СТЭН (Steen) Ян (каля 1626, г. Лейдэн, Нідэрланды — пахаваны 3.2.1679),
галандскі жывапісец. Вучыўся ў Н.Кнюпфера ва Утрэхце, А. ван Астадэ ў Харлеме і Я. ван Гоена ў Гаазе. Працаваў у Лейдэне, Гаазе, Дэлфце, Вармондзе, Харлеме. Пісаў партрэты, пейзажы, біблейскія кампазіцыі, але аддаваў перавагу быт. жанру. Творы С. прасякнуты грубаватым, але добразычлівым нар. гумарам, вызначаюцца вастрынёй, часам сатыр. характарыстыкай персанажаў, назіральнасцю, займальнасцю апісальніцтва, майстэрствам у перадачы фігур, дэталей побыту і адзення: «Вясковае вяселле» (1653), «Хворая і доктар», «Гулякі» (каля 1660), «Птушыны двор» (1660), «Танцоры», «Сям’я мастака ў вясёлай кампаніі» (абодва каля 1663), «Гульня ў трык-трак» (1667).