ПРО́ПАВЕДЗЬ,
1) прамова свяшчэннаслужыцеля (прапаведніка) у храме перад прыхаджанамі ў канцы літургіі; жанр рэліг. прапаганды. Змяшчае тлумачэнні палажэнняў веравучэння, каментарыі Св. пісання, рэкамендацыі для адпаведных паводзін і дзеянняў. У адрозненне ад малітвы будуецца дастаткова адвольна (не па фіксаваных схеме і тэксце). Рэліг. П. у большай ступені ўздзейнічае на эмоцыі, падсвядомасць, інстынкты (т.зв. нелагічнае перакананне). У пратэстантызме П. — цэнтр. момант богаслужэння; спевы, малітвы, сімвалічныя жэсты суправаджаюць і ўзмацняюць П. Сучасныя П. значную ўвагу звяртаюць на міратворчую, экалагічную і сац.-маральную праблематыку.
2) Дыдактычны твор аратарскага тыпу; бываюць гімнічныя, панегірычныя, павучальныя, апалагетычныя і інш.
т. 13, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)