уласцівасць цел аднаўляць сваю форму і аб’ём (цвёрдыя целы) ці толькі аб’ём (вадкасці і газы) пасля спынення дзеяння знешніх сіл, якія выклікалі іх дэфармацыю. У цвёрдых целах і вадкасцях П. абумоўлена сіламі ўзаемадзеяння паміж часцінкамі рэчыва, у газах — кінетычнай энергіяй руху малекул.
У целах з ідэальнай П. дэфармацыя поўнасцю знікае пасля спынення дзеяння сілы, у рэальных целах застаецца т.зв. астаткавая дэфармацыя (гл.Пластычнасць). Дэфармацыю пругкіх цел пад уздзеяннем знешніх сіл вывучае пругкасці тэорыя. У большасці матэрыялаў пры малых дэфармацыях залежнасць паміж напружаннем механічным і дэфармацыяй з’яўляецца лінейнай і апісваецца Гука законам. Пругкія ўласцівасці цел, што падпарадкоўваюцца абагульненаму закону Гука, характарызуюцца модулямі пругкасці. Затрачаная на пругкую дэфармацыю энергія вяртаецца назад у працэсе аднаўлення формы ці аб’ёму цела, таму пругкія целы могуць служыць акумулятарамі мех. энергіі, напр., гадзіннікавая спружына.
Літ.:
Френкель Я.И. Введение в теорию металлов. 4 изд. Л., 1972;
Сопротивление материалов с основами теории упругости и пластичности. М., 1995.
Да арт.Пругкасць матэрыялаў. Шарыкавая мадэль элементарнай ячэйкі кубічнага крышталя: 1 — у раўнавазе пры адсутнасці знешніх сіл; 2 — пад дзеяннем знешняга датычнага напружання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́НГА МО́ДУЛЬ,
фізічная велічыня, якая характарызуе супраціўленне матэрыялу пругкай дэфармацыі пры восевым расцяжэнні або сцісканні. Наз. таксама модулем падоўжнай пругкасці. Вылічваецца па формуле: E = Fl/S Δl, дзе F — сіла расцяжэння, l — пачатковая даўжыня стрыжня, Δl — прырашчэнне даўжыні пры расцяжэнні, S — плошча папярочнага сячэння. Прапанаваны ў 1807 Т.Юнгам. Гл. таксама Модулі пругкасці, Пругкасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫСО́РА (ад франц. ressort пругкасць),
пругкі элемент падвескі трансп. машын і павозак. Змякчае штуршкі і ўдары на няроўнасцях дарогі і ўспрымае нагрузку ад кузава без астаткавай дэфармацыі. Бываюць метал. (ці з інш. сціскальных матэрыялаў), гідраўл. і пнеўматычныя. Найб. пашыраны метал. ліставыя, тарсіённыя і шрубавыя, якія гасяць ваганні за кошт дэфармацыі. Амартызавальнае дзеянне гідраўл. і пнеўматычных Р. забяспечваецца за кошт пругкіх уласцівасцей вадкасці, газу ці паветра. Выкарыстоўваюцца таксама камбінаваныя Р. (напр., гумава-метал., пнеўма-гідраўлічныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЕРКАВА́НЫЯ СІСТЭ́МЫ, сістэмы з размеркаванымі параметрамі,
фізічныя сістэмы, якія складаюцца з элементаў, неперарыўна размеркаваных у канечнай вобласці прасторы. Рухі і змены, што ў іх адбываюцца, перадаюцца ад аднаго элемента да другога і не могуць ідэалізавацца як змены стану асобных аб’ектаў (мас, палёў і інш.) з фіксаванай унутр. структурай. Усе рэальныя сістэмы можна разглядаць як Р.с., параметры якіх (шчыльнасць, пругкасць, эл. супраціўленне, індукцыйнасць і інш.) мяняюцца ад пункта да пункта неперарыўна. Напр., мех. Р.с. — струна, мембрана, эл. Р.с. — антэна, рэзанатар, лінія электраперадач, хвалявод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭФІ́Р (грэч. aither) сусветны, светлавы эфір, гіпатэтычнае ўсёпранікальнае асяроддзе, якому ў класічнай (нерэлятывісцкай) фізіцы надавалася роля пераносчыка святла і эл.-магн. узаемадзеянняў.
Мех. мадэль Э., надзеленага ўласцівасцямі абсалютна цвёрдага цела, была вельмі супярэчлівая. Каб забяспечыць вял. скорасць эл.-магн. хваль (гл.Скорасць святла) і іх папярочнасць, Э. мусіў мець вял.пругкасць і ў той жа час не павінен быў аказваць супраціўлення мех. руху ў ім макраскапічных цел (напр., планет). Праблема Э. ў фізіцы была знята пасля стварэння адноснасці тэорыі і ўстанаўлення факта матэрыяльнасці эл.-магн. поля, якое не патрабуе спец. носьбіта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПСАТЭРМО́МЕТР (ад грэч. hypsos вышыня + тэрмометр), гіпсаметр, тэрмабарометр,
прылада для вымярэння атмасфернага ціску па т-ры кіпення вадкасці. Закіпанне вадкасці пачынаецца, калі пругкасць пары, якая ўтвараецца ў ёй, дасягае велічыні знешняга ціску. Кожнаму паказчыку атм. ціску адпавядае канкрэтная т-ра кіпення вадкасці. Гэта дазваляе па спец. табліцах па т-ры закіпання вады вызначаць атм. ціск. Гіпсатэрмометр складаецца са спец. тэрмометра, які дазваляе адлічваць т-ру з дакладнасцю да 0,01 °C, і метал. кіпяцільніка з дыстыляванай вадой. Існуюць таксама гіпсатэрмометры, у якіх дзяленні на шкале тэрмометра нанесены ў адзінках ціску (мм ртутнага слупка або мілібары). Выкарыстоўваецца ў экспедыцыйных умовах у гарах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦІСКА́ЛЬНАСЦЬ, аб’ёмная пругкасць,
здольнасць рэчыва зменьваць свой аб’ём. Адрозніваюць С. ізатэрмічную, якая адбываецца пад дзеяннем ціску пры пастаяннай т-ры, і адыябатычную. калі адначасова са сцісканнем рэчыва адбываецца яго награванне.
Характарызуецца каэф. С., які паказвае змяншэнне адзінкавага аб’ёму цела пры павелічэнні ціску на адну адзінку. Адваротнай велічынёй каэф. С. з’яўляецца модуль аб’ёмнага сціскання (гл.Модулі пругкасці). Калі рэчыва пры сцісканні не набывае хім., структурных і інш. змен, то пры зняцці ціску яго аб’ём аднаўляецца. С. газаў (пары), вадкасцей і цвёрдых цел улічваецца пры канструяванні цеплавых машын, разліку працэсаў і апаратаў хім. прам-сці, лятальных апаратаў і канструкцый, праходцы свідравін і інш.