ГРУНТ

(польск. grunt ад ням. Grund аснова, глеба),

1) горная парода, якая залягае непасрэдна пад глебай.

2) Зборная назва горных парод, глеб, тэхнагенных утварэнняў, якія знаходзяцца ў сферы ўздзеяння інжынерных збудаванняў і разглядаюцца з інж.-буд. пункту гледжання. Адрозніваюць грунты: скальныя (маюць высокую мех. трываласць, з’яўляюцца пругкімі цвёрдымі целамі), паўскальныя (з паніжанымі мех. ўласцівасцямі), мяккія гліністыя (з пластычнымі ўласцівасцямі, звязаныя), рыхлыя, сыпкія (незвязаныя), слабыя (лёгка паддаюцца дэфармацыі). Складаюцца з цвёрдых (мінералы, лёд, мінералаарганічныя ўтварэнні), вадкіх (водныя растворы), газападобных (газы, паветра) і біятычных ці жывых кампанентаў. Найважнейшыя ўласцівасці грунту: фізічныя (шчыльнасць, цеплаправоднасць, электраправоднасць, пранікальнасць і інш.), фіз.-хімічныя (растваральнасць, адсарбцыйная і каразійная ўласцівасць, пластычнасць і інш.), механічныя (пругкасць, трываласць на разрыў, сцісканне і інш.). Грунты выкарыстоўваюцца ў якасці асновы будынкаў і збудаванняў, матэрыялу для дарог, плацін, насыпаў, асяроддзя для размяшчэння падземных збудаванняў (тунэляў, сховішчаў, трубаправодаў і інш.). Паняцце «грунт» ужываецца таксама ў адносінах да Месяца (месяцавы грунт) і інш. планет Сонечнай сістэмы.

У.Я.Бардон.

т. 5, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)