ПАГРО́ЗА ў крымінальным праве,

выказаны ў любой форме намер прычыніць фіз., матэрыяльную ці інш. шкоду грамадскім або асабістым інтарэсам. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь найб. небяспечныя віды П. — забойствам, нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці шляхам падпалу і да т.п., якія ствараюць самаст. саставы злачынства. Разглядаецца заканадаўствам як сродак псіхічнага насілля над чалавекам і караецца ў крымін. парадку.

т. 11, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНА́ЙЦАЎ ДАРЫ́,

выраз, які абазначае каварную паслугу з мэтай прычыніць зло, загубіць. У гамераўскім эпасе ўдзельнікі Траянскай вайны данайцы, не ўзяўшы Трою штурмам, пайшлі на хітрасць: знялі аблогу, каля сцен горада пакінулі драўлянага каня, куды схаваліся воіны з Адысеем. Нягледзячы на перасцярогу жраца Лаакоана («Баюся данайцаў, нават якія прыносяць дары»), траянцы перацягнулі каня ў горад. Ноччу Д. выйшлі з каня, адчынілі гар. вароты, упусцілі свае войскі і ўзялі Трою.

т. 6, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р ДЗЕВЯЦІ́ ДЗЯРЖА́Ў аб Кітаі.

Падпісаны 6.2.1922 на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22 прадстаўнікамі ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Японіі і Кітая. Паводле дагавора абвешчаны прынцып суверэнітэту і тэр. цэласнасці Кітая, бакі абавязваліся прытрымлівацца ў Кітаі прынцыпу «роўных магчымасцей» у гандл. і прадпрымальніцкай дзейнасці, не выкарыстоўваць унутрыкіт. абставіны з мэтай атрымання спец. правоў і прывілеяў, якія маглі прычыніць страты правам і інтарэсам інш. дзяржаў — удзельніц дагавора; Японія адмовілася ад свайго манапольнага становішча ў Кітаі і абавязалася вярнуць яму былыя герм. канцэсіі ў Шаньдуні, вывесці адтуль свае войскі. Дагавор парушыла Японія, якая ў 1937 развязала вайну супраць Кітая.

т. 5, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАКА́ДА (англ. blockade),

1) у міжнародных адносінах сістэма мер эканам., паліт. ці ваен. характару супраць якой-небудзь дзяржавы з мэтаю перапыніць яе сувязі са знешнім светам і прымусіць выконваць пэўныя патрабаванні. Паліт. блакада можа ажыццяўляцца скасаваннем дыпламат. адносін, пазбаўленнем краіны членства ў пэўнай арг-цыі і інш. Эканам. блакада ажыццяўляецца спыненнем (забаронай) знешнегандл., фін., крэдытных і інш. эканам. сувязяў з мэтаю прычыніць шкоду эканоміцы блакіруемай дзяржавы, пазбавіць яе крыніц сыравіны і рынкаў збыту тавараў. Ваен. (марская) блакада выкарыстоўваецца ў мірны час супраць краіны — парушальніцы нормаў міжнар. права. Статут ААН дапускае ўвядзенне блакады як калект. меры для падтрымання ўсеагульнага міру толькі па рашэнні Савета Бяспекі.

2) Блакада ваенная ў час вайны — форма вядзення ваен. дзеянняў, накіраваных на ізаляванне варожага аб’екта (групоўкі войскаў, горада, дзяржавы і інш.) праз парушэнне яго знешніх сувязяў на сушы, у паветры і на моры; яе мэта — падарваць ваенна-эканам. магутнасць дзяржавы, аслабіць яе ўзбр. сілы, прымусіць праціўніка да капітуляцыі або разграміць і захапіць аб’ект блакады. На Беларусі блакада ваенная выкарыстоўвалася агрэсарам для авалодання ўмацаванымі крэпасцямі (блакада Бабруйскай крэпасці франц. войскамі ў 1812). Самымі вялікімі блакадамі былі кантынентальная блакада, якую праводзіў Напалеон I супраць Англіі на пач. 19 ст., марская блакада Вялікабрытаніі Германіяй і блакада Германіі яе праціўнікамі ў 1-ю сусв. вайну. У 2-ю сусв. вайну пераважалі блакады змешаныя (блакада Ленінграда ням.-фаш. войскамі ў 1941—43, блакада сав. войскамі ням.-фаш. групоўкі пад Сталінградам у 1942—43 і інш.). Тэарэтыкі не выключаюць выкарыстання блакады і ў сучасных умовах.

т. 3, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦО́ЎНЫ ДАГАВО́Р,

пагадненне паміж работнікам і наймальнікам. Паводле П.д. работнік абавязваецца выконваць работу па адной або некалькіх прафесіях, спецыяльнасцях або пасадах адпаведнай кваліфікацыі і выконваць унутраны прац. распарадак; наймальнік абавязваецца прадастаўляць работніку абумоўленую П.д. работу, забяспечваць умовы працы, прадугледжаныя заканадаўствам аб працы, лакальнымі нарматыўнымі актамі і пагадненнямі бакоў, своечасова выплачваць работніку заработную плату. Дагаворнымі бакамі з’яўляюцца наймальнік і работнік, якія знаходзяцца паміж сабой у прац. адносінах на аснове П.д. Па агульным для наймальнікаў правіле не дапускаецца заключэнне П.д. з асобамі да 16 гадоў. П.д. можа быць заключаны з асобай, што дасягнула 14 гадоў, з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў (усынавіцеля, папячыцеля) для выканання лёгкай працы, якая не прычыніць шкоды здароўю і не парушыць працэс навучання.

Умовы П.Д., што вызначаюць сукупнасць правоў і абавязкаў дагаворных бакоў, складаюць яго змест. У П.д. павінны быць: звесткі пра работніка і наймальніка; месца работы з указаннем структурнага падраздзялення, куды работнік уладкоўваецца; працоўныя функцыі работніка; асн. правы і абавязкі работніка і наймальніка; тэрмін П.д. (для тэрміновага дагавора); рэжым працы і адпачынку (у выпадку адрознення ад агульнаўстаноўленага); умовы аплаты працы. Паводле пагаднення бакоў у П.д. могуць быць уключаны і інш. (дадатковыя) умовы, абавязковыя для абодвух бакоў. Пасля заключэння П.д. яго бакі набываюць правы і нясуць абавязкі, замацаваныя ў заканадаўстве аб працы, калект. дагаворы і ў лакальных актах наймальніка.

П.д. можа быць заключаны на няпэўны ці пэўны тэрмін, але не больш як на 5 гадоў; на час выканання пэўнай работы; на час выканання абавязкаў часова адсутнага работніка, за якім захоўваецца месца работы; на час выканання сезонных работ. П.д. заключаецца ў пісьмовай форме і падпісваецца бакамі. Пасля заключэння П.д. прыём на работу афармляецца загадам (распараджэннем). Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае таксама такі від П.д., як кантракт, які заключаецца на пэўны тэрмін, і мае асаблівасці ў параўнанні з агульнымі нормамі заканадаўства аб працы і прадугледжвае кампенсацыю за пагаршэнне прававога становішча работніка.

М.​І.​Тарасевіч.

т. 13, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)