ПРЫЁР (ад лац. prior першы, важнейшы),

1) настаяцель невял. каталіцкага кляштара; вял. П. — службовая асоба ў духоўна-рыцарскіх ордэнах, рангам ніжэйшая за вял. магістра.

2) У Італіі і некаторых інш. краінах Зах. Еўропы ў сярэднія вякі — выбарны кіраўнік купецкай або рамеснай гільдыі.

т. 13, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНІВА́Р (Bonnivard, Bonivard) Франсуа дэ (лют. 1493, Савоя — канец 1570), швейцарскі паліт. дзеяч, гуманіст. З 1514 прыёр абацтва Сен-Віктор каля Жэневы. У 1528 удзельнічаў у барацьбе за незалежнасць Жэневы ад герцага савойскага Карла III, за што ў 1530 зняволены ў падзямелле Шыльёнскага замка (Банівар — прататып «Шыльёнскага вязня» Дж.​Байрана). У 1536 вызвалены бернцамі, якія паўсталі. Пакінуў жэнеўскія хронікі (выд. Ў 1831).

т. 2, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІНО́ЎСКІ (Юзаф Андрэевіч) (1.9.1835, Вільня — 15.11.1907),

удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў Мікалаеўскую ваен.-інж. акадэмію ў Пецярбургу (1863). У 1860—63 служыў у Брэсцкай крэпасці, інжынер-капітан. З чэрв. 1863 на чале ваен. секцыі Выканаўчага аддзела Літвы, найбліжэйшы памочнік К.Каліноўскага, хоць не падзяляў яго радыкальных поглядаў. У 1864 арыштаваны, да 1873 на катарзе і пасяленні ў Іркуцкай губ. і Пермі. Удзельнічаў у даследаваннях Сібіры. Пасля вяртання з Сібіры (1873) быў выхавальнікам сына кн. У.​Чартарыйскага — Аўгуста. З 1877 у Аўстра-Венгрыі, манах-кармеліт, прыёр кляштара ў в. Чэрна (каля Кракава), генеральны вікарый кармелітаў босых у Галіцыі. Аўтар гіст. і рэлігійна-філас. твораў, кн. «Успаміны, 1835—1877» (надр. 1965). 17.11.1991 кананізаваны.

Г.​В.​Кісялёў, В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 7, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВАНАРО́ЛА ((Savonarola) Джыралама) (21.9.1452, г. Ферара, Італія —23.5.1498),

фларэнційскі рэліг.-паліт. дзеяч, паэт. З 1475 чл. ордэна дамініканцаў, з 1479 прапаведаваў у гарадах Паўн. Італіі. З 1491 прыёр кляштара Сан-Марка ў Фларэнцыі, дзе аднавіў строгія нормы манаскага жыцця. Выкрываў тыранію Медычы, сац. кантрасты, асуджаў свецкі характар гуманіст. культуры, крытыкаваў палітыку і лад жыцця рымскіх пап, патрабаваў рэформ у каталіцкай царкве ў духу вяртання да апостальскага ідэалу. Пасля падзення тыраніі Медычы (1494) спрыяў усталяванню ў Фларэнцыі рэсп. ладу ў інтарэсах сярэдніх гарадскіх пластоў. Абапіраючыся на фанатычныя групы моладзі, урачыста спальваў прадметы раскошы і кнігі, якія супярэчылі хрысц. маралі. Дзейнасць С. выклікала канфлікт з папам Аляксандрам VI, які ў 1497 адлучыў С. ад царквы. У 1498 у час хваляванняў у Фларэнцыі С. схоплены, абвінавачаны ў ерасі і пакараны смерцю.

Літ.:

Херманн Х. Савонарола: Еретик из Сан-Марко: Пер. с нем. М., 1982.

т. 14, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)