Асн. астравы звязаны рэйсамі невял. суднаў. У 1998 экспарт склаў 53 млн.дол., імпарт — 340 млн.дол. У экспарце пераважаюць копра (45% па кошце), карыца, ваніль і гваздзіка (каля 20%), рыба і рыбапрадукты (каля 20%), чай (каля 7%); у імпарце — харч. і прамысл. тавары, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя, Вялікабрытанія, Германія, Кітай, Паўд.-Афр. Рэспубліка. Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад Вялікабрытаніі. Грашовая адзінка — сейшэльская рупія.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Сейшэльскіх Астравоў.Да арт.Сейшэльскія Астравы. Узбярэжжа вострава Праслен.