ГЕ́ЛІ

(ад лац. gelo застываю),

дысперсныя сістэмы з вадкім дысперсійным асяроддзем, у якіх часцінкі дысперснай фазы ўтвараюць прасторавую структуру (сетку). Маюць некат. ўласцівасці цвёрдых целаў: здольнасць захоўваць форму, пругкасць, пластычнасць.

Тыповыя гелі ў выглядзе студзяністых асадкаў (каагеляў) утвараюцца з золяў пры іх каагуляцыі ці пры вылучэнні новай дысперснай фазы з перанасычаных раствораў. Ацвярдзенне золяў ва ўсім аб’ёме першапачаткова вадкай сістэмы без парушэння яе макрааднароднасці дае т.зв. ліагелі. Для іх характэрна тыксатрапія — здольнасць у ізатэрмічных умовах самаадвольна аднаўляць структуру, разбураную мех. уздзеяннем. Гелі з водным дысперсійным асяроддзем наз. гідрагелямі, з вуглевадародным — арганагелямі. Высушваннем ліагелей атрымліваюць аэрагелі, ці ксерагелі, — крохкія мікрасітавінныя целы (напр., алюмагель і сілікагель). У хіміі і тэхналогіі палімераў гелямі наз. няплаўкія і нерастваральныя прадукты полікандэнсацыі і полімерызацыі. Гл. таксама Студзяні.

т. 5, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)