ЦІМО́ХАЎ Сяргей Аляксандравіч (н. 8.9.1960, в. Кротаў Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1984). З 1985 працаваў у Гомельскім і Віцебскім (г. Наваполацк) маст. камбінатах, з 1989 гал. мастак г. Полацк Віцебскай вобл., у 1992—99 заснавальнік, дырэктар галерэі «РЫСА» у Полацку. У творах імкнецца ўвасобіць першаасновы быцця беларусаў, іх язычніцкія традыцыі, фантасмагорыі і касмаганізм праз сімвалічнасць зместу і формы, суразмернасць фактурнасці, выяўленчасці і абстрагаванай умоўнасці, жывапіснасць і тонкія колеравыя спалучэнні: «Несці крыж», «Канцэрт даўняй музыкі» (абодва 1989), «Дрэва-стод» (1991), «Птушыны сон» (1992), «Стод-1» (1994), «Рытуальнае шэсце-3» (1997), «Рытуальнае шэсце-7» (1999), «Цень Вялеса», «Ярыла» (абодва 2000), «Два месяцы», «Птушыны гоман» (абодва 2001). Аўтар дыпціхаў «Зіхценне Купальскай ночы», «Золак Купальскай ночы» (абодва 2002), графічных серый «Постаці», «Нацюрморт», «Краявід», лістоў «Назіраючы зацьменне Сонца-1», «Назіраючы зацьменне Сонца-2» (абодва 1999), манум. размалёвак.

С.Цімохаў. Несці крыж. 1989.

т. 17, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)