ПРАТЭКТАРА́Т (ад лац. protektor абаронца, заступнік),
форма залежнасці адной дзяржавы ад другой. Пры П. фармальна захоўвалася бачнасць дзяржаўнасці, але за пратэктарам прызнаваліся шырокія правы і паўнамоцтвы на ўмяшанне ва ўнутр. справы дзяржавы, якая пратэжыруецца. Пратэктар, як правіла, прысвойваў сабе многія сферы дзярж. дзейнасці: знешнія зносіны, вярх.ваен. камандаванне, правасуддзе, збіранне некаторых падаткаў і інш. Усе гэтыя функцыі кіравання былі падсправаздачныя рэзідэнту пратэктара. П. быў этапам на шляху ўстанаўлення каланіяльнага панавання ў дзяржавах, супраціўленне якіх каланізатарам не ўдавалася адразу і поўнасцю пераадолець. Напр., у Мадагаскары П. 1885—96 папярэднічаў устанаўленню Францыяй там свайго каланіяльнага панавання; японскі П., устаноўлены ў Карэі ў 1905, папярэднічаў яе анексіі ў 1910. Нацысцкая Германія ўстанавіла свой П. у Чэхіі і Маравіі пасля таго, як акупіравала іх. У канцы 20 ст. П., як і любая форма каланіяльнай залежнасці, не існуе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПСКІ ГРЫГАРЫЯ́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна са старэйшых рым.-каталіцкіх навучальных устаноў. Знаходзіцца ў Ватыкане. Засн. ў 1551 І.Лаёлам і Ф.Борджа як Collegium Romanum (Рымскі каледж), папам Юліем III пераўтвораны ва ун-т. Атрымаў падтрымку ад папы Грыгорыя XIII, які ў 1682 выдзеліў яму значную суму з папскай казны і перадаў шэраг будынкаў. У 1926 у склад ун-та ўключаны Вышэйшы ін-трэліг. культуры, у 1928 — Папскі ін-тусх. даследаванняў (засн. ў 1917), у 1955 — Папскі біблейскі ін-т (засн. ў 1909). Кіруе П.Г.у. ордэн езуітаў. За дзейнасць ун-та адказваюць перад рым. курыяй генерал ордэна езуітаў і прызначаны папам кардынал-пратэктар. Рыхтуе кадры для цэнтр. і перыферыйных царк. устаноў. У П.Г.у. ў розны час вучыліся бел. святары К.Маскалік, А.Надсон, А.Неманцэвіч, Т.Падзява, Я.Рэшаць, Ч.Сіповіч, У.Тарасевіч, Ф.Чарняўскі інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́МВЕЛЬ ((Cromwell) Олівер) (25.4.1599, г. Хантынгдан, Вялікабрытанія — 3.9.1658),
дзеяч першай з Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Скончыў Кембрыджскі ун-т. З 1640 дэп.Доўгага парламента. Адзін з лідэраў руху супраць абс. манархіі Карла I, ініцыятар стварэння парламенцкай арміі (сфарміраваў яе ядро — кав. полк), якая разбіла войскі караля ў 1-й (1642—46) і 2-й (канец 1647 — пач. 1649) грамадз. войнах. Садзейнічаў пакаранню смерцю Карла I і абвяшчэнню Англіі рэспублікай (1649). З 1650 лорд-ген. (галоўнакаманд. ўсімі ўзбр. сіламі). Задушыў рухі левелераў і дыгераў, Ірландскае паўстанне 1641—52, паўстанне ў Шатландыі (1650—52). З снеж. 1653 лорд-пратэктар (фактычна дыктатар) Англіі, Ірландыі і Шатландыі. Пры ім прыняты Навігацыйны акт 1651 (гл.Навігацыйныя акты), адбылася англа-галандская марская вайна 1652—54 (гл.Англа-галандскія войны 17 стагоддзя), англічане заваявалі в-аў Ямайка (1655) і г. Дзюнкерк (1658, цяпер Францыя). Пасля смерці К. рэспубліку кароткі час (вер. 1658 — май 1659) узначальваў яго сын Рычард (1626—1712).
Літ.:
Павлова Т.А. Кромвель. М., 1980;
Ковард Б. Оливер Кромвель: Пер. с англ. Ростов н/Д, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАў тэхніцы,
прыстасаванне ў выглядзе дыска ці вобада са спіцамі, насаджанага на вось; адзін з асн. элементаў наземных трансп. сродкаў (аўтамабіляў, вагонаў, матацыклаў, веласіпедаў і інш.), многіх тэхн. механізмаў і машын. Паводле роду дзеяння ў машынах і прыладах К. падзяляюцца на перадатачныя, прызначаныя для перадачы намаганняў (зубчастыя колы), антыфрыкцыйныя — памяншаюць трэнне паміж целамі, што рухаюцца (блокі, накіравальныя ролікі), транспартныя — ператвараюць вярчальны рух, што ствараецца рухавіком, у паступальны рух машыны. К. сучаснага аўтамабіля маюць складаную будову; К. чыг. вагонаў — стальныя, звычайна суцэльныя, нерухома замацаваныя на восі, разам з якою рухаюцца ў буксах. Набываюць пашырэнне (пераважна ў вагонах метрапалітэна) пругкія метал. К.
К. разам з вінтом і рычагом — адна з найвялікшых вынаходак чалавецтва. Для трансп. мэт выкарыстоўваецца з 4-га тыс. да н.э. (Месапатамія). Папярэднік К. — каток, які падкладваўся пад груз пры яго перамяшчэнні. Каб палепшыць качэнне, сярэднюю ч. катка рабілі больш тонкаю, чым крайнія часткі. Такі каток быў заменены воссю з насаджанымі на яе К. Каб аблегчыць К., яго пачалі рабіць састаўным — з калодкі, што насаджваецца на вал, вобада і злучальных спіц. Павелічэнне трываласці вобада дасягалася метал. шынаю, якая пазней заменена гумавай і больш дасканалай пнеўматычнай. З старажытнасці К. — найважнейшы элемент большасці рабочых машын (калёсы, ганчарны круг, жорны, млыны, калаўрот). Вял. ролю яно адыграла як вадзяны (гл.Вадзяное кола) і паветраны рухавік (гл.Ветрарухавік). Спец. канструкцыі К. выкарыстоўваюцца ў сучасных турбінах (гідраўлічных, газавых, паравых) як асн. рабочая частка. К. стала асн. тыпам рухача ў трансп., с.-г. (колавых трактарах, камбайнах, прычэпах і інш.) і ваен. машынах (колавых цягачах, бронетранспарцёрах і да т.п.). Прынцып перамяшчэння з дапамогай К. выбраны для першых трансп. машын, прызначаных для выкарыстання на інш. планетах (напр., у «Месяцаходзе»).
Літ.:
Добронравов Н.И. Беседа о колесе. М.; Л., 1951.
У.М.Сацута.
Будова аўтамабільнага кола: 1 — унутраны слой шыны; 2 — дрот, які прыціскае борт шыны да калодкі; 3 — корпус шыны; 4 — узмацняльныя пракладкі; 5 — пратэктар; 6 — калодка.