Пропаведзь (жанр стараж. л-ры) 12/539

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ПАВЕДЗЬ,

1) прамова свяшчэннаслужыцеля (прапаведніка) у храме перад прыхаджанамі ў канцы літургіі; жанр рэліг. прапаганды. Змяшчае тлумачэнні палажэнняў веравучэння, каментарыі Св. пісання, рэкамендацыі для адпаведных паводзін і дзеянняў. У адрозненне ад малітвы будуецца дастаткова адвольна (не па фіксаваных схеме і тэксце). Рэліг. П. у большай ступені ўздзейнічае на эмоцыі, падсвядомасць, інстынкты (т.зв. нелагічнае перакананне). У пратэстантызме П. — цэнтр. момант богаслужэння; спевы, малітвы, сімвалічныя жэсты суправаджаюць і ўзмацняюць П. Сучасныя П. значную ўвагу звяртаюць на міратворчую, экалагічную і сац.-маральную праблематыку.

2) Дыдактычны твор аратарскага тыпу; бываюць гімнічныя, панегірычныя, павучальныя, апалагетычныя і інш.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАДЗІ́ (Даўлетмамед) (1700—60),

туркменскі паэт і вучоны. Бацька Махтумкулі. Прыхільнік містычнай плыні ў ісламе — суфізму. Займаўся тэорыяй верша. Асн. твор — дыдактычная паэма «Пропаведзь Азадзі» («Вагзі-Азад») — разважанні пра справядлівага правіцеля, маральна-этычныя нормы паводзін, развіццё гандлю і земляробства. Мова паэмы архаічная, насычаная араба-персідскімі элементамі.

т. 1, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РТЭЛЬС (Артур) (1818, Вільня — 23.12.1885),

бел. мастак-карыкатурыст, ілюстратар, польскамоўны паэт-песеннік. Вучыўся ў Пецярбургу, Парыжы. Удзельнік паўстання 1863—64, эмігрыраваў. У эміграцыі напісаў паэму «Палескі тыдзень». Вярнуўшыся з-за мяжы, жыў у Лагойску, Гарадку, Вільні. Літ. творы і малюнкі друкаваў у віленскіх выданнях Я.​Вільчынскага (1850) і Ю.​Крашэўскага. У 1859 выдаў зборнік «Драмы і камедыі». Многія яго песні сталі народнымі. Частка іх надрукавана ў зборніку «Песні і сатыры» (1888). Ф.​Багушэвіч пераклаў на бел. мову яго байку «Свінні і бараны». Аўтар сатыр. малюнкаў і карыкатур (серыі «Чалавек высокага паходжання», «Суседскі абедзік», «Пан Яўген», «Скнара», «Пропаведзь» і інш., надрукаваныя ў «Віленскім альбоме» ў 1858). Да малюнкаў рабіў рыфмаваныя подпісы, у якіх высмейваў застарэлыя звычкі дваран і местачковай шляхты. На выстаўцы 1891 у Мінску экспанаваліся яго малюнкі, у т. л. «Цыганскі табар».

Літ.:

Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии: Очерки. М., 1960.

Л.​Н.​Дробаў.

А.Бартэльс. Пропаведзь. 1844.

т. 2, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСЕ́ЙЛІМА (зневажальнае ад Маслама, ? — 634),

прапаведнік аднабожжа ў Аравіі ў пач. 7 ст., у мусульман — адзін з ілжэпрарокаў. Пачаў сваю пропаведзь адначасова з Мухамедам. Абвясціў сябе прарокам і пасланнікам бажаства Рахмана. Каля 620 жыхары Хаджара прызналі М. сваім духоўным і паліт. правадыром. У 634 войска халіфа Абу Бекра разбіла прыхільнікаў М., сам ён загінуў у бітве.

т. 11, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЗА́НЕ РУ́СКЕ СХІЗМАТЫ́ЧНЭ»,

ананімны бел. празаічны твор сярэдзіны 18 ст. Адкрыты ў 1974. Створаны, відаць, у Віцебску, стылізаваны пад праваслаўную («схізматычную» — раскольніцкую) пропаведзь. У ім выявілася антыпольская арыентацыя аўтара, які ўслаўляў дзейнасць Пятра I. Асуджалася крывадушнасць мясц. феадалаў (асабліва прыгонніцы А.​Скарынкавай), якія сваю амаральнасць прыкрывалі маскай набожнасці. Напісана лацінкаю, уключае шмат лац. слоў і павучанняў, рус. лексіку. Рукапіс зберагаецца ў б-цы АН Літвы.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 7, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«А́РМІЯ ВЫРАТАВА́ННЯ»

(англ. Salvation Army),

міжнародная рэлігійна-філантрапічная арг-цыя. Засн. ў 1865 у Лондане англ. прапаведнікам-метадыстам У.​Бутсам, да 1878 наз. Хрысціянская місія. Дзейнасць арг-цыі пабудавана паводле ваен. прынцыпу (кіраўнік мае званне генерала). У рабоце спалучае пропаведзь Евангелля і практычную сац. службу, накіраваную на аблягчэнне становішча тых, хто церпіць нястачу і мае патрэбу ў дапамозе (арганізацыя грамадскіх сталовак, начлежак, бальніц, школ і г.д.). Дзейнічае ў 96 краінах, налічвае больш за 14 тыс. карпусоў-прыходаў (1994). Штаб-кватэра ў Лондане.

т. 1, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬДЭ́С ЛЕА́ЛЬ [Valdés Leal; сапр. Ніса

(Nica)] Хуан дэ (4.5.1622, г. Севілья, Іспанія — 15.10.1690),

іспанскі жывапісец. Вучыўся ў Кордаве. Пісаў карціны для манастыроў (у капэле брацтва Ла Карыдад у Севільі, каля 1679, і інш.). У яго творах «Узнясенне Марыі» (1655), «Зняцце з крыжа», «Хрышчэнне Хрыста» (1660-я г.), «Хрыстос сярод кніжнікаў» (1686) знайшоў адлюстраванне крызіс ісп. мастацтва 2-й пал. 17 ст. Экзальтаваная рэліг. пропаведзь тленнасці быцця ў іх спалучаецца з мудрагелістай фантазіяй, барочныя эфекты асвятлення — з натуралістычнымі дэталямі.

Х. дэ Вальдэс Леаль. З цыкла карцін для капэлы брацтва Ла Карыдад у Севільі. Каля 1679.

т. 3, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКО́СТА (Acosta),

да Коста (da Costa) Урыэль (каля 1585, Партугалія — 1640), нідэрландскі мысліцель-вальнадумец. Нарадзіўся ў яўр. сям’і, якая прыняла каталіцызм. У 1614 уцёк у Нідэрланды, перайшоў ва іудаізм. За крытыку догмаў іудаізму, пропаведзь «натуральнай рэлігіі» двойчы адлучаны ад сінагогі, яго кн. «Выпрабаванне фарысейскіх традыцый у параўнанні з пісаным законам» (1624) публічна спалена. Аўтар твораў «Тэзісы супраць традыцыі», «Пра смяротнасць душы чалавечай» (1623), «Прыклад чалавечага жыцця» і інш. Акоста крытыкаваў тлумачэнне рабінамі веравучэння Майсея, адмаўляў бессмяротнасць душы і замагільнае жыццё, гал. прынцыпамі чалавечага жыцця абвяшчаў розум і любоў да бліжняга. Скончыў жыццё самагубствам. Погляды Акосты паўплывалі на развіццё вальнадумства ў Зах. Еўропе, на ідэйную эвалюцыю Б.​Спінозы.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛІЙ ВЯЛІ́КІ (Basileios Megas),

Васілій Кесарыйскі (каля 330, г. Кесарыя, М. Азія — 1.1.379), царкоўны дзеяч, тэолаг, філосаф-платонік, адзін з айцоў царквы. Епіскап г. Кесарыя (з 370). Выступаў супраць арыянства, прапаведаваў аскетызм, падтрымліваў манаства. Прапаведуючы хрысціянства, выкарыстоўваў традыцыі ант. рыторыкі. Асн. працы: «Любамудрасць» (з Грыгорыем Багасловам) і «Супраць Еўнамія». У іх і гутарцы «Шастаднеў» выклаў асновы хрысц. касмалогіі, даваў парады па царк. дзейнасці і настаўленні. Распрацаваў варыянт літургіі (прынята ў праваслаўі і цяпер), рэгламентаваў правілы манастырскага жыцця. Лічыў, што ў інтарэсах хрысціянства магчыма «карыснае выкарыстанне» ант. культуры (пропаведзь «Да юнацтва»). Яго працы паўплывалі на развіццё слав. літаратур.

Тв.:

Рус. пер.: — Творения иже во святых отца нашего Василия Великого... // Творения святых отцов. М., 1843—1915. Т. 5—11.

т. 4, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)