духоўны гімн нямецкай пратэстанцкай царквы. Спяваўся ўсёй абшчынай на роднай (ням.) мове, напачатку аднагалосна, пазней на 4 галасы ў строгім акордава-гарманічным складзе. Асн. крыніцамі П.х. былі ням. і лац. духоўныя песні, грыгарыянскія спевы ў ням. перакладах; ужывалася тэхніка кантамінацыі (стварэнне новага тэксту да вядомай мелодыі рэлігійнага ці свецкага паходжання).
Узнік у Германіі ў 16 ст. ў эпоху Рэфармацыі і Сялянскай вайны 1524—25. Выконваў ключавую функцыю ў кульце рэфармацыйнай царквы. аналагічную грыгарыянскаму харалу ў каталіцкай царкве. П.х. роднасны духоўным гусіцкім (Чэхія), фламандскім, гугеноцкім (Францыя), пурытанскім (Англія), і інш. песням рэфармацыйных плыней. Найважнейшую ролю ў фарміраванні і прапагандзе рэпертуару П.х. адыгралі М.Лютэр і І.Вальтэр, распачаўшы друкаванне зб-каў П.х. «Erfurter Enchiridien» («Эрфурцкія Энхірыдыёны»), «Geystliches Gesangk Büchleyn» («Кніжачка Духоўных спеваў», 1524). За першыя дзесяцігоддзі Рэфармацыі з’явілася больш за 200 канцыяналаў (Г.Люфта, І.Клюга, Г.Рау, В.Бабста і інш.). У 16—18 ст. П.х. стаў асновай стварэння жанраў харальнай апрацоўкі: харальная прэлюдыя, матэт, кантата, канцэрт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛА́НХТАН (Melanchthon; сапр.Шварцэрд; Schwarzerd) Філіп
(16.2.1497, г. Брэтэн, Германія — 19.4.1560),
нямецкі гуманіст, пратэстанцкі тэолаг, рэарганізатар школьніцтва ў Германіі. Вучыўся ў Гайдэльбергу і Цюбінгене. З 1518 праф. Вітэнбергскага ун-та. Яго лекцыі далі пачатак рэформе школьніцтва, заснаванай на гуманістычных ідэалах выхавання чалавека, за што ён празваны «настаўнікам Германіі». З 1519 прыхільнік М.Лютэра, адзін з тэарэтыкаў лютэранства, асн. палажэнні якога выклаў у працах «Агульныя прынцыпы тэалогіі» (1521, першы пратэстанцкі катэхізіс), «Кароткі выклад хрысціянскага вучэння» (1524), «Аўгсбургскае вызнанне» (1530). Пасля смерці Лютэра (1546) узначаліў лютэранскі рух, адзін з ініцыятараў Аўгсбургскага рэлігійнага міру 1555. У адрозненне ад Лютэра прызнаваў неабходнасць добрых учынкаў і ўзаемадзеяння свабоднай волі чалавека з Божай ласкай, што парадзіла супраць яго апазіцыю ў колах фанатычных прыхільнікаў Лютэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНК (Franck) Себасцьян (20.1.1499, Донаўвёрт, Германія — 1542 ці 1543),
нямецкі пісьменнік, філосаф, дзеяч Рэфармацыі. Каталіцкі святар, потым пратэстанцкі прапаведнік, але адмаўляў догматы лютэранства і ў 1528 далучыўся да анабаптыстаў. З 1539 жыў у г. Базель (Швейцарыя). Аўтар твораў «Хроніка, аналы і гістарычная біблія» (1531), «Парадоксы» (1533), «Касмаграфія» (1533), «Нямецкая хроніка» (1538), «Прымаўкі» (1541) і інш., у якіх выступаў з пазіцый гуманізму, містыкі, супраць царк. дагматыкі і іерархіі, прыватнай уласнасці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРА́Л (ням. Choral ад позналац. cantus choralis харавое песнапенне),
1) традыц. (кананізаванае) аднагалосае песнапенне на лац. мове ў рымска-каталіцкай царкве (гл.Грыгарыянскі харал) і на роднай мове ў пратэстанцкай царкве (гл.Пратэстанцкі харал), якое з’яўлялася ч. богаслужэння. Стаўшы прадметам перапрацовак, складаў тэматычную і канструкцыйную глебу твораў прафес.муз. мастацтва амаль да класіцызму.
2) Вак. шматгалосая (хар.) апрацоўка аднагалосага Х. Часта састаўная ч. араторый, кантат, «страсцей». Майстар хар. апрацоўкі І.С.Бах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЫ́КАЛА (Agricola) Мікаэль (сапр.Сіманс; каля 1508—10, г. Перная, Фінляндыя — 9.4.1557),
пачынальнік Рэфармацыі ў Фінляндыі, роданачальнік фінскай л-ры і літ. мовы. У 1536—39 вучыўся ў Вітэнбергскім ун-це ў ням. дзеячаў Рэфармацыі Лютэра і Меланхтана. Першы пратэстанцкі лютэранскі епіскап у Фінляндыі (з 1554 епархія Аба). Выдаў першы буквар фін. мовы (1542), пераклады на фін. мову малітоўнікаў, Новага Запавету (1548), часткі Старога Запавету (1551—52) з вершаванымі прадмовамі, нарысамі па гісторыі, культуры, язычніцкіх вераваннях Фінляндыі, календаром і агранамічнымі звесткамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТ (Barth) Карл (10.5.1886, г. Базель, Швейцарыя — 10.12.1968),
швейцарскі пратэстанцкі тэолаг, адзін з заснавальнікаў дыялектычнай тэалогіі. Ставіў задачу адраджэння евангелічнай традыцыі на аснове рэфарматарскіх ідэй М.Лютэра і Ж.Кальвіна. У працы «Пасланне апостала Паўла да рымлян» (1918; выкарыстаны ідэі С.К’еркегора) боскае і чалавечае трактуе як несувымерныя велічыні: прадмет боскага адкрыцця і чалавечых ведаў розны, вера ёсць адважны скачок у няведанне. Сфарміраваныя ім прынцыпы пратэстанцкай неартадоксіі падтрымалі тэолагі Э.Брунер, Р.Бультман, Р.Нібур, П.Тыліх і інш. Прыхільнік хрысц. сацыялізму, натхніцель хрысц. супраціўлення фаш. рэжыму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДНЫ Бенеш, дзеяч бел. культуры 16—17 ст., пісьменнік, перакладчык. Нарадзіўся, верагодна, у мяст. Лоск (цяпер у Валожынскім р-не Мінскай вобл.). Скончыў Кёнігсбергскі пратэстанцкіун-т. Да 1594 жыў пры двары бел. магнатаў Ф.Скуміна, А.Храптовіча, потым служыў у М.К.Радзівіла. Яго асн. твор «Кароткія і ясныя аповесці, якія па-грэчаску называюцца «Апафегматы» (Вільня, 1599) у 17 ст. вытрымаў 11 выданняў, у 1711 па загадзе Пятра I перакладзены на рус. мову і надрукаваны ў Маскве. Гэта філас.-этычныя сентэнцыі з нагоды вучэння ці жыцця ант. філосафаў і паліт. дзеячаў. Будны спрабаваў хрысціянізаваць ант. этыку і на аснове сінтэзу духоўных каштоўнасцяў антычнасці і хрысціянства выпрацаваць агульначалавечыя прынцыпы і нормы маралі, карысныя для ўсіх эпох. Пераклаў трактаты Цыцэрона «Аб старасці» (1956 1596), «Аб дружбе» (1603).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСІ́ЦКІ (Łasicki) Ян (каля 1534, в. Ласіцы Сахачоўскага пав. Раўскага ваяв., Польшча — пасля 1599),
польскі гісторык, бібліёграф, пратэстанцкірэліг. дзеяч. У 1556—61 вучыўся ва ун-тах Страсбурга, Жэневы, Лазаны, Цюрыха, Парыжа, Падуі і інш. Займаўся кнігазнаўствам, напісаў некалькі кніг па гісторыі вывучэння рэлігіі (пераважна кальвінізму). З 1581 у Вільні. Быў настаўнікам і выхавальнікам сыноў мінскага кашталяна Я.Глябовіча. Апошнія гады жыцця правёў у Заслаўі каля Мінска, цікавіўся этнаграфіяй народаў Рэчы Паспалітай, тэорыяй культуры. Пісаў на лац. мове. У зб. прац розных аўтараў, куды ўключыў і сваю «Пра рэлігію, ахвярапрынашэнне, вясельныя і пахавальныя абрады русінаў, маскавітаў і татараў...» (1582), апісваюцца (часам з акцэнтацыяй увагі на негатыўным) сямейныя абрады, нар. адзенне, стравы і інш. бакі матэрыяльнай культуры беларусаў, асаблівасці архітэктуры Полацка, Вільні і інш. гарадоў. Яго твор «Пра багоў самагітаў, іншых сарматаў і несапраўдных хрысціян» (1615) пра свет язычніцкіх вераванняў жыхароў тагачаснай Літвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДНЫ Сымон (каля 1530, в. Буды, цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча — 13.1.1593),
дзеяч бел. культуры, гуманіст, філосаф, асветнік; актыўны ўдзельнік рэфармацыйнага руху; адзін з заснавальнікаў навук. крытыкі Бібліі. Скончыў Кракаўскі ун-т (паступіў у 1544), магчыма, і Базельскі пратэстанцкіун-т. З 1558 выкладаў на бел. мове ў пратэстанцкай школе ў Вільні, з 1560 кальвінісцкі прапаведнік у Клецку. Заснавальнік (з Л.Крышкоўскім і М.Кавячынскім) Нясвіжскай друкарні, дзе выдаў на бел. мове «Катэхізіс», свае творы «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» і інш. Незадаволены памяркоўнасцю кальвінізму, перайшоў на радыкальныя пазіцыі антытрынітарызму. З 1573 прапаведнік у Лоску (Валожынскі р-н). У 1574 у створанай ім Лоскай друкарні надрукаваў свой пераклад Новага Запавету з прадмовай, каментарыямі і заўвагамі, уласныя творы «Пра дзве сутнасці Хрыста», «Супраць хрышчэння дзяцей», «Кароткі доказ, што Хрыстос не з’яўляецца такім жа Богам, як айцец...» і інш. Меў сяброўскія кантакты з І.Фёдаравым і П.Мсціслаўцам, вёў перапіску з багасловам Арцеміем, Феадосіем Касым, удзельнічаў у рабоце арыянскіх сінодаў, дыспутах з езуітамі, палемізаваў з ідэолагамі арыянства Пятром з Ганёндза, Якубам з Калінаўкі, М.Чаховіцам. Ідэі Буднага паўплывалі на развіццё еўрап. рацыяналізму 17 ст., садзейнічалі фарміраванню вальнадумства. Як прадаўжальнік традыцый Ф.Скарыны, выступаў за роўнасць усіх саслоўяў перад законам і справядлівасць правасуддзя. Яго паліт. ідэал — асветная манархія. Не адмаўляючы сутнасці прыгонніцтва, патрабаваў абмежавання феад. самавольства. Лічыў, што простаму народу патрэбны мір, што феадалы павінны клапаціцца пра яго адукацыю. Шмат зрабіў для развіцця бел. мовы, выступаў за выкарыстанне жывой нар. мовы ў рэліг. пісьменстве і царк. набажэнствах, за ўсебаковае супрацоўніцтва ўсіх славянскіх народаў.
Літ.:
Парэцкі Я.І. Сымон Будны. Мн., 1975;
Саверчанка І.В. Сымон Будны: Гуманіст і рэфарматар. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮТЭРА́НСТВА,
адзін з кірункаў пратэстантызму. Узнікла ў пач. 16 ст. ў Германіі ў перыяд Рэфармацыі. Назва ад імя заснавальніка М.Лютэра. Канчаткова веравучэнне выкладзена ў 1530 у «Аўгсбургскім спавяданні». Гал. пастулат тэалогіі Л. — выратаванне асабістай верай, якое даруецца Богам, без дапамогі царквы. Сувязь Бога і чалавека набывае ўнутраны, асабісты характар, царква перастае быць пасрэднікам паміж Богам і індывідам. Усе вернікі прызнаюцца роўнымі перад Хрыстом, святары страчваюць становішча асобага саслоўя, адмаўляюцца каталіцкая іерархія, манаства, бясшлюбнасць святароў. Рэліг. суполкі самі запрашаюць пастараў і выбіраюць кіруючыя органы — кансісторыі. Крыніцай веравучэння з’яўляецца Біблія, якую вернік мае права самастойна тлумачыць. У кірхах (храмах) няма абразоў. З 7 таінстваў каталіцкай царквы засталіся хрышчэнне і прычасце. Набажэнства вядзецца на роднай мове. У кульце Л. ўвасабляецца прынцып таннай царквы.
У Беларусь Л. пачало пранікаць у 1520-я г. з Лівоніі і Усх. Прусіі; трапляла і непасрэдна з Германіі праз студэнтаў з ВКЛ, якія навучаліся ў ням. ун-тах, асабліва ў Лейпцыгскім. Першым значным прапаведнікам Л. ў ВКЛ быў А.Кульва, які выкладаў вучэнне Лютэра ў сваёй школе ў Вільні. У 1544 ва Усх. Прусіі быў адкрыты пратэстанцкі Кёнігсбергскі ун-т, які значна паспрыяў распаўсюджванню Л. ў ВКЛ і Польшчы. Тут было некалькі кафедраў з навучаннем на польскай, літ. і бел. мовах, устаноўлена некалькі стыпендый для выхадцаў з Беларусі, Літвы і Польшчы, друкавалася пратэстанцкая л-ра. 3 сярэдзіны 1550-х г. лютэранскія суполкі з’явіліся ў Вільні, Мінску, Слуцку і інш. У канцы 16 ст. на тэр.ВКЛ было ад 5 да 8 суполак. Л. было пашырана сярод гараджан, у меншай ступені сярод шляхты. Гал. кіруючым органам лютэранскай царквы ў ВКЛ была выбраная на сінодзе Літоўская кансісторыя на чале з прэзідэнтам (пазней суперінтэндантам). У час рэліг. ганенняў у 17—18 ст. лютэране супрацоўнічалі з кальвіністамі і праваслаўнымі, карысталіся падтрымкай Прусіі і Расіі; колькасць вернікаў у гэтыя часы значна скарацілася. У пач. 20 ст. ў Беларусі заставаліся адзінкавыя лютэранскія суполкі, частка іх існавала ў Зах. Беларусі да 1940-х г.; вернікі былі пераважна ням. нацыянальнасці. У 1990-я г. Л. стала адраджацца. На 1.1.1997 у Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваны 3 лютэранскія суполкі: у Віцебску, Гродне, Мінску.
Літ.:
Чанышев А.Н. Протестантизм. М., 1969;
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Kosman M. Reformacja i kontrreformacja w Wielkim Księstwie Litewskim. Wrocław etc., 1973.