ХЛЫСТЫ́ (скажонае ад «хрысты», саманазва «людзі божыя»),

рэлігійная секта. Узнікла ў Расіі ў канцы 17 ст. сярод сялян нечарназёмнай паласы. Заснавальнік кастрамскі селянін Д.​Філіповіч. Аснова веравызнання Х. — уяўленне пра магчымасць прамой сувязі чалавека са «святым духам» і ўвасаблення «духа» ў пэўных людзях, якія становяцца для Х. «хрыстамі» і «багародзіцамі». Гал. месца ў ідэалогіі займае пропаведзь аскетызму. Х. не прызнаюць святароў і пакланення святым, адхіляюць свяшчэнныя і царк. кнігі, аднак дапускаюць наведванне правасл. цэркваў. Сходы Х. праходзяць у форме «радзенняў» (малітвы са скокамі). У Расіі ў пач. 20 ст. было каля 40 тыс. Х. У СССР іх колькасць рэзка скарацілася. Невял. абшчыны Х. захаваліся ў Тамбоўскай, Самарскай, Арэнбургскай абл. Расіі, Паўн. Каўказе і на Украіне.

т. 17, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)